Блогеры стварылі двухметровы працоўны iPhone
Блогеры Арун Майні і Мэцью Перэс вырашылі зрабіць функцыянальную копію iPhone 15 Pro Max, толькі ў гіганцкім памеры. Двухметровая версія абышлася ім больш як у $100 тысяч.
Вышыня атрыманай прылады складае 182 см, а вага — амаль 200 кг. Кніга рэкордаў Гінеса афіцыйна пацвердзіла рэкорд, назваўшы блогераў стваральнікамі самага вялікага смартфона ў свеце.
Гіганцкая версія iPhone абсталяваная камп’ютарам з 24-ядзерным працэсарам Intel Core i9, відэакартай AMD Radeon RX 6950 XT і 128 ГБ аператыўнай памяці.
Смартфон працуе пад кіраваннем АС Bliss, мадыфікаванай версіі Android пад ПК, інтэрфейс якой падобны да iOS. Таксама прылада падтрымлівае Windows.
Экран зроблены на аснове OLED-тэлевізара са спецыяльнай сэнсарнай плёнкай для падтрымкі дотыкаў. Камеры — прафесійныя Canon EOS R5 і Sony RX10 Mark 4.
Майні ўсталяваў гаджат на адной з вуліц Лондана і нават здолеў зрабіць пакупкі праз бескантактавую аплату, патэлефанаваў сябрам і адправіў паведамленні, у тым ліку Ціму Куку.
Читать на dev.by