Купіць фідбэк — ці гэта акей? Айцішнікі спрачаюцца пра платныя «перадсумоўі»

У лінкедзіне новая дыскусія: што, калі б кампаніі дазвалялі кандыдатам за грошы праходзіць «перадсумоўі» і атрымліваць зваротную сувязь — каб падрыхтавацца як след і зайсці ўжо на сапраўднае сумоўе. Што думаеце вы — пішыце ў каментарах.

9 каментарыяў

«Лепш бы загадзя звярнуўся (няхай нават ананімна) да спецыяліста, які б мяне прасумовіў»

CPO і кафаўндар з Казахстана падзяліўся сваёй гісторый пошуку працы: на працягу месяца ён праваліў некалькі сумоўяў. Фідбэку, каб папрацаваць над сабой, — так і не атрымаў. 

Цяпер яму ў галаву прыйшла ідэя: а што было б, калі б кандыдат мог заплаціць за «перадсумоўе» і зваротную сувязь.

— Відавочна, другой спробы зрабіць уражанне ў мяне найбліжэйшым часам не будзе — у топавых кампаніях «бан» пасля сумоўя можа дасягаць паўгода. Каб не марнаваць свой шанец, я б лепш загадзя звярнуўся (няхай нават ананімна) да спецыяліста, які б мяне прасумовіў, падсвятліў мне мае слабыя бакі, і я б пайшоў падцягваць свае веды — і, нават калі крыху пазней, звярнуўся б больш падрыхтаваным. 

Мне здаецца цалкам справядлівым заплаціць за такую падрыхтоўку. Што думаеце? — звярнуўся ён з пытаннем да сваіх падпісчыкаў. 

«Калі зваротнай сувязі не даюць, то і купляць яе ў гэтай кампаніі не трэба»

Пад пастом 100+ каментароў. Аўдыторыя падзялілася: адныя кажуць — так, ідэя добрая. Другія пярэчаць: плаціць за зваротную сувязь — апамятайцеся! Бо яе адсутнасць — гэта ўжо зваротная сувязь: «ты нецікавы кампаніі настолькі, што ім шкада марнаваць час на фідбэк».

— Норм тэма. Я заўсёды пісаў менеджару наймання і прасіў даць фідбэк. Разумеючы, што ў яго дакладна не ў прыярытэце марнаваць на мяне час, пісаў яшчэ некалькі kind reminders. Калі чалавек ігнараваў мае паведамленні, я разумеў, што мы б з ім хутчэй за ўсё не спрацаваліся. А калі знаходзіў час хоць бы на кароткі сумленны фідбэк — рэспект яму.

— Я б не стаў плаціць за зваротную сувязь. Нармальныя кампаніі, як у нас, напрыклад, заўсёды даюць суіскальнікаў фідбэк. У мяне ёсць кейс, калі дзяўчына не прайшла да нас, але прапампавалася з маёй зваротнай сувяззю і знайшла добрую працу. А калі зваротнай сувязі не даюць, то і купляць яе ў гэтай кампаніі не трэба.

Яшчэ частка аўдыторыі кінулася ў развагі пра тое, што найманне — працэс складаны, у кожнага інтэрв’юера сваё бачанне. І «нават у класных кіраўнікоў бываюць дзіўныя фантазіі з нагоды таго, якімі якасцямі мае валодаць кандыдат». 

— Маё меркаванне: ці возьмуць вас, ці не, ці прапусцяць на наступнае інтэрв’ю, не заўсёды напрамую звязана з вашымі кампетэнцыямі — вялікую ролю адыгрывае асабісты фактар і патрэбы кампаніі. 

Напрыклад: кампанія маленькая, з чаго вынікае, што трэба выконваць некалькі функцый адначасова — і без пытанняў. З інтэрв’ю ў эйчара не склалася меркаванне, што вы да гэтага гатовыя — і не таму што вас напрамую пра гэта спыталі. Чаму яно не склалася, вы наўрад ці даведаецеся. Ну і назіранне: чым вышэйшая пазіцыя, тым больш увагі звяртаюць на асобу, таму і фідбэк складаней даць.

— Кандыдат пра гэта не ведае, але любую зваротную сувязь можна аспрэчыць праз суд і дамагчыся таго, каб узялі на працу. Таму зваротная сувязь часта бывае вельмі павярхоўнай або ніякай.

І яшчэ: на адкрытую пазіцыю цяпер падаецца вялікая колькасць кандыдатаў. Конкурс вельмі высокі. Пры адборы ўлічваюць не толькі тэх- і софт-навыкі, але і «хімію» паміж кандыдатам і менеджарам наймання. Няма дрэнных кандыдатаў, ёсць кандыдаты, якія проста не падыходзяць пад канкрэтную задачу або праект. 

— Як паказвае практыка, рэдка не бяруць менавіта праз слабыя навыкі. Часцей могуць не ўзяць, проста таму што фота не спадабалася, або знак задыяку не той. Ці ў інтэрв’юера тараканы ў галаве, і ён лічыць, што спецыяліст мае быць чалавекам-аркестрам і валодаць 100500 навыкамі, якія да пасады не адносяцца — але ў яго карціне свету абавязковыя. Ну і якую зваротную сувязь дасць такі чалавек?

Хтосьці з карыстальнікаў мяркуе, што нават калі за фідбэк заплаціць, «сумленнасць наўрад ці магчымая». «Перадсумоўе» ўсё роўна не будзе роўнае «баявому» сумоўю, так што няма чаго марнаваць грошы.  

— Кандыдат усё роўна мае шанец праваліцца — і тады будзе велізарнае жаданне абвінаваціць у гэтым таго самага тэхнічнага спецыяліста. 

— У мяне быў выпадак, калі мэтай тэхсумоўя было «вывесці хлуса на чыстую ваду». І чаканне было адпаведнае: даказаць сабе і кандыдату, што той нічога не ведае. Ворагу не пажадаеш паспрабаваць адпавядаць вось такім «чаканням».

Лепш, на думку карыстальнікаў сацсеткі, парэпеціраваць перад люстэркам або з больш дасведчанымі калегамі, звярнуцца да ChatGPT або сэрвісаў — Interview.io і TryExponent.com. Правесці мак-інтэрв’ю з кампаніяй, якая спецыялізуецца на падрыхтоўцы да сумоўяў. 

— Загрузіце тэкст вакансіі ў ChatGPT. Папрасіце скласці 20 пытанняў для гэтай вакансіі. Потым бярыце па адным пытанні — і адказвайце. Можна вусна, можна пісьмова. А потым папрасіце ChatGPT ацаніць вашыя адказы і патлумачыць, што трэба палепшыць.

— Я вам дам вельмі дрэнную параду. Вельмі! Але карысную. Наступны раз, калі пойдзеце на інтэрв’ю, запішыце размову. А потым дайце паслухаць добраму кар’ернаму кансультанту. Гэта вам моцна палегчыць жыццё з пункта гледжання разумення, што пайшло не так пры размове (іншыя карыстальнікі адзначаюць, што кандыдат мае атрымаць дазвол на запіс, інакш гэта парушэнне закона, дый працаваць з такім запісам кар’ерны кансультант не стане — заўв. рэд.)

— Зваротную сувязь мае сэнс шукаць у пісьменнага кар’ернага кансультанта, хто праводзіць трэнінгі. З вамі пройдуць па пытаннях, прааналізуюць адказы, пакажуць вам, дзе вы зліваеце сумоўе. Гэта займае каля дзвюх гадзін. У працэсе вам пакажуць, як мяняць адказы: што хацеў пачуць інтэрв’юер vs што сказалі вы.

Як толькі вы зразумееце логіку інтэрв’юера ў адносінах да канкрэтных пазіцый і ўбачыце самога сябе з боку вачыма таго, хто прымае рашэнні, ваш падыход да сумоўя прынцыпова зменіцца — і вы будзеце проста ўнутры размовы бачыць, навошта задаюць пытанне.

Некаторыя каментатары задаюцца пытаннем, а ці не стануць інтэрв’юеры ў пагоні за прыбыткам «праводзіць больш сумоўяў з загадзя неадпаведнымі кандыдатамі».


Читать на dev.by