Беларусь у топе эканомік Еўропы, якія растуць. Эканаміст: прычыны — у дутым расійскім попыце і дэфіцыце працаўнікоў
Беларусь увайшла ў топ-3 краін Еўропы з самай хуткарослай эканомікай паводле прагнозаў МВФ. Спыталі ў эканаміста, як так выйшла.
Міжнародны валютны фонд у кастрычніку зрабіў прагноз, згодна з якім ВУП у Беларусі па выніках 2024 года прырасце на 3,6%. Гэта трэці вынік у Еўропе пасля Мальты (+5%) і Сербіі (+3,9%).
Старшы навуковы супрацоўнік даследчага цэнтра BEROC Зміцер Крук расказаў пра прычыны эканамічнага росту.
— Тэзіс аб тым, што тэмп росту эканомікі ў Беларусі вельмі высокі, ужо некалькі састарэў. Рост ВУП на 3,6% за год (а ў рэальнасці амаль напэўна будзе бліжэй да 4%) — гэта інерцыя высокага росту, які, сапраўды, назіраўся ў краіне на пачатку года. У апошнія некалькі месяцаў адбываецца прыкметнае тармажэнне гэтага працэсу. Але так як Белстат падае даныя назапашаным вынікам, пакуль мы бачым вялікія лічбы.
Чаму ВУП так значна рос
Якія ж фактары разганялі ВУП у 2024 годзе? Першы — паскарэнне росту ў Расіі і перадача гэтага імпульсу Беларусі праз рост попыту на беларускія тавары.
У РФ рост паскорыўся перш за ўсё пад уплывам узрослых бюджэтных выдаткаў на ваенныя патрэбы. У першым паўгоддзі гэта рэзаніравала з крэдытным попытам, які ў РФ таксама моцна павялічыўся.
Частка расійскага попыту перакінулася на беларускія тавары і паслугі, як ваеннага, так і іншага прызначэння, і ў моманце гэта стварала для беларускай эканомікі прывабнае вонкавае асяроддзе, дазваляючы нарошчваць экспарт.
Другі па значнасці фактар — дэфіцыт працоўных рук у Беларусі і, як вынік, спецыфічная сітуацыя на рынку працы. Каб не застацца без працаўнікоў, кампаніі вымушаныя выплачваць зарплаты, якія па фінансавай логіцы з’яўляюцца залішнімі. Гэта прыводзіць да вельмі хуткага росту рэальных заробкаў, фарміруючы празмерны спажывецкі аптымізм і разганяючы спажывецкі попыт. Менавіта спажывецкі попыт сёлета — асноўны драйвер росту попыту ў краіне.
Трэці фактар — залішне стымулюючая эканамічная палітыка ўладаў. У найбольшай меры гэта запозненыя эфекты мінулых перыядаў. Цяпер манетарныя і фіскальныя стымулы — заніжаныя працэнтныя стаўкі, даступнасць крэдытаў, павышаныя бюджэтныя выдаткі — паступова згасаюць, тым не менш інерцыя таго, што ўжо было зроблена, вельмі вялікая. Яна дазваляе насычаць крэдытны рынак і праз фіскальныя выдаткі спрыяе дадатковаму росту даходаў людзей, і гэта яшчэ адзін сур’ёзны фактар, які стымулюе попыт.
Што тычыцца фіскальнага складнікам, яго стымулюючае ўздзеянне захоўваецца дагэтуль. Што да манетарнай палітыкі, цяпер яна блізкая да нейтральнага стану, стымулы ўжо не такія маштабныя, як былі летась і на пачатку гэтага года. Аднак з улікам назбіранага лішку попыту і з перспектывы макраэканамічнай раўнавагі цяпер мелася б праводзіцца абмежавальная палітыка.
Гэтыя тры фактары ў суме адказныя за бурны рост ВУП у 2024 годзе.
Чаму далей нас чакае запаволенне
Апошнія некалькі месяцаў рост ВУП стаў затарможвацца, і хутчэй за ўсё гэты працэс працягнецца ў 2025 годзе. У гэтага таксама тры асноўныя прычыны.
1. Попыт, які залішне вырас, фармуе шматлікія дыспрапорцыі ў эканоміцы.
За «спажывецкі банкет», які ў 2024 адбываўся ў нацыянальнай эканоміцы, расплачваюцца кампаніі рэальнага сектара.
Раздзьмутыя зарплаты радыкальна пагаршаюць іх фінансавае здароўе, у многіх з іх істотна пагаршаюцца рэнтабельнасць і іншыя фінансавыя паказчыкі. Гэта стварае рызыкі, што кампаніі не змогуць з ранейшымі вынікамі працягваць бягучую дзейнасць, і гэтая акалічнасць накладвае абмежаванне на тую механіку росту эканомікі, якая была ўласцівая першай палове 2024 года.
2. Паступова расце дэфіцыт гандлёвага балансу. Пакуль ён не такі вялікі і стрымліваецца дадатковым попытам з Расіі. Але тэндэнцыя відавочная і ўстойлівая, да таго ж на яе накладваецца недахоп крыніц вонкавага фінансавання: атрымаць звонку грошы на пакрыццё дэфіцыту, напрыклад, праз гандлёвыя крэдыты або пазыкі на міждзяржаўным узроўні, сёння вельмі складана. Фактычна толькі РФ — даступная крыніца вонкавых запазычанняў. І гэта яшчэ адзін абмежавальнік для росту.
З улікам таго, што ў РФ ужо бачныя прыкметы эканамічнага ахаладжэння, такія ж імпульсы хутчэй за ўсё будуць распаўсюджвацца і на Беларусь.
3. Інфляцыйны навес, які склаўся. Залішне перагрэтая эканоміка пры іншых роўных прыводзіла б да падвышанага інфляцыйнага ціску. Цяпер ён не візуалізуецца дзякуючы 713-й пастанове Саўміна, якая дырэктыўна стрымлівае рост цэн, перакладаючы асноўны цяжар праблем на прадпрыемствы рэальнага сектара, у тым ліку на прыватны бізнэс.
Так як шматлікія кампаніі функцыянуюць на мяжы рэнтабельнасці, узнікае ўсё больш перадумоў таму, што інфляцыйны навес будзе трансфармавацца ў рэальную інфляцыю.
І тут два варыянты развіцця падзей. Альбо ўлады будуць вымушаныя адмаўляцца ад залішніх стымулаў, каб знізіць інфляцыйны ціск, альбо назапашаны навес рэалізуецца ў фактычную інфляцыю. Узрослыя цэны падарвуць пакупніцкі попыт, і гэта таксама будзе тармазіць рост эканомікі ў 2025 годзе.
Ці памятаеце вы, як беларускае ІТ ператварылася ў феномен? Мы вучыліся адно ў аднаго, дзяліліся першымі поспехамі, разам радаваліся, калі нашыя кампаніі, прадукты і каманды атрымлівалі сусветнае прызнанне. Сёння многія з нас — у розных краінах, таму яшчэ важней захоўваць сувязі і працягнуць развіццё. 16 гадоў dev.by — «дэфолтная» крыніца інфармацыі пра беларускае ІТ, пляцоўка для камунікацыі і абмену вопытам. Разам мы пераадольваем крызісы, трымаем удары, радуемся поспехам, спадзяемся.
Цяпер вы можаце дапамагчы dev.by. Калі ўсе спосабы манетызацыі беларускіх медыя амаль зніклі, рэгулярныя данаты дазваляюць плаціць заробкі рэдактарам і аўтарам, рыхтаваць важныя матэрыялы.
Калі вы маеце магчымасць і лічыце нашую працу важнай, падтрымайце dev.by.
Читать на dev.by