ChatGPT і кававая гушча разбілі сям’ю ў Грэцыі

Жыхарка Грэцыі падала на развод пасля таго, як ChatGPT нібыта дапамог ёй выкрыць здраду мужа. Гісторыю распавёў Vice.

2 каментарыя

Жанчына вырашыла пагадаць на кававай гушчы. Каб расшыфраваць значэнне ўзораў, яна скінула здымкі кубкаў — свайго і мужа — чат-боту. Атрыманая інфармацыя шакавала яе: бот паведаміў, што мужчына завёў інтрыжку з маладой асобай, якая нібыта плануе разбурыць сям’ю. Бот нават удакладніў, што імя гэтай «прадвызначанай» жанчыны пачынаецца на літару «Е», а змесціва кубка самой карыстальніцы паказвала на здраду або разлад у доме.

Муж спрабаваў пераканаць жонку ў сваёй невінаватасці на мясцовым тэлебачанні і адзначыў, што яна занадта паддаецца модным тэндэнцыям. «Я пасмяяўся з гэтай лухты. Але яна ўспрыняла гэта сур’ёзна. Прагнала мяне, сказала дзецям, што мы разводзімся, а потым мне патэлефанаваў адвакат. І тады я зразумеў, што гэта не жарт», — расказаў мужчына.

Ужо праз тры дні ў «варажбіткі» былі гатовыя дакументы. Сужэнцы пражылі ў шлюбе 12 гадоў, выхоўваюць дваіх дзяцей. Муж кажа, што ягоная жонка і раней захаплялася містыкай — напрыклад, хадзіла да астролага, і некалі яму спатрэбіўся амаль год, каб пераканаць яе забыцца на яго прадказанні. Адвакат мужчыны таксама адзначыў, што тлумачэнні кававых узораў, згенераваныя ШІ, наўрад ці могуць быць падставай для абвінавачвання ў здрадзе.

Гэты выпадак выклікаў цікавасць у грэчаскіх сацсетках. Юрысты падкрэсліваюць, што згенераваныя паказанні не прымаюцца ў судзе.

Альтман: вашы запыты ў ChatGPT выдаюць ваш узрост
Па тэме
Альтман: вашы запыты ў ChatGPT выдаюць ваш узрост

Читать на dev.by