CEO AWS: большасць распрацоўшчыкаў перастане кодзіць праз АІ
Відаць, распрацоўшчыкам софту прыйдзецца шукаць сабе новы занятак або асвойваць новыя навыкі, бо многія іх задачы зможа выконваць АІ. Так лічыць кіраўнік воблачнага падраздзялення Amazon Мэт Гарман. Сваімі думкамі ён падзяліўся ў часе ўнутрыкарпаратыўнага чэрвеньскага мітынгу, запіс якога трапіў у распараджэнне Business Insider.
«Калі зазірнуць у будучыню месяцы на 24 наперад або каля таго — я не магу прадказаць дакладна, магчыма, большасць распрацоўшчыкаў не будзе кодзіць», — адзначыў Гарман, які заняў цяперашнюю пасаду ў чэрвені.
Ён назваў код усяго толькі мовай, на якой мы размаўляем з камп’ютарамі, а ўменне пісаць яго самое сабой скілом не з’яўляецца, лічыць топ-менеджар. Сапраўдны скіл, на яго думку, — гэта пра інавацыі і пра тое, каб ствараць штосьці цікавае карыстальніку. То-бок сутнасць працы софтвернага распрацоўшчыка будзе мяняцца, падсумаваў Гарман.
«Проста гэта значыць, што кожнаму з нас трэба будзе больш прыслухоўвацца да патрэб нашых кліентаў і да таго, якім мае быць уласна канчатковы прадукт, які мы спрабуем стварыць. Праца ўсё больш і больш будзе палягаць менавіта ў гэтым, а не ў сядзенні і напісанні кода», — сказаў ён.
Свае погляды Гарман агучыў на фоне боязі, што АІ пачне адымаць працу ў людзей, і масавых звальненняў у тэхналагічных (і не толькі) кампаніях. Напрыклад, новыя інструменты для генерацыі кода могуць дазволіць кампаніям рабіць больш, выдаткоўваючы менш грошай на дарагіх інжынераў. Зрэшты, яго словы, хутчэй, парада, чым банальнае запалохванне, што прафесія распрацоўшчыка знікне праз АІ: гаворка пра тое, што ў іх будзе больш магчымасцяў для крэатыву. Гарман дадаў, што AWS дапамагае супрацоўнікам пастаянна асвойваць новыя навыкі і тэхналогіі, каб павысіць прадукцыйнасць з дапамогай АІ. «Быць распрацоўшчыкам у 2025 годзе можа выявіцца не тым жа самым, што быць распрацоўшчыкам у 2020-м», — таксама адзначыў гендырэктар воблака Amazon.
Читать на dev.by