CEO Cloudflare расказаў, чаму рады будучай рэцэсіі
У гутарцы з Insider на Сусветным эканамічным форуме ў Давосе сузаснавальнік і гендырэктар Cloudflare Мэцью Прынц заявіў, што не толькі не хвалюецца з нагоды эканамічнага спаду, які раскручваецца, але нават рады яму.
Менеджар прызнаў, цяперашняя макраэканамічная сітуацыя — найгоршая ў гісторыі кампаніі, якая была заснавана ў 2010 годзе, ужо пасля фінансавага крызісу 2008-га. Але дадаў, што Cloudflare аператыўна зрэагавала на негатыўныя эканамічныя прагнозы і запаволіла тэмпы наймання раней за іншыя буйныя кампаніі, такія як Amazon, Meta і Microsoft. Тэхнагігант спецыялізуецца на воблачных паслугах і кібербяспецы і ўваходзіць у лік тых нямногіх, дзе пакуль не прайшлі масавыя звальненні. Паводле слоў Прынца, калі б Cloudflare наймала гэтак прагна, гэта чакала б і яе.
Нельга сказаць, што кампанію не закранула бягучая сітуацыя на рынку: каціроўкі Cloudflare ад студзеня 2022 года ўпалі больш як удвая. Аднак Прынц бачыць у рэцэсіі свае плюсы — ён назваў чатыры.
1. Патэнцыял для буму стартапаў
На думку Прынца, масавыя звальненні і замарозкі наймання могуць прымусіць прадпрымальных людзей, якія апынуліся ў павешаным стане, пачаць сваю справу. Гендырэктар прывёў у прыклад сузаснавальніцу Cloudflare Мішэль Затлін. Яна праходзіла практыку ў Google, і ў той год кампанія не наняла ніводнага інтэрна. Не атрымаўшы працы, у 2009 годзе Затлін далучылася да будучай CloudFlare.
2. Зручны час для інвестыцый
Прынц лічыць, што некаторыя інвестары шкадуюць грошы праз страх перад рэцэсіяй, і гэта стварае магчымасці для іх смялейшых калег.
«Усе эканомяць. Усе венчурныя капіталісты адступаюць, і капітал сыходзіць з рынку. І гэта якраз той момант, калі трэба інвеставаць», — заявіў ён. Гэта можа быць як укладанне ў новую кампанію, так і ў кірунак або каманду, дзе варта працягваць найманне.
3. Кампаніі робяцца эфектыўнейшымі
Прынц мяркуе, што за апошнія гады кампаніі абраслі баластам, ад якога было б карысна пазбавіцца.
Ён мяркуе, што калі кампаніі «змогуць стаць крыху эфектыўнейшымі, выйдуць з усяго гэтага эканамічнейшымі, трохі лепшымі ў тым, чым займаюцца, рацыянальнейшымі», то гэта зробіць іх, як і Cloudflare, толькі мацнейшымі.
4. У рэцэсію кампаніі наймаюць найлепшых з найлепшых
Прынц адзначыў, што цяперашнія гендырэктары найбуйнейшых ІТ-кампаній, уключаючы Apple, Google і Microsoft, пачыналі ў іх з ніжэйшых пазіцый у перыяды эканамічных спадаў.
«Я гляджу на Cloudflare, нас 3500 супрацоўнікаў, але людзі, якіх мы наймаем сёння, калі я аднойчы вырашу сысці ў адстаўку, што здарыцца няхутка, будуць здольныя кіраваць кампаніяй», — заявіў Прынц.
Читать на dev.by