Што адбываецца ў OpenAI? Альтман застаўся адзін, стартапу тэрмінова патрэбныя інвестыцыі
Масавы сыход топ-менеджараў, новы раўнд інвестыцый, змены структуры — галоўны АІ-стартап зноў ліхаманіць. Расказваем, што адбываецца ў кампаніі і чаго чакаць у будучыні.
Адстаўка
25 верасня тэхнічная дырэктарка OpenAI Міра Мураці абвясціла, што пакідае кампанію па шасці гадах працы. Сваю адстаўку яна патлумачыла жаданнем «вызваліць час і прастору для ўласнага даследавання». Услед за Мураці стартап пакінулі кіраўнік даследчага напрамку Боб Макгрю і віцэ-прэзідэнт па даследаваннях Барэт Зоф.
Мураці — адная з ключавых топ-менеджарак OpenAI. Менавіта яна ўзначаліла кампанію ў лістападзе 2023 года, калі рада дырэктараў нечакана звольніла аднаго з заснавальнікаў Сэма Альтмана з пасады генеральнага дырэктара. Праз некалькі дзён яго аднавілі на пасадзе пад ціскам супрацоўнікаў, Альтман падзякаваў Мураці за падтрымку.
У гэты раз Альтман напісаў: «Цяжка пераацаніць, як шмат Міра значыць для OpenAI, для нашай місіі і для ўсіх нас асабіста». Гендырэктар стартапа прызнаўся, што яго знервавала адстаўка Мураці, як і Макгрю і Зофа: першы прапрацаваў у кампаніі амаль восем гадоў, другі — крыху больш за два. Паводле слоў Альтмана, усе трое прынялі рашэнне незалежна адно ад аднаго.
У выніку з 11 чалавек, якія заснавалі стартап, у кампаніі засталіся двое — гэта Сэм Альтман і Войцех Зарэмба, які займаецца даследаваннямі ў галіне робататэхнікі.
Гэта не першыя гучныя адстаўкі ў кампаніі. У маі сышоў адзін з сузаснавальнікаў і кіраўнік навуковага аддзела Ілля Суцкевер. СМІ пісалі, што Суцкеверу не падабалася легкадумнае стаўленне Альтмана да пытанняў бяспекі АІ — і навуковец заснаваў свой стартап Superintelligence, які будзе займацца распрацоўкай «бяспечнага суперінтэлекту».
На пачатку жніўня з кампаніі сышоў сузаснавальнік Джон Шульман: ён далучыўся да іншага АІ-стартапа Anthropic. Сузаснавальнік і прэзідэнт OpenAI Грэг Брокман заявіў, што сыходзіць у адпачынак мінімум да канца года. Паводле звестак Bloomberg, сыход кіраўнікоў стаў нечаканасцю для супрацоўнікаў стартапа: многія адпраўлялі ў Slack эмодзі WTF.
Стаўка на прыбытак
Арганізацыйна OpenAI ёсць заблытанай структурай, якую плануюць кардынальна змяніць. Першапачаткова стартап ствараўся як некамерцыйная арганізацыя, місія якой палягала ў распрацоўцы бяспечнага агульнага штучнага інтэлекту. Але ўжо ў 2019 годзе было створана падраздзяленне з «абмежаваным камерцыйным прыбыткам» OpenAI LP. Яно падпарадкоўвалася зыходнай некамерцыйнай арганізацыі OpenAI Nonprofit.
Гэтая схема абмяжоўвала прыбытак інвестараў, так як мела на ўвазе стократнае вяртанне ўкладанняў, а атрыманыя звыш гэтага сродкі перадаваліся некамерцыйнаму падраздзяленню. У нейкі момант кіраўніцтву OpenAI стала ясна, што распрацоўка новых мадэляў занадта затратная — і неабходна нашмат больш інвестыцый у праект.
Кампанія вырашыла значна рэструктураваць бізнэс, каб стаць цалкам камерцыйным прадпрыемствам. Пры гэтым некамерцыйная структура працягне існаваць: ёй дастанецца мінарытарная доля ў новай арганізацыі. Дагэтуль незразумела, калі і як менавіта адбудуцца змены.
Змена структуры бізнэсу адаб’ецца на даследаваннях і распрацоўках кампаніі. Аналітыкі чакаюць, што OpenAI будзе больш адкрытая да эксперыментаў з агульным штучным інтэлектам (AGI), пра які неаднаразова казаў Альтман. Некамерцыйнае падраздзяленне кантралявала гэты праект і абмяжоўвала распрацоўку гэтага кірунку.
У фінансаванні OpenAI збіраюцца ўдзельнічаць найбуйнейшыя тэхналагічныя кампаніі Microsoft і Nvidia, венчурная кампанія Thrive Capital, інвестыцыйная Tiger Global Management і MGX. Thrive Capital і Microsoft плануюць укласці па $1 мільярду. Apple выйшла з перамоў аб інвеставанні, нягледзячы на першапачатковую цікавасць.
Рэструктурызацыя можа зрабіць кампанію прывабнейшай для інвестараў. У выніку новага інвестыцыйнага раўнда OpenAI можа атрымаць агульную ацэнку ў $150 мільярдаў і прыцягнуць каля $6,5 мільярдаў інвестыцый. Чакалася таксама, што Альтман атрымае долю ў 7% у кампаніі, але пазней сам кіраўнік OpenAI абверг гэтую інфармацыю.
Пакуль адныя страты
У часе апошняга сходу з супрацоўнікамі Альтман выступіў разам з фінансавым дырэктарам OpenAI Сарай Фраяр. Яны паведамілі, што інвестары занепакоеныя адсутнасцю ў Альтмана акцый кампаніі, але ў кампаніі няма планаў перадачы буйнога пакета акцый. Гэтую ж версію пацвердзіў старшыня рады дырэктараў Брэт Тэйлар.
Паводле справаздачы для інвестараў, выручка кампаніі ў жніўні гэтага года вырасла больш чым у тры разы. У чэрвені яе паслугамі карысталіся каля 350 мільёнаў чалавек, што ў 3,5 разы больш, чым у сакавіку. Рост быў дасягнуты ў асноўным за кошт ChatGPT пасля таго, як распрацоўшчык дазволіў карыстацца чат-ботам без стварэння ўліковага запісу або ўваходу ў сістэму.
Платнай версіяй чат-бота карыстаюцца каля 10 мільёнаў чалавек. Сёлета кампанія чакае, што чат-бот прынясе $2,7 мільярда даходу, што нашмат больш за $700 мільёнаў, атрыманых у 2023 годзе. Яшчэ $1 мільярд мае паступіць ад кампаній, якія выкарыстоўваюць тэхналогіі стартапа.
Аднак кампанія дагэтуль не прыносіць агульнага даходу: страты сёлета складуць каля $5 мільярдаў. У планах — павысіць кошт падпіскі да канца года ад $20 да $22, а на працягу пяці наступных гадоў — да $44, гаворыцца ў справаздачы. Такім чынам OpenAI разлічвае ў 2029 годзе павысіць свае даходы да $100 мільярдаў.
Акрамя таго, кампанія абвясціла аб запуску ўласнага адукацыйнага цэнтра OpenAI Academy, які будзе ў першую чаргу арыентаваны на рэгіёны, якія развіваюцца, дзе доступ да тэхналогій абмежаваны. OpenAI Academy будзе навучаць распрацоўшчыкаў і прапаноўваць тэхнічную падтрымку ад экспертаў кампаніі, а таксама сваёй супольнасці вопытных распрацоўшчыкаў.
Читать на dev.by