«Дзверы ў новае жыццё». Айцішніца расказвае, як бясплатна трапіць у брытанскую ВНУ
Франтэнд-распрацоўшчыца Вольга Іванова падалася на стыпендыю Chevening ад брытанскага МЗС — з ёй можна паступіць на бясплатную магістарскую праграму ў любую ВНУ Вялікабрытаніі. Цяпер яна рэзервовы кандыдат — чакае канчатковага адказу з дня на дзень.
На аснове свайго досведу яна дапамагла dev.by скласці гайд — бярыце на ўзбраенне: абмежаванняў па ўзросце для атрымання стыпендыі няма (падавацца з Беларусі таксама можна).
«Прыйшло ў галаву, што гэта ж звычайныя людзі — раз у іх атрымалася, атрымаецца і ў мяне»
Вольга працуе ў ІТ ад 2016 года. У 2020 яе сям’я пераехала ў Егіпет — трэба было наладжваць побыт у новай краіне. Вольга звольнілася і ўзяла «паўзу» — тым больш што яна даўно хацела змяніць тэхналогіі, — але праз год ужо не змагла знайсці працу: «рынак вельмі змяніўся», — кажа айцішніца.
Вольга лічыць, што яе CV ігнаруюць рекруцёры ў тым ліку таму, што ў яе няма профільнай адукацыі. І вырашыла яе атрымаць. Роўна год таму на адным з мерапрыемстваў у рамках праграмы Women in Tech айцішніца даведалася пра стыпендыю Chevening ад брытанскага МЗС.
Праграма Chevening дазваляе сваім лаўрэатам атрымліваць ступень магістра ў любой з ВНУ Вялікабрытаніі. Стыпендыя цалкам пакрывае:
- кошт праграмы навучання;
- пералёт эканом-класам у Вялікабрытанію і назад;
- аднаразовую дапамогу па прыездзе і ад’ездзе;
- кошт візы;
- узнос на тэсціраванне на сухоты;
- суму на паездкі на абавязковыя мерапрыемствы;
- а таксама дае штомесячныя выплаты на пражыванне і асабістыя выдаткі.
Праграма Chevening існуе ўжо 40+ гадоў.
— Думка пра тое, што ў 36 гадоў, маючы сям’ю, я магу адправіцца на вучобу ў Англію, — трэба было «пераварыць», — прызнаецца Вольга.
Яна кожны дзень адкладала рашэнне — і падала заяву на стыпендыю толькі пры канцы кастрычніка.
— Я казала сабе, што стыпендыя Chevening — гэта шанец не толькі атрымаць тэхнічную адукацыю ў Брытаніі (Вольга абрала Computer Science), але і напрацаваць нэтварк. Фактычна гэта дзверы ў новае жыццё.
Айцішніца кажа, што прагледзела на YouTube нямала відэа ад тых, хто ўжо падаваўся на Chevening — і паспяхова. Спачатку ёй здавалася, што яна так не зможа: у яе не такі нэтваркінг, дый па лідарскіх якасцях яна саступае тым спікерам з відэа. Але потым Вользе «прыйшло да галавы, што гэта ж звычайныя людзі — раз у іх атрымалася», атрымаецца і ў яе.
Муж айцішніцы не быў супраць. Яны не раз абмяркоўвалі: калі Вольга знойдзе працу ў Еўропе — яны паедуць куды заўгодна. Так што ідэя з вучобай у Англіі была ўспрынятая ім добра.
— Брытанскі ўрад не толькі аплачвае стыпендыяту Chevening вучобу ў ВНУ і іншыя яго выдаткі, але і плаціць як студэнту каля 1300 еўра на месяц (хоць усё залежыць ад лакацыі: у Лондане як у сталіцы крыху больш, у правінцыі — менш). Так што мы вырашылі: ну, хоць бы на арэнду жытла ў нас грошы будуць, — кажа Вольга.
«Калідор» для падачы заяў адкрываецца ў жніўні — сёлета з 6 чысла, а на пачатку лістапада Chevening закрываюць прыём. Што важна на этапе падачы:
- каб краіна знаходзілася ў спісе, каму могуць даць стыпендыю Chevening, — Беларусь там ёсць!
- другі момант — трэба мець ступень бакалаўра (або магістра), то-бок скончыць універсітэт. Адзнакі на стадыі падачы заяўкі на стыпендыю ролі не граюць, але могуць мець значэнне на этапе, калі кандыдата разглядае канкрэтны ўніверсітэт Брытаніі.
- таксама важна, каб у кандыдата на стыпендыю быў досвед працы ў сферы, якая яго цікавіць — не менш за два гады з нагрузкай мінімум 35 гадзін на тыдзень.
Вольга дадае, што абмежаванняў па ўзросце для атрымання стыпендыі Chevening няма.
Заяўку можна падаць на сайце праз «Асабісты кабінет». Для пачатку дастаткова проста скан-копіі дыплома — адзначае нашая суразмоўніца: перакладаць на англійскую не трэба.
— Ты прымацоўваеш яго ў сваім «асабістым кабінеце» і затым дадаеш 4 эсэ:
- у першым неабходна апісаць свае лідарскія якасці і падмацаваць свае словы канкрэтнымі прыкладамі з мінулага;
- у другім — расказаць, як ты «ўмееш у нэтваркінг»;
- у трэцім — растлумачыць, чаму спыніў выбар на той ці іншай праграме той ці іншай ВНУ — трэба пазначыць тры ўніверсітэты — і што гэта дасць табе;
- у чацвёртым — паказаць свой план на будучыню: як ты плануеш выкарыстоўваць свае веды і чым гэта дапаможа тваёй краіне і грамадству.
Неабавязкова ўсё рабіць адразу, тлумачыць Вольга, — можна паступова дадаваць па адным дакуменце.
— Я доўга глядзела розныя відэа, як скласці эсэ, — потым пісала па-руску: проста накіды. А затым сабралася і за дзень напісала адразу 4 эсэ. Але ведаю, што некаторыя людзі пішуць тыднямі — патроху.
Я дадалася ў тэлеграм-чаты і групы ў Фэйсбуку для кандыдатаў на Chevening. Адзін хлопец мяне здзівіў: ён расказваў, што ўжо тройчы падаваўся на стыпендыю з аднымі і тымі ж эсэ — наогул нічога не мяняў у тэксце. Два разы ён прайшоў на другі этап, а на трэці год пацярпеў няўдачу яшчэ на першым.
«Працуючы ў ІТ, мела B1 — так што шукала ВНУ з патрабаваннем B2 або 6,0 па IELTS»
Таксама ад кандыдата спатрэбіцца выбраць тры ВНУ і размеркаваць іх па прыярытэце — «гэта няпроста», прызнаецца Вольга, у яе гэты выбар заняў некалькі тыдняў, да працэсу падключыўся нават муж айцішніцы.
— На сайце кожнага ўніверсітэта ёсць інфармацыя, з якім узроўнем англійскай яны бяруць студэнтаў: хтосьці — з энным балам па IELTS, хтосьці — па TOEFL, могуць быць і іншыя варыянты.
Я не вывучала англійскай у школе, а пазней, працуючы ў ІТ, мела B1 — так што я шукала ВНУ з патрабаваннем B2 або 6,0 па IELTS. У выніку мой выбар упаў на ўніверсітэты Эсэкса, Сасэкса і Рэйвенсборн у Лондане. Хоць цяпер я б ужо выбірала ВНУ з вышэйшымі патрабаваннямі да мовы.
Вольга адзначае, што да кожнай заяўкі на месца ва ўніверсітэце трэба падгрузіць дыплом і выпіску з ацэнкамі — цяпер ужо перакладзенымі на англійскую мову. Айцішніца дадае, што завяраць дакументы ў натарыуса не патрабуецца.
Затым Вольга напісала па матывацыйным лісце ў кожную з ВНУ, дадала рэзюмэ і рэкамендацыйныя лісты.
— Нейкія ўніверсітэты не патрабуюць ад кандыдатаў лістоў, але яны ўсё роўна будуць патрэбныя на наступным этапе Chevening. Так што я звярнулася да свайго экс-калегі і былога ўніверсітэцкага выкладчыка: першы меўся ахарактарызаваць мяне як прафесіяналку, другі — як старанную і матываваную на вучобу студэнтку.
Вольга ўдакладняе: «Гэта невідавочна, але на гэтым этапе можна пакуль не прымацоўваць у „асабістым кабінеце“ вынікі IELTS або TOEFL — дазваляецца дадаць іх пазней». Напрыклад, нашая суразмоўніца зрабіла гэта ў маі.
Паводле слоў айцішніцы, Эсэкскі ўніверсітэт, які яна ў заяўцы адзначыла як нумар адзін, адказаў ёй амаль адразу — яе гатовыя былі прыняць. Астатнія ВНУ маўчалі. Але ў лютым прыйшоў другі «офер», а ў маі — трэці.
Вольга спісвае «доўгія» адказы на працэсы ў ВНУ і рэкамендуе кандыдатам не адчайвацца, нават калі ў красавіку няма ніводнага адказу, а назапасіцца цярпеннем.
— Ёсць дэдлайн: да 11 ліпеня кандыдаты на стыпендыю Chevening маюць падаць хаця б адзін офер ад ВНУ. Ва ўніверсітэтах гэта ведаюць — і, бывае, не спяшаюцца з рашэннямі.
«Сустракаліся анлайн увесь тыдзень. Пры канцы адказвалі — як песню пяялі»
Ад лістапада да снежня незалежная камісія ацэньвае заяўкі, якія прайшлі па патрабаваннях, а ў студзені падводзіць вынікі. Вольга прайшла на наступны этап — інтэрв’ю з камісіяй.
— У маім «асабістым кабінеце» адкрылася новая ўкладка — і я змагла выбраць дату і час. Маё інтэрв’ю адбылося ў сярэдзіне сакавіка.
Вольга адзначае, што звычайна інтэрв’ю праходзіць афлайн у амбасадзе, але сёлета беларусам далі магчымасць праходзіць яго анлайн.
— Інтэрв’ю доўжыцца каля паўгадзіны. У камісіі — 3 чалавекі. Звычайна яны праходзяцца па ўсіх тваіх эсэ і задаюць удакладняючыя пытанні, вельмі падобна да праверкі на софт-скілы, — кажа Вольга.
Айцішніца старанна рыхтавалася да інтэрв’ю. Яна знайшла групу ў WhatsApp — там былі такія ж кандыдаты на Chevening, як яна, хто прайшоў на наступны этап. Удзельнікі трэніраваліся ў парах.
Вольга прапанавала рэпеціраваць у невялікіх камандах. У выніку сабраліся чатыры чалавекі: яна, жанчына з Лесота, хлопец з Азербайджана і дзяўчына з В’етнама.
— Мы сустракаліся анлайн на працягу тыдня кожны дзень. Трое задаюць пытанні, чацвёрты адказвае — потым змяняемся. Пры канцы мы адказвалі, як песню пяялі. Гэтыя заняткі вельмі дапамаглі кожнаму з нас: ты не бачыш сябе з боку, пачынаеш расказваць нешта — а суразмоўцы кажуць, што не зразумелі тваёй думкі. Дзякуючы фідбэку ад групы кожны з нас змог адтачыць сваю прамову і адказы.
Вольга кажа, што на самім сумоўі не было сюрпрызаў — «усё прайшло на пазітыве». Яна зусім не хвалявалася і выступала ўпэўнена.
«Зразумела, якое ў мяне слабое месца, — аўдзіраванне. Стала глядзець „Friends“ захлёбваючыся»
Далей быў перыяд цішыні да сярэдзіны чэрвеня — Вольга кінула ўсе сілы на тое, каб здаць IELTS за гэты час.
— Я пачала рыхтавацца да моўнага іспыту яшчэ ад лістапада з рэпетытаркай, якая сама здавала IELTS, — раз на тыдзень.
Таксама я праходзіла тэсты за мінулыя гады — іх можна знайсці ў адкрытым доступе. Далучылася да некалькіх Speaking Clubs, каб практыкаваць сваю прамову. Адшукала курс на Udemy — але ўвесь да канца не прайшла. Яшчэ чытала навуковыя артыкулы — напрыклад, пра даследаванні Юпітэра або пра будаўніцтва атамнай электрастанцыі. Вучылася пісаць эсэ.
Вольга кажа, што на дзень яна прысвячала англійскай мінімум 2-3 гадзіны, але часцей больш. У красавіку яна распачала першую спробу здаць IELTS — і набрала 5,5 бала.
— Я зразумела, якое ў мяне слабое месца, — гэта аўдзіраванне. І стала глядзець фільмы — усе серыі «Friends» захлёбваючыся: спачатку было цяжка, але пры канцы месяца — ужо без праблем. Яшчэ я чытала кнігу Эрын Мэер «Тhe Culture Map: Breaking Through The Invisible Boundaries of Global Business».
У выніку пры канцы мая Вольга здала IELTS на 6,0.
18 чэрвеня прыйшоў адказ ад камісіі Chevening — айцішніцу залічылі ў рэзерв: у яе ёсць шанец атрымаць стыпендыю, калі хтосьці са стыпендыятаў раптам адмовіцца. Канчатковага адказу яна чакае з дня на дзень.
Вольга кажа, калі ёй не дадуць стыпендыі цяпер, яна будзе падавацца зноў сёлета — і па кроках расказваць пра ўсё ў сваім тэлеграм-канале: ёй хочацца, каб больш беларусаў даведалася пра стыпендыю Chevening. Ну, а ў выпадку поспеху працягне расказваць там пра сваю вучобу ў Брытаніі.
Читать на dev.by