Даведаліся, як маюцца епамаўцы ў Беларусі, Польшчы, Грузіі, Вялікабрытаніі ды іншых краінах
Пасля анонсу скарачэння беларускай каманды мы спыталі ў супрацоўнікаў EPAM па ўсім свеце, як яны маюцца — і нечакана атрымалі шквал каментароў.
Што адбываецца цяпер у розных лакацыях ва ўмовах крызісу — з першых рук.
Змест
Плюсы і мінусы працы ў EPAM у 2023 (worldwide)
Плюсы
- «Вялікая міжнародная кампанія, мала дзе яшчэ будзе перавагай, калі ты размаўляеш па-руску/па-ўкраінску. Адчуванне, што быццам і пераехаў, але не пераехаў».
- «Раней — добрыя ўнутраныя працэсы і культура інжынірынгу, моцная падрыхтоўка новых спецыялістаў, вялікая база ўнутраных трэнінгаў і ментарскіх праграм па розных напрамках. Цяпер — нядрэнны сацпакет і бенефіты, аплата наведвання дактароў для супрацоўніка і яго дзяцей, аплата псіхалагічнай дапамогі, магчымасць поўнасцю аддаленай працы (калі гэта асобна не агаворваецца з заказчыкам)».
- «Выдатныя магчымасці для навучання і росту, што праўда, у менеджмент трапляюць толькі тыя, хто разумее і прымае правілы гульні».
- «Багата добрых спецыялістаў».
- «У добрыя часы можна быць упэўненым у заўтрашнім дні».
Мінусы
- «Заробак часта ніжэйшы за рынак нават у параўнанні з іншымі знакамітымі сэрвіснымі кампаніямі. З прадуктовымі кампаніямі можна нават не параўноўваць».
- «У складаныя часы няма адчування, што цябе хочуць утрымаць. Часам здаецца, што калі ты пойдзеш, то гэтаму будуць рады, так як палепшацца KPI (лепшы бэнч рэйт, меншыя выдаткі на заробкі)».
- «Гадавы бонус толькі для лідоў і вышэйшых. А цяпер, напэўна, нават ліды і менеджары могуць пра гэта забыцца».
- «Замарожаныя рэлакейты, перагляды заробкаў, асэсменты (перформанс рэв’ю), многія бонусы. Ёсць рэдкія выключэнні, але гэта тычыцца толькі выключных сітуацый. Шмат супрацоўнікаў атрымалі новы тайтл, але заробку ім усё яшчэ не перагледзелі».
- «Незразумелыя перспектывы будучых пазіцый, калі праект неўзабаве заканчваецца».
- «Праекты так сабе. У асноўным буйныя энтэрпрайз-праекты, на якіх працуюць сотні людзей, а ты адказваеш толькі за маленькі кавалачак, не бачыш усёй карціны, і рэальна мала на што можаш паўплываць. Шасцярэнькі не мяняюць працэсаў, архітэктуры і культуры».
Беларусь
— Апошнія звальненні, пра якія стала вядома, закранулі ў першую чаргу супрацоўнікаў на бэнчы і найменш канкурэнтаздольных у плане падбору пазіцый. Цяпер калі на працягу месяца праект для супрацоўніка не прадбачыцца, вырастаюць шанцы трапіць пад скарачэнне.
Такая тэндэнцыя назіраецца каля года. Слабыя мідлы і ніжэйшыя грэйды могуць атрымаць апавяшчэнне аб хуткім звальненні праз тыдзень-паўтара пасля беспаспяховых пошукаў новага праекта. Але ніякіх звальненняў адным днём. Усё па заканадаўстве і з выплатай выхадных дапамог.
Больш скіловых спецыялістаў могуць прытрымаць пры ўмове, што чалавек можа хутка адаптавацца пад тыя праекты, на якіх ёсць пазіцыі. Калі ёсць нявыкарыстаны адпачынак, могуць прапанаваць яго выкарыстаць і за гэты час спрабаваць падабраць праект.
Сітуацыя з заказчыкамі сёлета, як і ва ўсім ІТ у Беларусі, не вельмі абнадзейвае. Праектаў, якія гатовыя працаваць з нашай лакацыяй, няшмат, і, адпаведна, колькасць пазіцый скарачаецца. Некаторыя новыя праекты заходзяць, але іх не так шмат, як раней.
Нон-прадакшн спецыялістаў, якія не зарабляюць грошай, занадта доўга на бэнчы не трымаюць. Бэнч паступова выходзіць у «зялёную» зону. Але не таму, што знайшліся праекты, а таму што зменшылася колькасць супрацоўнікаў.
Перадумовы для новых звальненняў нікуды не зніклі. Мала кастамераў і пазіцый. Усе асцерагаюцца вылету на бэнч, бо падабраць праект будзе складана. І пакуль не зразумела, як доўга працягнецца нестабільнасць у рэгіёне, і калі стаўленне замежных заказчыкаў да нашай лакацыі нармалізуецца.
— У Беларусі да апошніх звальненняў, як я чуў, працавала блізу 4,6 тысячы чалавек.
Ёсць адчуванне, што кампанія проста будзе паступова перавозіць ключавыя фігуры з аперацыёнкі, звальняць людзей і памяншаць сваю прысутнасць тут.
Ды і ў цэлым у ІТ-рынку ў Беларусі вельмі туманная будучыня. Кампаніі, якія пакуль засталіся ў Беларусі, завозяць грошы для супрацоўнікаў праз праслойкі, але, на мой погляд, калісьці ім гэта надакучыць.
У Еўропу і іншыя дарагія краіны EPAM закрыў рэлакацыю на працяглы перыяд. З’ехаць атрымліваецца толькі ў Грузію, Арменію і г. д. Таксама кампанія павялічвае сваю прысутнасць у рэгіёнах з таннай працоўнай сілай, напрыклад, такіх як Індыя. Таму там будзе больш-менш добра. Але пакуль я не бачу перадумоў да паляпшэння сітуацыі ў цэлым па кампаніі.
Польшча
Бэнч, звальненні/найманне, дэфіцыт праектаў
— Выдаткі ў польскім офісе скарочаныя максімальна, бэнч больш-менш стабілізаваны, але цяпер усё даволі жорстка: калі ты не ключавы супрацоўнік і сышоў на бэнч, то звальненне не за гарамі. Нягледзячы на гэта ў Польшчы ў цэлым за гэты год агульная колькасць супрацоўнікаў знізілася толькі на 3%, тады як у кампаніі ў цэлым на 6-7%.
— Чуў, што бэнч па Польшчы складае каля 15%, гэта не так шмат. Але цяпер усе ўнутраныя праекты будуць моцна рэзаць, а людзей «выганяць» на аплатныя праекты. У рамках праекта па максімуме рэжуцца косты.
— У Польшчы імкнуцца звальняць акуратна і маленькай колькасцю, каб не патрапіць у zwolnienia grupowe. Прасочваецца аднолькавая схема: пад канец месяца людзям нечакана на званку паведамляюць, што на працу яны могуць больш не прыходзіць, доступы выключаюць адразу, выплаты пры гэтым захоўваюцца. У цэлым у кампаніі «атмасфера крызісу».
— Працую ў варшаўскім офісе. Ёсць бэнч, але ён невялікі для гэтай лакацыі, у асноўным на бэнчы спецыялісты ўзроўню мідл. Польшча адносна недарагая лакацыя ў параўнанні з Заходняй Еўропай (у Іспаніі сітуацыя нашмат горшая з бэнчам праз рэйты, адзінкавыя праекты гатовыя «стафаць» адтуль людзей).
— Працую ва Уроцлаве. Справы ў нашым офісе не вельмі. Апошні год сітуацыя застаецца нязменнай: наймання новых супрацоўнікаў няма, праекты закрываюцца, а новых з’яўляецца вельмі мала, бэнч павялічваецца (працэнт не знаю). Польшча досыць дарагая для кліента лакацыя, таму часта заказчыкі лічаць за лепшае браць супрацоўнікаў з Грузіі ці Індыі. Спецыялістаў, якія доўга сядзяць на бэнчы, звальняюць. Сітуацыя, якая склалася, расчароўвае. Заўсёды адчувала сябе супрацоўніцай буйной хуткарослай стабільнай кампаніі, а цяпер атрымліваецца, што ўсё рассыпалася, як картачны домік.
— Працую ў офісе ў Познані. У нас не звальняюць, наадварот, людзей павольна набіраюць. Што праўда, калі паўгода таму бралі ўсіх ад мідла, то цяпер — пачынаючы ад сеньёра. Мне пасля года павысілі трохі заробак. Часам бываюць прэміі, але адрасныя. Ёсць рэгулярныя для польскага офіса балы, на якія можна купляць, напрыклад, сертыфікаты на пэўныя сумы на тавары ў розных гандлёвых аб’ектах.
Перагляд заробкаў
— Асноўнае пытанне шмат у каго — калі дазволяць прайсці Assessment (гэты працэс на паўзе ад трэцяга квартала гэтага года) і, адпаведна, прасіць павышэнне заробку. Апошні перагляд заробкаў быў год таму. Цяпер просяць адкласці гэта на красавік 2024 года, як і павышэнне тайтлаў.
— Ёсць праект, таму мяне не звальняюць. Але ўжо год не павышаюць заробку, хоць ёсць важкія падставы павысіць (станоўчыя водгукі ад кліента, павысіўся ўзровень, добрыя фідбэкі, мой заробак не трапляе ў дыяпазон EPAM па маім узроўні). Кажуць, або ўсё застаецца як ёсць, або шукай іншую працу. Разглядаю варыянту змяніць працу, але пакуль не вельмі сур’ёзна і не актыўна.
Рэлакейт
— Турбуе, што ўсе рэлакацыі ўнутры кампаніі цяпер на паўзе да канца першага квартала 2024 года. Ёсць адзінкавыя выключэнні, але, хутчэй, для менеджменту і высокага кіраўніцтва.
Цяпер для многіх праблема рэлакавацца, напрыклад, у Еўропу, з Грузіі, Турцыі, Казахстана, Арменіі. У гэтыя краіны многія пераязджалі ў 2022 годзе на час і разлічвалі праз год з’ехаць, а цяпер ім адмаўляюць. Бо плаціць заробак у гэтым рэгіёне выгадна, і ніхто не гатовы марнаваць бюджэт на новыя заробкі па еўрапейскіх дыяпазонах. Многія сябры так захраслі ў Турцыі і Грузіі. Хочуць пераехаць у Польшчу, але адзіны варыянт — шукаць новага працадаўцу і пераязджаць да яго.
Сыход лідоў і не толькі
— Праблема для Польшчы — гэта часты сыход з кампаніі спецыялістаў узроўню лід і вышэйшага. Яны прыносяць іншы офер 1,5Х, як мінімум, і просяць павышэння, а бюджэту няма. І як бы кампанія ні хацела іх утрымаць, няма рэсурсу. Таму часцяком губляем добрых спецыялістаў. Кіраўніцтва як быццам на гэта асабліва не зважае, больш хвалюецца, куды прыстроіць бэнч. Хоць праблема страціць дасведчанага супрацоўніка нашмат больш сур’ёзная. Шмат хто кажа, што кіраўніцтва ў Польшчы своеасаблівае. Напрыклад, у Іспаніі, Чэхіі, Літве кіраўнікі з Беларусі, Украіны, і з імі прасцей весці справы.
Перспектыва
— Нядаўна ў польскім EPAM была Make It Clear session, на якой супрацоўнікам правялі лекцыю па сусветнай эканоміцы з графікамі. Маўляў, гэта не мы губляем кліентаў і не можам знайсці шмат новых, а ва ўсім вінаватая сусветная эканоміка.
Але быў асцярожны аптымізм, што быццам бы дно мы ўжо прайшлі і пачалі ледзь-ледзь расці. Бэнч памяншаецца, і ён нават ніжэйшы за мэтавы паказчык.
Цэны акцый усё яшчэ ў накаўце, відаць, гэта і з’яўляецца прычынай замарозкі заробкаў, наймання і кропкавых скарачэнняў. У найбліжэйшы год-два паляпшэнняў, відаць, не будзе. І незразумела, што менавіта мае адбыцца (дасягненне канкрэтных вымерных KPI), каб усё вярнулася ў норму.
Грузія
— У камандзе ў Грузіі каля 4000 чалавек, плюс у Грузіі лічацца тыя, хто яшчэ да вайны пераехаў у Турцыю.
Сітуацыя ў кампаніі, на маю суб’ектыўную думку, пагоршылася. Праектаў стала значна менш. Калі ў 2021 годзе адпаведных мне праектаў было каля 200, то цяпер — 3.
На працягу 2023 года ў нас быў перагляд заробкаў, павысілі заробак прыкладна на 15%.
Сацпакет у Грузіі горшы, ніж у Мінску. Напрыклад, медыцынская страхоўка толькі на супрацоўніка, у Беларусі была таксама на дзяцей. На працягу года дадаўся абанемент у спартыўныя клубы, але за паўцаны. Ёсць опцыя куплі акцый кампаніі з 15%-й зніжкай.
Прыкладна раз на квартал кіраўніцтва ў Грузіі праводзіць мітынгі, сустрэчы з супрацоўнікамі. Сітуацыю ніяк не тлумачаць, заўсёды ўсё добра, мы расцем і мы класныя.
UPD. Наконт сацпакета ў Беларусі і Грузіі меркаванні падзяліліся. Вось што расказаў іншы супрацоўнік грузінскага офіса.
— У Беларусі EPAM не рабіў страховак супрацоўнікам наогул. Там былі «бенефіты», якія мелі на ўвазе зніжкі ў асобна ўзятых медцэнтрах. Часам зніжкі даходзілі да 100% (імі маглі скарыстацца сямейнікі супрацоўніка), але гэта не з’яўляецца паўнавартаснай страхоўкай або яе заменнікам нават у грубым набліжэнні.
У Грузіі ж гэта паўнавартасная страхоўка, аплачваная кампаніяй. І супрацоўнік, пры жаданні, можа аформіць яе як на сябе, так і на сваіх сямейнікаў (трэба адную лішнюю птушку ў заяўцы праставіць).
Арменія
— Працую ў офісе ў Арменіі блізу двух гадоў. На момант маёй рэлакацыі ў кампаніі было 1000+ супрацоўнікаў, цяпер каля 970.
Бэнч сёлета парэзалі, прычым найманне ў лакацыі не замарожанае, чаго не скажаш пра магчымасці кар’ернага росту. Assessment на замарозцы практычна паўгода (бываюць выключэнні, але трэба форсіць, каб сабраць камітэт), адпаведна, перагляд заробкаў па выніках павышэння таксама замарожаны, што не можа не адбівацца на настроі.
Прэміі, здаецца, выплачваюць, як і раней: калі перформіш і даеш value, то, хутчэй за ўсё, атрымаеш. З нагоды магчымага звальнення перажываюць у асноўным мясцовыя спецыялісты, але ўсе, каго скарацілі, знаходзяць працу і не скардзяцца. Рэлаканты, якіх асабіста знаю, з нагоды звальненняў асабліва не перажываюць.
Праектаў у Арменіі няшмат. Ведаю, што ёсць попыт на DevOps, а вось Java распрацоўшчыкаў скарачалі.
Чым адрозніваецца праца ў Арменіі і Беларусі
- Стаўленне да працы і адказнасць. Узровень скілоў рэлакантаў на галаву ці дзве вышэйшы. Сярод армян хапае разумных і працавітых, якіх асабіста знаю, але ў цэлым па бальніцы дзесьці так. Джуны з Беларусі, Украіны, Расіі, як мне падалося, больш матываваныя і актыўныя. Магчыма, адбіваецца 300+ дзён сонца і стаўленне людзей да жыцця.
- Але калі паглядзець на гэта пад вуглом work-life balance, то ў армян з гэтым лепей.
- У армянскім EPAM шмат часу траціцца на вырашэнне працоўных пытанняў. У Беларусі ўсё было хутчэй. HR прыходзіць па першым лісце, resource manager пастаянна на сувязі.
- У Арменіі больш цесныя міжасобасныя сувязі на ўзроўні офіса. Вельмі класна адпачываць разам: паходаў, выязных тусовак з арэндай катэджаў або рэстаранаў была велізарная колькасць.
Вялікабрытанія
— Працую ў Ньюкасле. У штаце 70 чалавек, у асноўным рэлаканты, але ёсць і мясцовыя спецыялісты.
Новых праектаў прыходзіць мала, бо для большасці праектаў супрацоўнікі дарагія. Таму даводзіцца арыентавацца толькі на лакальны рынак.
Шмат чалавек на бэнчы. На пачатку года, напрыклад, было каля 30%. Вялікі бэнч утварыўся праз крызіс і вялікую колькасць рэлакантаў. Па чутках, кампанія хацела зрабіць delivery center з Ньюкасла і таму перавезла сюды шмат супрацоўнікаў, у асноўным з Беларусі і Украіны. Але рэлакантаў выявілася больш за рэальны попыт.
Бэнч аплачваецца цалкам, нікога на частку стаўкі не пераводзілі. Прэцэдэнтаў звальненняў супрацоўнікаў з бэнчу пакуль не было. Колькі максімум можна сядзець на бэнчы, не ведаю. Але, напрыклад, мой калега быў на бэнчы каля сямі месяцаў.
Так як шмат чалавек на бэнчы, многіх хвалюе, калі будуць праекты, таксама турбуюць перспектывы трапіць пад магчымыя скарачэнні. Супрацоўнікі, якім даўно не знаходзяць пастаяннага вонкавага праекта, непакояцца, што іх заасаняць (прызначаць адказнымі) на неадпаведны праект па скілах.
Заробкі і тайт у EPAM UK падымаюць толькі супрацоўнікам з праектамі. На пачатку гэтага года супрацоўнікам выплацілі гадавыя прэміі.
Чарнагорыя
— Лакацыю адкрылі толькі летась. Спецыялісты рэлакаваліся сюды са сваімі праектамі.
Летась каманда вырасла прыкладна да 350 чалавек. Але цяпер пайшлі скарачэнні. У асобныя тыдні можа звольніцца да 10 чалавек. Людзі альбо пераязджаюць у іншую краіну (рэлакацыя з EPAM, аднак гэта рэдкі кейс, так як рэлакацыі замарожаныя, і патрэбныя ўзгадненні з праектам па пакрыцці выдаткаў), альбо проста звальняюцца і пераязджаюць у іншыя краіны, хтосьці вяртаецца дадому.
Перагляды заробкаў замарожаныя на нявызначаны тэрмін. Новыя праекты ў лакацыю не заходзяць. Чую ад іншых калегаў аб тэндэнцыі, калі іх заказчыкі спрабуюць замяняць цэлыя каманды на індыйцаў.
У нашай лакацыі працэсы пакуль цалкам не наладжаныя, грошай на іх нармалізацыю не даюць. Многія праблемы, з якімі мы сутыкнуліся пры пераездзе сюды, пакуль не вырашаныя. Праблемы дзеляцца на дзве катэгорыі: узроўню кампаніі і ўзроўню заканадаўства.
Гаворачы аб праблемах, трэба ўлічваць спецыфіку лакацыі: усе супрацоўнікі практычна ў роўных суадносінах жывуць у пяці найбуйнейшых гарадах, пры гэтым офіс пакуль ёсць толькі ў Херцэг Новым.
Унутраныя праблемы EPAM у лакацыі:
- Супрацоўнікі адарваныя ад офіса, наведваюць яго ў сярэднім два разы на год. Анлайн-камунікацыі практычна няма.
- Праблемы з лагістыкай. Ва ўсіх супрацоўнікаў узнікае неабходнасць прыехаць у офіс за абсталяваннем, нейкімі даведкамі або дакументамі. Дарога ў сезон (летам) у офіс і назад можа заняць увесь дзень. Кампанія адмовілася дапамагаць з вырашэннем гэтага пытання (наняць або аплаціць кур’ера, напрыклад, або іншыя варыянты), спаслаўшыся на бюджэты.
- Практычна поўная адсутнасць бенефітаў. Кампанія аплачвае супрацоўнікам толькі медыцынскую страхоўку. Зноў жа праблема часткова выцякае праз спецыфіку лакацыі: тут адсутнічаюць будзь-якія буйныя сеткі, доступ да якіх ёсць у найбуйнейшых гарадах.
- Адсутнасць працоўных месцаў у іншых лакацыях (офісаў або каворкінгаў). Кампанія абяцала разгледзець гэтае пытанне; калі пройдзе год, пачнуцца перападпісанні кантрактаў і будзе зразумела, колькі чалавек плануе тут затрымацца. Але сёлета нам паведамілі, што адкрыюць новы офіс толькі ў сталіцы (праз блізкасць да міністэрстваў), на астатняе бюджэтаў няма.
- Нізкія заробкі і дарагое жыццё ў лакацыі. Спажывецкі кошык па афіцыйных даных — каля 850 еўра на чалавека на месяц без уліку арэнды.
Праблемы з легалізацыяй
- Легалізацыя (атрыманне ДНЖ) тут сапраўдны квэст. У некаторых гарадах трэба з вечара займаць чаргу, каб паспрабаваць паспець падаць дакументы на наступную раніцу. Альбо купляць чаргу за грошы. Некаторыя кампаніі аплачваюць паслугі асоб, якія займаюцца групавой легалізацыяй. Аднак EPAM на гэта не ідзе.
- У краіне ёсць квоты на працоўныя месцы для замежнікаў, уключаючы высокакваліфікаваных работнікаў. Бываюць выпадкі, што людзі прыходзяць на падаўжэнне ДНЖ і ім паведамляюць, што квоты скончыліся. Трэба аддаць належнае EPAM, пакуль гэтым праблемам давалі рады.
- Пры гэтым для найманага работніка лакацыя не мае доўгатэрміновых перспектыў. ПМЖ даступны праз пяць гадоў знаходжання ў краіне па часовым ДНЖ. Але кожныя тры гады працоўны ДНЖ перарываецца на 6 месяцаў, і агульная колькасць гадоў не пойдзе ў залік пры заяве на ПМЖ. Мы цяпер плацім пенсійны падатак, аднак не можам стаць тут пенсіянерамі. Кампанія спрабуе весці перамовы з урадам, каб змяніць сітуацыю ці хаця б прыбраць з нас нагрузку ў выглядзе пенсійнага падатку (так як пенсія нам не свеціць), аднак з урадам дамовіцца практычна немагчыма. Таксама кампанія на пытанне, што мы будзем рабіць праз 3 гады, адказвае, што пакуль рашэння няма і думаць пра гэта пачнуць тады, калі пачнуць падыходзіць тэрміны.
- У цэлым краіна не праяўляе зацікаўленасці і не робіць ніякіх крокаў насустрач для прыцягнення і развіцця галіны. Таму паўстае заканамернае пытанне: навошта нам гэтая краіна?
dev.by, як і іншым сумленным медыя, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе па-за межамі краіны, а нашыя рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў. Але мы даем рады — з вашай дапамогай. Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, думкамі, досведам, часам, увагай і данатамі.
І яшчэ крыптой, тут кашалькі.
Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.
Читать на dev.by