Як набіралі платнікаў на ІТ-спецыяльнасці БДУІР, БДУ, БНТУ. І дзе недабор
У беларускіх ВНУ завяршыўся прыём дакументаў на дзённае платнае аддзяленне. У БДУІР недабор адразу на трох факультэтах, хоць ахвотных вучыцца за грошы крыху больш, чым год таму. Таксама ёсць недабор у БНТУ. Паглядзелі падрабязней.
БДУІР
План набору на дзённую платную форму навучання ў БДУІР змяніўся мінімальна. Калі летась для платнікаў было выдзелена 1042 месцы, то сёлета — 1050.
Напрыклад, набор на факультэт камп’ютарных сістэм і сетак (асноўны факультэт па падрыхтоўцы праграмістаў) вырас з 255 да 265 чалавек. Таксама павялічылася колькасць месцаў для платнікаў на факультэце інфакамунікацый (з 57 да 72). А вось набор на факультэт інфармацыйных тэхналогій і кіравання ўпаў з 235 да 220.
Усяго абітурыенты падалі 1206 заяў — на 3,6% больш, чым год таму (1163 — у 2021 годзе). Колькасць заявак на самыя папулярныя факультэты амаль не змянілася ў параўнанні з мінулым годам. А больш за ўсё вырасла колькасць ахвотных вучыцца на факультэце інфакамунікацый (з 38 да 57).
Агульны конкурс на дзённае платнае аддзяленне ў БДУІР склаў 1,15 чалавека на месца. Летась ён быў амаль такім жа (1,12 чалавека на месца).
Пры гэтым, нягледзячы на рост заяў, на трох факультэтах недабор. Як і летась, конкурс менш за аднаго чалавека склаўся на факультэтах камп’ютарнага праектавання, інфакамунікацый, радыётэхнікі і электронікі. Але пры канчатковым зацвярджэнні спісу студэнтаў першага курса вакантныя месцы будуць запоўненыя.
Самыя папулярныя / непапулярныя спецыяльнасці
Самая папулярная спецыяльнасць сярод абітурыентаў-платнікаў у БДУІР — «Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій». На 65 месцаў абітурыенты падалі 211 заяў. Конкурс складае 3,2 чалавека на месца. Летась на 60 месцаў было пададзена 216 заяў, конкурс склаў 3,6 чалавека на месца.
На другім месцы паводле папулярнасці, як і летась — «Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі (у гульнявой індустрыі)»: 159 заяў на 90 месцаў, конкурс 1,77 чалавека на месца. Таксама ў топ-3 — «Інфарматыка і тэхналогіі праграмавання». Абітурыенты падалі 118 заяў на 85 месцаў, конкурс — 1,39 чалавека на месца.
Самымі непапулярнымі спецыяльнасцямі аказаліся «Радыётэхніка (праграмаваныя радыёэлектронныя сродкі)», «Інфакамунікацыйныя сістэмы (стандартызацыя, сертыфікацыя і кантроль параметраў)», «Прамысловая электроніка». На 5 выдзеленых месцаў па кожнай спецыяльнасці было пададзена ўсяго па адной заяўцы.
Але самы вялікі недабор — сярод ахвотных платна навучацца спецыяльнасці «Электронныя вылічальныя сродкі». На 35 выдзеленых месцаў было пададзена 2 заяўкі.
БДУ
Набор платнікаў на тры асноўныя факультэты, што рыхтуюць спецыялістаў для ІТ-сектара, сёлета амаль такі ж, як і летась — 133 чалавекі.
На факультэце прыкладной матэматыкі і інфарматыкі для платнікаў выдзелена сёлета 70 месцаў. Паводле інфармацыі на сайце ўніверсітэта, ад абітурыентаў пададзена 90 заяў, з іх больш як палова (56 на 35 месцаў) — ад ахвотных навучацца спецыяльнасці «Прыкладная інфарматыка (напрамак — праграмнае забеспячэнне камп’ютарных сістэм)».
Мехмат набірае сёлета 50 платнікаў (40 — летась). Па выніках кампаніі ад абітурыентаў пададзена 48 заяў, больш за ўсё (28 на 25 месцаў) — ад ахвотных навучацца спецыяльнасці «Матэматыка і інфармацыйныя тэхналогіі (вэб-праграмаванне і інтэрнэт-тэхналогіі)».
На факультэце радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій сёлета для платнікаў вылучылі 13 месцаў (18 было ў 2021), паступіла 18 заяў.
БНТУ
Сёлета для платнікаў на факультэце інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі выдзеленыя 102 месцы.
Паводле звестак на сайце ВНУ, абітурыенты падалі 106 заявак. Самая папулярная спецыяльнасць — «Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій». На 40 месцаў было пададзена 72 заяўкі. Па астатніх спецыяльнасцях — недабор.
Напрыклад, ахвотныя платна навучацца спецыяльнасці «Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі (у праектаванні і вытворчасці)» падалі ўсяго 11 заявак (на 25 выдзеленых месцаў).
Для навучання спецыяльнасці «Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі (у апрацоўцы і паданні інфармацыі)» універсітэт вылучыў таксама 25 месцаў, ад абітурыентаў паступіла 16 заяў.
Читать на dev.by