CTO і архітэктар, які не можа з'ехаць, паўгода шукае працу. Ён «занадта кваліфікаваны»

У Змітра Сухава — 15+ гадоў вопыту ў ІТ, у тым ліку архітэктарам, тэхлідом і CTO. Ён фаўндар дзвюх кампаній. І вось ужо паўгода шукае працу ў Беларусі: 500+ водгукаў і 100 сумоўяў, 6 офераў — усе «сарваліся».

74 каментарыя

Даведаліся ў Змітра, што з попытам на топ-лэвэл тэхнічных спецыялістаў — і якія шанцы знайсці працу, калі рэлакацыя немагчымая.

— Агульнага вопыту ў ІТ у мяне больш за 15 гадоў: я пачынаў працаваць яшчэ падлеткам — рабіў сайты на заказ. Паміж 10-м і 11-м класам школы летам падзарабляў PHP-распрацоўшчыкам у Move Your Web, якая пазней была перайменаваная ў Apalon, — з Пятром Скаромным ля стырна. 

Пасля школы я паступіў на «завочку» ў БНТУ — на будаўнічы факультэт: на гэтым бацька настаяў, бо ў яго ў той час быў свой будаўнічы бізнэс. 

Я хацеў быць распрацоўшчыкам — цэлымі днямі вучыўся за камп’ютарам. А бацькі думалі, што насамрэч рублюся ў гульні. Бацька насядаў: «Знайдзі хоць якую працу!» Каб знізіць напружанне, я ўладкаваўся грузчыкам на «Керамін» — і некалькі тыдняў цягаў па 20 тон пліткі на дзень. Потым бацькі пашкадавалі маю спіну, сказалі: «Добра…» Але паставілі ўмову: я меўся знайсці іншую працу. 

Заробленых на «Кераміне» грошай хапіла, каб аплаціць курс Святаслава Кулікова па QA у «Белхардзе». Я вывучыўся — і пайшоў працаваць у Allied Testing. 

Так стартавала мая кар’ера — спачатку як тэсціроўшчыка, потым — як аўтаматызатара і тэстынг-менеджара, а пазней — як распрацоўншчыка.

«Працавалі па дзве змены: 8 гадзін — у сваёй кампаніі, яшчэ ад 4 да 8  — на фрылансе»

У 2013 годзе я адкрыў сваю першую кампанію Stormnet Technologies — мне было 22 гады. Я напісаў курс па тэсціраванні і вечарамі пасля працы навучаў студэнтаў, спачатку сяброў, а затым і ўсіх ахвотных. 

Спачатку мая кампанія займалася толькі навучаннем. Пагугліце it-courses.by — у 2016 годзе яны ўжо ўваходзілі ў топ-3 адукацыйных цэнтраў пасля ПВТ і QA-academy ад iTransition. За 6 гадоў, што я быў ля стырна, мы навучылі 3 тысячы айцішнікаў.

А дзесьці ад 2016 года мы запусцілі яшчэ і аддзел распрацоўкі — 20 чалавек працавалі ў нас на аўтсорсе. 

Памятаю першы наш офіс на Чабатарова, 2 недалёка ад Трактарнага завода. Я шукаў памяшканне з недарагой арэндай — а ў выніку аказалася, што будынак у аварыйным стане: прыбіральні не працавалі, у калідорах не было святла, з фасада ледзь не цагліны на галаву сыпаліся.

Мы пераехалі на Перадавую, 6, а адтуль праз год — на Кашавога, 5. Вось там выдатны быў офіс — у ім было ўсё: тры прыбіральні, душ, кухня. Мы з жонкай апошнія 3 гады нават жылі там у адным з кабінетаў — і котку туды перавезлі.

Не падумайце нічога, у нас была кватэра — у канцы вуліцы. Але мы працавалі па дзве змены: 8 гадзін — у сваёй кампаніі, яшчэ ад 4 да 8 — на фрылансе, пры канцы працоўнага дня сіл дайсці да дома ўжо ніякіх не было. Дарэчы, у іншым кабінеце начавалі і некаторыя нашыя супрацоўнікі — хто не хацеў траціцца на арэнду жытла.

«Я разумеў, што банкаўскі цыкл падыходзіць да канца, год-два — і эканоміка пачне ляскацца»

Ад 2016 года я займаўся ў Stormnet Technologies толькі поўным цыклам распрацоўкі: ад прэсэйл да здачы праекта і яго падтрымкі. А курсы курыраваў іншы кіраўнік.

Нашто прадаў кампанію ў 2019 годзе — усё проста: маючы эканамічную адукацыю, я разумеў, што банкаўскі цыкл падыходзіць да канца, а значыць ідзе наступны крызіс, год-два — і эканоміка пачне ляскацца. Таму я вырашыў выйсці ў кэш. 

Мы нанялі аўдытараў і юрыстаў для падрыхтоўкі да продажу і правядзення due diligence. А потым выставілі кампанію на продаж — праз Onliner, між іншым: «Прадаецца бізнэс».

За колькі я прадаў яго — за грошы, супастаўныя з памерам гадавога прыбытку, гэта прыкладна 50% абароту, больш падрабязнасцяў не магу даць. І так, я не шкадую ні пра што — гэта было выгадна.

Праз год ударыў кавід — і калі б я быў яшчэ ў стырна кампаніі, прыйшлося б моцна перафарматаваць бізнэс. Так што ўсё ўдала склалася!

На атрыманыя грошы я дабудаваў дом, купіў 4-пакаёвую кватэру і Ford Mustang. Аб апошняй куплі я б таксама не шкадаваў, калі б мог на ім ездзіць (чаму не магу — раскажу далей). Але цяпер ён стаіць, пакрываецца пылам — я выставіў яго на продаж, але прадаць не атрымліваецца.

«Заказчыкі сталі сыходзіць, аддзела продажаў у нас не было, праекты я „здабываў“ дзякуючы сувязям»

У мяне яшчэ заставалася ва ўласнасці кампанія Lynix — яна таксама была заснаваная ў тым жа 2013 годзе, але існавала ў млявапраяўным фармаце. Ад 2016 года пачала паволі разрастацца — і ў 2019 дасягнула піка, мы сталі больш займацца ёю. 

Так і працавалі да 2021, пакуль не прыйшоў кавід, пазней — крызіс і санкцыі, заказчыкі сталі сыходзіць адзін па адным, а аддзела продажаў у нас не было, праекты я «здабываў» дзякуючы асабістым сувязям і праз вендара, які таксама не перажыў гэтага часу і сышоў з Беларусі.

Я заўсёды шмат працаваў: паралельна са сваімі кампаніямі была яшчэ праца. Занятасць 12-16 гадзін — і днём, і ноччу. Вось чаму мы і жылі ў офісе: мы расплюшчвалі вочы — садзіліся за комп, і пакуль вочы самі не стануць заплюшчвацца, не адрываліся. 

Вядома, без выгарання не абыходзілася — так было тройчы ў маім жыцці. Але тады сыходзіў на 2-3 месяцы ў анлайн-гулькі, а потым вяртаўся — адпачыўшы, са свежымі ідэямі.

Я наогул не з тых, хто адпачывае, — у адпачынак за мяжу ездзіў разы 3-4, двойчы мы з жонкай адпачывалі ў санаторыі «Прыазёрны» (смяецца). 

«Рэджэкцяць як оверкваліфайд-спецыяліста — гэта крыўдна»

Ад верасня я ў пошуку працы. Бываюць «перабіўкі» фрылансам — па 1-2 месяцы, але, на жаль, нічога доўгатэрміновага. 

Я шукаю працу ў Беларусі — і, вядома, гэта звужае маё кола пошукаў у разы. Рэкруцёры шарахаюцца, кажуць: «Лакацыя — толькі не Беларусь і не Украіна». 

Пазіцыі для архітэктараў і СТО практычна зніклі. Кампаніі сышлі, стартапы таксама, калі кагосьці і наймаюць, то з рэлакантаў. Мне паступалі прапановы — з абавязковай рэлакацыяй. Але пасля таго, як я дадаў у рэзюмэ радок: «рэлакейт немагчымы», — рэкруцёры перасталі пісаць.

Ці можна сказаць, што ў крызіс топ-лэвэл спецыялістаў трэба менш, — і так, і не. Калі гэта тэхлід або архітэктар, то так: бо новых праектаў цяпер менш. Але неабходнасць у СТО застаецца, ёсць яшчэ стартапы, хоць і не тут — не ў Беларусі.

Кампаніі, якія прыходзяць, той жа «Тинькофф» або «Укантакце» — гэта такі мізэр. І вакансіі ў іх вісяць вельмі даўно — ужо год. Я спрабаваў адгукнуцца ў «Тинькофф» — і адхілілі маё рэзюмэ нейкай рэзалюцыі, нават сумоўя не было. Чаму — напэўна, яны шукаюць нейкіх супер-старз.

Ад рэкруцёраў заходніх кампаній і кампаній з беларускімі каранямі я чую адно і тое ж: «Гэта палітыка кампаніі — мы з Беларусі не наймаем». Часам яны выказваюць асцярогі, што не змогуць плаціць — плацяжы не дойдуць. Спадарства, зусім нядаўна я працаваў з амерыканскай кампаніяй, усё нармальна — грошы прыходзілі без праблем. Але не, «мы не зможам з вамі працаваць — не збіраемся тлумачыць, чаму».

Глядзеў я і ў бок расійскага рынку — так, але там таксама рэджэкцяць: «Мы наймаем толькі грамадзян Расійскай Федэрацыі». Я працую на ППД — яны не хочуць так: «Патрэбны СНІАР». 

Ад адчаю я падаюся на тэхліда, і нават на проста сеньёра, але мяне часта рэджэкцяць як оверкваліфайд-спецыяліста (паводле маёй статыстыкі, такіх адмоў каля 65%) — гэта крыўдна! Кажуць: «Мы не возьмем вас, бо пры першай жа магчымасці вы сыдзеце». Хоць я кажу прама: я шукаю доўгатэрміновы камітмент і не збіраюся «збягаць», буду працаваць — на бок не пагляджу. 

Мая статыстыка: больш за сотню сумоўяў, водгукаў — больш за 500, сарваных офераў — 6. Адзін стартап не атрымаў інвестыцый — таму «пралёт», дзесьці заказчык рэзка перадумаў працаваць з Беларуссю, а я не магу рэлакавацца ў іншую краіну. А хтосьці раптам гэтак жа рэзка вырашыў, што мне трэба было б хадзіць у офіс — а я не магу, я толькі аддалена  працую.

Чаму рэлакейт не варыянт

Рашэнне працаваць у Беларусі і з дому для мяне не капрыз. Растлумачу, чаму так:

  • і ў мяне, і ў жонкі хворыя бацькі — мы не можам з’ехаць і пакінуць іх тут адных;
  • плюс маленькія дзеці — маім сынам-двайняткам па 3 гады;
  • і самая вялікая праблема — у мяне трывожна-фобічны разлад: я не магу заставацца адзін дома або выходзіць кудысьці ў адзіноце, нават проста на вуліцу выйсці далей, чым на 200 метраў ад дома або праехаць па горадзе без жонкі — у мяне пачынаецца панічная атака. 

Гісторыя трагічная: у 2015 годзе мне паставілі дыягназ пухліна мозга. Ён не пацвердзіўся, але мяне гэта моцна трыгернула. У мяне былі рэмісіі — ад паўгода да года, я нават ездзіў адзін за горад. Але дзеўбануў кавід, нарадзіліся дзеці — мяне накрыла зноў.

Я праходжу тэрапію. Дый мой разлад ніяк не ўплывае на маю працу. Але, на жаль, ён уплывае на маю мабільнасць. Далёка з’ехаць нават у суправаджэнні блізкіх не атрымліваецца.

Часам я кажу пра гэта на сумоўях — калі пытаюцца пра камандзіроўкі або анбордзінг за мяжой. Адказваю: «Не, спадарства, у мяне не тая сітуацыя — я не магу».

«Цяпер час, калі джуны малююць сабе досвед, а архітэктары і ліды — наадварот, рэжуць»

Якія перспектывы — пакуль усё выглядае сумна, і паляпшэнняў не прадбачыцца. 

Час ад часу я знаходжу невялікія заказы на фрыланс — у асноўным дзякуючы нэтворкінгу: каму патрэбны спецыяліст на парт-тайм альбо ненадоўга (але цяпер такога ўжо менш), мне таксама прапануюць ролю прэсэйл-менеджара — парт-тайм або на запыт. Але гэта ўсё роўна вельмі сумна.

«Падушка» бяспекі ёсць — але туды даводзіцца раз за разам запускаць руку, гэта таксама не вельмі прыемна. Мая жонка праектная менеджарка, яна працуе цяпер па 4 гадзіны на дзень — яе працадаўца цяпер перажывае не найлепшыя часы і «рэжа» час. 

Кажуць, цяпер такі час, калі джуны «малююць» сабе вопыт, а архітэктары і ліды — наадварот, «рэжуць», каб не палохаць рэкруцёраў. Не ведаю, можа, і мне калі-небудзь прыйдзецца звярнуцца да такога. Але пакуль я не хацеў бы, а раптам маё новае рэзюмэ адпудзіць чалавека, які прыйдзе з прапановай мары — калі патрэбна будзе якраз мой вялікі вопыт. 

План Б: я вывучаю RUST. Гэта вельмі перспектыўная мова, але вакансіі на яе ў Беларусі адзінкавыя (калі наогул з’яўляюцца).

Што праўда, я гатовы пайсці нават на джуна па RUST — абы зачапіцца і развівацца ў гэтай тэхналогіі. Я не стаўлю пытанне так: хачу высокую пазіцыю на .NET, або JS, або Ruby on Rails — я згодны ледзь не на інтэрнатуру па RUST. Я прыхільнік гэтай тэхналогіі!

«Кодить нужно до 40 лет». Программистка на пенсии о том, как все начиналось (и ищет работу!)
По теме
«Кодить нужно до 40 лет». Программистка на пенсии о том, как все начиналось (и ищет работу!)
Дзве айцішніцы шукаюць працу ўжо год. Вось іх гісторыі
Па тэме
Дзве айцішніцы шукаюць працу ўжо год. Вось іх гісторыі
Джун разаслаў CV 1000 разоў, каб знайсці працу ў Беларусі. Што з гэтага выйшла
Па тэме
Джун разаслаў CV 1000 разоў, каб знайсці працу ў Беларусі. Што з гэтага выйшла

Читать на dev.by