«Так, мы не інжынеры з Сан-Францыска. Але і не проста танная працоўная сіла». Цімлід Mapbox заступіўся за кампанію
Нам напісаў супрацоўнік мінскага офіса Mapbox, якога засмуціла публікацыя з крытычнымі водгукамі пра кампанію. Прапанаваў «накідаць артыкул пра светлы бок Mapbox». Мы, вядома, пагадзіліся. Вось што атрымалася.
Хто піша: цімлід з каманды Data Services. Збірае метрыкі, адсочвае працу каманды, робіць справаздачы аперацыйным менеджарам. У Mapbox прыйшоў чатыры гады таму. Без ІТ-адукацыі. Зарплата: 700 даляраў + квартальны бонус у памеры 600 даляраў. Да Mapbox таксама працаваў з напаўненнем баз дадзеных.
Чаму я вырашыў выказацца
Бо ў беларускім інфаполі мусіць быць не толькі негатыў.
На dev.by выйшла некалькі матэрыялаў пра Mapbox [Адзін. — Заўв.], якія выклікаюць у мяне супярэчлівыя пачуцці. У іх шмат крытыкі: месцамі справядлівай, але месцамі аднабаковай.
Я — адзін з цімлідаў у Mapbox, працую тут чатыры гады. Пачынаў з базавых задач, цяпер вяду праект і адказваю за якасць. Мне ёсць што расказаць — шчыра, без лозунгаў і скаргаў.
Мы робім прадукт, якім карыстаюцца мільёны. Працуем ў спакойнай атмасферы, з нармальным анбордынгам, без таксічнасці. І калі хтосьці выбірае сваю першую працу, няхай пачуе меркаванне знутры.
Як я трапіў у Mapbox
Адгукнуўся на вакансію на rabota.by летам 2021 года — тады іх было сотні. Прывабіла апісанне, дыстанцыйны фармат і зарплата $450–500. На той момант мяне ўсё задавальняла. Тэставае заданне заняло тры гадзіны, потым было інтэрв’ю з трыма менеджарамі. Адразу папярэдзілі: праца манатонная, кар’ерны рост невялікі і ў асноўным гарызантальны.
Але для першай сур’ёзнай працы ў ІТ гэта было цалкам нармальна.
Першыя ўражанні
Каманда сустрэла цёпла. Выдалі тэхніку, фірмовыя шкарпэткі і футболку — прыемна. Анбордынг у першы дзень быў шчыльны: інструкцыі, ІТ-бяспека, працэсы — усё па справе.
Задачы аказаліся даволі руціннымі: размяшчэнне аб’ектаў на карце, праверка, верыфікацыя. Ёсць нормы, ёсць фідбэк. Я выконваў заданні, атрымліваў заўвагі, выпраўляў.
Рост і адказнасць
Паступова я пачаў браць на сябе больш: прапаноўваў паляпшэнні, дапамагаў іншым. Праз год я стаў цімлідам. Не, імгненнага павышэння зарплаты разам з новай пасадай не адбылося — проста з’явіліся квартальныя прэміі. Але з часам прыйшло і стабільнае падвышэнне.
Падвышэнне ў Mapbox — гэта не аўтаматычная гісторыя, тут трэба праяўляць ініцыятыву і паказваць вынік. Але гэта працуе.
Я ведаю шмат людзей, якія так выраслі: нехта стаў менеджарам, нехта — поінт-кантактам праекта. Але ёсць і тыя, хто «захрас». Усё залежыць ад задач, матывацыі і каманды.
Пра пераход у цімліды
Пераход у цімліды — гэта не момант, калі атрымліваеш бейдж, а працэс. Ты пачынаеш браць на сябе больш адказнасці, каардынуеш іншых, вырашаеш задачы, камунікуеш з мэнэджарамі. Але фармальна ў Slack ты ўсё яшчэ можаш быць проста «Data Specialist».
Зарплата таксама мяняецца не адразу. Калі ты стаў цімлідам у сярэдзіне квартала, прэмія будзе пазней. Падвышэнне можа прыйсці толькі пасля рэв’ю, а часам толькі праз паўгода або пазней. Гэта, канечне, не заўсёды прыемна.
Заробкі і празрыстасць
У нас у Data Services «вілкі» прыкладна такія:
- пачатковы ўзровень — $450–500;
- другі ўзровень — $600–650;
- трэці — ад $700 і вышэй.
Вілкі распрацоўшчыкаў не ведаю.
Я пасля трох гадоў працы ў кампаніі атрымліваю заробак $700 + раз на тры месяцы прэмію $600.
Заробкі павышаюць з крокам 5–10%. Рэзка скочыць не атрымаецца, нават пры пераходзе на іншы праект, і гэта выклікае незадаволенасць.
Аднак ёсць і бенефіты:
- медстрахоўка, у тым ліку стаматалогія;
- поўны медагляд раз на год;
- $500 на год на спорт, хобі ці адукацыю;
- гібрыдны фармат (офіс або дыстанцыйна).
Ты сапраўды можаш купіць лыжы, аплаціць масаж ці курсы па вакале — гэта працуе.
Кар’ерныя перспектывы
На маім узроўні можна доўга падымацца да $800 «чыстымі». Але заўсёды ёсць магчымасць пераключыцца на кар’еру менеджара (праўда, пры ўмове, што ёсць адкрытая пазіцыя).
У спецыялістаў з тэхнічным бэкграўндам варыянтаў больш. Нядаўна адзін дата-спецыяліст перайшоў на пазіцыю Associate Software Development Engineer у каманду, якая займаецца ML. Яшчэ ведаю людзей, якія пайшлі ў дызайн, 3D або ў інжынерыю — туды прайсці прасцей, чым у менеджары.
Асабіста для сябе я бачу рост у якасці менеджара. Проста зараз адкрытых менеджарскіх пазіцый няма, але бывае, што новы праект пашыраецца — і тады з’яўляецца шанец у ім паўдзельнічаць.
Пра руціну і «танную працоўную сілу»
Часта чую ад калегаў, маўляў, «мы тут проста танная працоўная сіла». Часткова гэта праўда. Калі твая задача — адкрыць мапу, паглядзець, дзе стаяць дарожныя знакі, і паставіць «так» ці «не», канешне, гэта не rocket science. Але людзі ідуць на гэтую працу пры той зарплаце і ўмовах, якія прапануюцца.
Лічу, што такі старт — гэта нармальна. Некаторыя потым растуць, вучаць англійскую, спрабуюць no-code або робяць паляпшэнні для сваіх праектаў.
Але так, бываюць праекты настолькі простыя, што я пра іх жартую: «Гэтым задачам можна было б навучыць маю маму, калі яна ўмее карыстацца мышкай і клавіятурай». Гучыць груба, але гэта частка рэальнасці.
Часам мы жартуем: «мы беларускія індусы», якія робяць базавую працу. І што з таго? Галоўнае — што ў цябе ёсць шлях далей, калі ты хочаш.
Чаму я дагэтуль у кампаніі
Шкадаваць пра тое, што я пайшоў у Mapbox, мне ніколі не даводзілася. Праўда, жаданне звольніцца ўзнікала. Асабліва ў моманты, калі ты робіш нейкую задачу, прапануеш паляпшэнне — і яго адкідваюць. Гэта б’е па самалюбстве. Думаеш, што прыдумаў нешта класнае, а цябе проста не пачулі. Напэўна, такое бывае на любой працы.
На пазіцыі цімліда гэта адчуваецца мацней: ты выносіш на абмеркаванне нейкія рашэнні, табе падабаецца адзін шлях, але кіраўніцтва вырашае інакш.
Чаму застаюся? Таму што праект усё роўна цікавы. Задачы часта змяняюцца, заўсёды ёсць прастора для развіцця. Хутка пойдзе пяты год, як я ў кампаніі, хочацца чаго-небудзь свежага (альбо падвышэння, альбо каб вярнуўся курс даляра), але ў цэлым я задаволены.
Канечне, калі б заўтра мне прапанавалі працу, якая сапраўды натхняе і развівае, то, магчыма, я б пайшоў. Пасля чатырох гадоў у кампаніі гэта нармальна.
Але калі гэта будзе нейкі гэмблінг, то адразу не. Усё ж Mapbox дае шмат: страхоўку, стыпендыю на хобі, гібрыдны фармат, прэміі.
Параўнанне з калегамі з іншых офісаў
Так, ёсць тыя, хто адчувае сябе «другім гатункам» у параўнанні з работнікамі ў ЗША/Японіі/Фінляндыі. Ці «проста рукамі» (асабліва калі ты не інжынер).
Але ў мяне зусім няма адчування, што беларусы — «другі гатункак». Так, мы — не інжынеры з Сан-Францыска. Але і не проста танная працоўная сіла.
Наадварот: я ганаруся тым, што Mapbox працягвае наймаць у Беларусі. У нас пашыраюцца каманды, з’яўляюцца інжынерныя пазіцыі. Гэта паказчык даверу.
Таксама ў нас няма праблем з заказчыкамі, якія баяцца працаваць з Мінскам. Мы атрымліваем задачы, робім прадукт. Адзінае — хацелася б, каб HR-ы больш актыўна працавалі і з дата-камандамі, а не толькі з інжынерамі.
Што мне не падабаецца ў культуры Mapbox
Напэўна, гісторыя з заробкамі. Усё быццам бы празрыста, ёсць узроўні і табліцы, аднак не заўсёды зразумела, чаму аднаму даюць падвышэнне, а другому — не. Рэв’ю могуць быць суб’ектыўнымі. Людзі нервуюцца.
Бюракратыі я асабліва не адчуваю, у мінскім офісе ўсё вырашаецца хутка. Нават бухгалтэрыя і юрысты заўсёды на сувязі.
Але так, карпаратывы сталі больш сціплымі. Пасля пачатку вайны амерыканскаму офісу стала складана зразумець, «як вы там святкуеце, калі побач танкі». Таму ўсё стала больш стрыманым.
Пра «закрытыя тэмы»
У кампаніі ёсць тэмы, пра якія гавораць толькі паміж сабой. Напрыклад, пра тое, што можна добра рабіць сваю працу, але не атрымаць падвышэння — проста таму, што «не ў гэты раз». Ці калі табе абяцаюць адзін праект, а потым раптам перакідваюць на іншы.
Такое бывае, але адкрыта гэтага ніхто не абмяркоўвае. Усе стараюцца не спрачацца, каб не выглядаць таксічнымі.
Зарплата $450 на старце — гэта норм?
Для дасведчанага чалавека гэта мала. Але калі ты студэнт, гэта твая першая праца, ты хочаш падцягнуць англійскую і атрымаць рэальны досвед, думаю, гэта выдатны пачатак. Лепш, чым працаваць у бары ці адпрацоўваць за капейкі.
Тут ты атрымліваеш і заробак, і бенефіты, і досвед. І яшчэ тут можна вырасці, калі захочаш.
Выгаранне/ціск/таксічнасць — бывае?
Так, бывае. Я сам выгараў, асабліва калі браў на сябе занадта шмат.
Была гісторыя з менеджарам, якога каманда хацела змяніць. Не атрымалася, але чалавеку далі фідбэк, і ён стаў паводзіць сябе інакш.
Памятаю, як адна дзяўчына выйшла з перамоўнай у слязах — яе звольнілі за адзін дзень. Такое не забудзеш. Але за тры гады такіх выпадкаў было няшмат. І значна больш гісторый пра тое, як людзі раслі, мянялі грэйды, знаходзілі сваё месца.
Мне самому даводзілася ўдзельнічаць у звальненнях, хаця і не наўпрост. Былі выпадкі, калі я пісаў фідбэк на калег, з якімі было цяжка працаваць. Часам мы прымалі рашэнне не працягваць кантракт з чалавекам. Але я заўсёды спрабую спачатку пагаварыць, зразумець, дапамагчы. Калі чалавек стараецца, шанец ёсць.
Бывала, што кагосьці перакідалі ў іншую каманду, і там ён раскрываўся значна лепш.
Вынік
Так, Mapbox — не ідэальнае месца. Тут розныя людзі і розныя праекты, здараюцца памылкі і непаразуменні. Але тут можна вырасці, атрымаць класны досвед, вылечыць зубы па страхоўцы, купіць новыя лыжы за кошт кампаніі і гуляць у FIFA ў офісе з калегамі.
Я хацеў бы, каб у інфаполе было больш нармальных, сумленных гісторый пра тое, як працуюць рэальныя людзі.
Читать на dev.by