Bloomberg: расійскія мільярдэры прапанавалі купіць кантрольную долю «Яндэкса»
«Яндэкс» атрымаў ад расійскіх мільярдэраў Уладзіміра Патаніна і Вагіта Алякперава прапанову наконт куплі кантрольнага пакета акцый кампаніі, паведамляе Bloomberg са спасылкай на крыніцы.
Праўленне мацярынскай кампаніі Yandex N.V. абмяркуе гэтую прапанову наступнага тыдня. Але канчатковае рашэнне можа быць прынятае пазней.
РБК звярнуўся ў «Яндэкс», але там адмовіліся ад каментароў. Крыніцы выдання кажуць, што кантроль галасоў мае застацца за камандай менеджменту «Яндэкса» — у асобе спецыяльна створанага фонду. Іншы суразмоўца РБК, знаёмы з ходам абмеркавання ўгоды, паведаміў, што падчас перамоў з інвестарамі агучваўся кошт кампаніі ў $7 млрд.
Патанін і Алякпераў маюць намер набыць не менш за 51% акцый «Яндэкса». Крыніцы Bloomberg адзначылі, што кошт акцый вызначаны з улікам распараджэння ўладаў, паводле якога інвестары з «недружалюбных» краін маюць даць скідку ў 50% пры выхадзе з расійскіх актываў. Yandex N.V. зарэгістраваная ў Нідэрландах, якія лічацца «недружалюбнай краінай» для Расіі.
У лістападзе 2022 года рада дырэктараў Yandex N.V. пачала вывучаць магчымасці змены структуры валодання і кіравання кампаніяй у сувязі з «цяперашняй геапалітычнай абстаноўкай». Акцыянерны капітал кампаніі падзелены паміж сямейным трастам заснавальніка «Яндэкса» Аркадзя Волажа (8,5%) ды іншымі супрацоўнікамі кампаніі (3,2%), астатнія 87,6% знаходзяцца ў свабодным абарачэнні. Пры гэтым сямейны траст Волажа з’яўляецца асноўным уладальнікам акцый з голасам (45,1%), як і сябры рады дырэктараў, службовыя асобы і супрацоўнікі кампаніі (6,6%).
24 лістапада мінулага года кіраўнік Падліковай палаты Аляксей Кудрын на сустрэчы з Уладзімірам Пуціным узгадніў схему падзелу «Яндэкса», якая мела на ўвазе, што Волаж страціць кантроль над расійскай часткай бізнэсу ў абмен на правы на інтэлектуальную ўласнасць у сферы беспілотных, воблачных ды іншых тэхналогій.
Суразмоўцы РБК дапускалі, што долю ў кампаніі могуць атрымаць іншыя інвестары, у тым ліку структуры ўладальніка «Інтэрроса» Уладзіміра Патаніна і саўладальніка групы ПІК Сяргея Гардзеева.
Акцыі «Яндэкса» праз навіны падаражэлі больш як на 5% за асобнік на таргах Маскоўскай біржы.
Читать на dev.by