Конкурс у БДУІР у 2023. На некаторыя спецыяльнасці — 8 чалавек на месца
Беларускія ВНУ завяршылі прыём дакументаў на бюджэтную форму навучання. У БДУІР нязначна вырас конкурс у параўнанні з мінулым годам, а таксама колькасць заяў ад абітурыентаў. Паглядзелі падрабязней.
Сёлета набор першакурснікаў у БДУІР змяніўся мінімальна. Усяго ВНУ плануе прыняць 2894 чалавекі. У 2022 годзе план набору складаў 2886 студэнтаў.
Для навучання на дзённай бюджэтнай форме для першакурснікаў выдзелена 1065 месцаў (яшчэ 40 месцаў зарэзервавана для мэтавікоў). У параўнанні з мінулым годам план набору студэнтаў адрозніваецца нязначна (у 2022 — 1077 месцаў плюс 26 месцаў для мэтавікоў).
Колькасць ахвотных навучацца на бюджэце ў БДУІР крыху вырасла ў параўнанні з мінулым годам. На выдзеленыя бюджэтныя месцы пададзена 1577 заяў ад абітурыентаў — на 8% больш, ніж у 2022 годзе (тады было пададзена 1460 заяў). Што праўда, гэта менш, ніж у 2021 годзе, калі было пададзена 1900+ заяў.
Папулярныя/непапулярныя факультэты
Факультэт камп’ютарных сістэм і сетак застаецца самым папулярным. Абітурыенты падалі 543 заявы — на 10% больш, ніж год таму (494).
Больш за ўсё (на 20%) вырасла колькасць заяў ад абітурыентаў, якія хочуць вучыцца на факультэце інфармацыйных тэхналогій і кіравання.
Самыя непапулярныя — інжынерна-эканамічны факультэт і факультэт радыётэхнікі і электронікі. Ахвотных вучыцца на ІЭФ менш у параўнанні з мінулым годам на 20%, на РЭФ — на 22%.
Конкурс
Агульны конкурс на дзённую бюджэтную форму навучання ў БДУІР сёлета (без уліку мэтавікоў) 1,48 чалавека на месца. Летась ён быў крыху ніжэйшым — 1,36 чалавека на месца.
Але сёлета адразу для 147 чалавек, мяркуючы са статыстыкі БДУІР, ужо зарэзерваваныя бюджэтныя месцы. Гаворка вядзецца пра абітурыентаў, якія паступаюць па-за конкурсам або без уступных экзаменаў. Летась такіх абітурыентаў было ў 4 разы менш — 34 чалавекі.
У лютым гэтага года Мінадукацыі пашырыла пералік спецыяльнасцяў, на якія могуць залічаць у ВНУ без экзаменаў. Усяго ў абноўлены пералік увайшлі 53 спецыяльнасці, найбольш запатрабаваныя эканомікай.
У БДУІР пяць такіх спецыяльнасцяў: «электронныя сістэмы і тэхналогіі», «мікра- і нанаэлектроніка»; «нанатэхналогіі і нанаматэрыялы»; «радыёсістэмы і радыётэхналогіі»; «інжынерна-педагагічная дзейнасць» (на завочнай скарочанай форме навучання).
Паступіць у ВНУ без экзамену могуць, у прыватнасці:
- залатыя (сярэбраныя) медалісты (па выніках заканчэння сярэдняй школы);
- уладальнікі дыплома аб прафесійна-тэхнічнай адукацыі з адзнакай або дыплома аб сярэдняй спецыяльнай адукацыі з адзнакай;
- пераможцы і прызёры міжнародных, рэспубліканскіх, універсітэцкіх алімпіяд.
Паглядзелі, які конкурс склаўся на факультэтах БДУІР без уліку месцаў для абітурыентаў, якія будуць залічаныя па-за конкурсам і без экзаменаў.
Самы вялікі конкурс на ФКСіС — больш за 3 чалавекі на месца. Летась было амаль 2,5 чалавекі на месца.
Адразу на двух факультэтах — інжынерна-эканамічным і радыётэхнікі і электронікі — конкурс упаў у параўнанні з мінулым годам. Пры гэтым на РЭФ (а таксама на факультэце інфармацыйнай бяспекі) агульны конкурс з улікам плана набору і колькасці заяў меншы за аднаго чалавека на месца.
Але трэба браць пад увагу, што ў статыстыцы, якую апублікаваў БДУІР, колькасць пададзеных заяў адлюстроўваецца па першай спецыяльнасці, названай абітурыентамі ў заяве. Пры канчатковым залічэнні ўсе бюджэтныя месцы будуць размеркаваныя. У БДУІР удакладнілі, што «конкурс адбыўся па ўсіх 15 спецыяльнасцях».
Папулярныя і непапулярныя спецыяльнасці
Сёлета БДУІР удвая скараціў колькасць спецыяльнасцяў.
Больш за ўсё заяў было пададзена ад ахвотных навучацца на ФКСіС спецыяльнасці «праграмная інжынерыя» — 270 на 46 месцаў. Конкурс склаў амаль 6 чалавек на месца.
Самы вялікі конкурс зафіксаваны на ФІТУ сярод ахвотных навучацца спецыяльнасці «інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі». На 14 бюджэтных месцаў абітурыенты падалі 117 заяў. Конкурс складае больш за 8 чалавек на месца.
Самыя непапулярныя спецыяльнасці — «інфармацыйныя і кіраўнічыя сістэмы фізічных установак» (7 заяў на 20 месцаў) і «нанатэхналогіі і нанаматэрыялы ў электроніцы» (8 заяў на 22 месцы).
Читать на dev.by