Бігтэхі ў 2024 ужо паспелі зарабіць дастаткова, каб выплаціць усе штрафы за 2023
За мінулы год пяць найбуйнейшых тэхналагічных кампаній (Alphabet, Amazon, Apple, Meta і Microsoft) атрымалі прыкладна $3,04 млрд штрафаў па абодва бакі акіяна. Але ўжо за першы тыдзень новага года яны паспелі б цалкам разлічыцца за парушэнні — прычым калі б плацілі па чарзе, палічылі спецыялісты швейцарскай кампаніі Proton. За аснову ўзятыя даныя за папярэднія справаздачныя перыяды.
Даўжэй за ўсіх расплачвалася б Meta — $1,72 млрд на штрафы яна зарабіла крыху больш ніж за 5 дзён і 13 гадзін, але ў яе і самая вялікая сума штрафаў. За гадзіну кампанія Марка Цукерберга зарабляе таксама менш за ўсіх з пяцёркі — амаль $13 млн, а мільярд долараў — прыкладна за 3 дні і 3,5 гадзіны.
Хутчэй за ўсіх з рэгулятарамі разлічылася б Amazon — $111,7 млн яна зарабіла б за 1 гадзіну 50 хвілін. Менш за ўсё штрафаў за 2023 год набралася ў Microsoft — $84 млн. Больш за ўсіх за гадзіну зарабляе Amazon — амаль $62 млн. Яна ж хутчэй за ўсіх зарабляе мільярд — за 16 гадзін 10 хвілін.
Аўтары падкрэсліваюць, што спіс штрафаў пяці кампаній можа быць не вычарпальным — яны сабралі ўсе значныя штрафы за 2023 год, пра якія пісалі буйныя інтэрнэт-выданні. Таксама не ўлічваліся штрафы, выпісаныя ім у Расіі за (не)цэнзуру, напрыклад, невыдаленне матэрыялаў аб нападзе на Украіну. Цалкам даследаванне можна паглядзець тут.
Читать на dev.by