Дата-цэнтры ў космасе: Маск будуе планы, Альтман кажа, што «гэта проста смешна»
Ідэя перанесці дата-цэнтры для ШІ ў космас усё часцей гучыць на фоне ўзрастаючага ціску на інфраструктуру на Зямлі. Цэнтры апрацоўкі дадзеных будуюцца па ўсім свеце з рэкорднай хуткасцю, а іх энергаспажыванне імкліва расце.
Ідэя перанесці дата-цэнтры для ШІ ў космас усё часцей гучыць на фоне ўзрастаючага ціску на інфраструктуру на Зямлі. Цэнтры апрацоўкі дадзеных будуюцца па ўсім свеце з рэкорднай хуткасцю, а іх энергаспажыванне імкліва расце.
Паводле ацэнак даследчыкаў, да 2028 года адны толькі ШІ-серверы могуць спажываць столькі ж электраэнергіі, колькі 22% домагаспадарак ЗША. Акрамя таго, высокапрадукцыйныя чыпы патрабуюць вадзянога ахаладжэння — буйныя дата-цэнтры выдаткоўваюць мільёны літраў вады ў дзень. Гэта ўзмацняе супраціўленне мясцовых супольнасцяў новым праектам.
На гэтым фоне некаторыя тэхналагічныя кампаніі прапануюць радыкальнае рашэнне — вынесці вылічэнні ў космас. Аргумент гучыць прывабна: «у космасе заўжды свеціць сонца», значыць можна атрымліваць энергію ад сонечных панэляў кругласутачна, а нізкая тэмпература нібыта вырашыць праблему перагрэву. Апрацоўку дадзеных можна весці на арбіце і перадаваць вынікі на Зямлю.
Аднак фізіка ахаладжэння ў вакууме робіць гэтую ідэю куды менш прыдатнай для рэалізацыі. У космасе няма паветра, а значыць немагчыма выкарыстоўваць канвекцыю — застаецца толькі цеплавое выпраменьванне, якое значна менш эфектыўна. Чым большы вылічальны цэнтр, тым складаней яго ахаладжаць: аб’ём (а значыць і колькасць працэсараў) расце хутчэй, чым плошча паверхні, праз якую можна адводзіць цяпло.
Для дата-цэнтра магутнасцю хаця б 1 мегават спатрэбілася б радыятарная паверхня амаль у тысячу квадратных метраў — і гэта без уліку дадатковага нагрэву ад сонечнага выпраменьвання. Да таго ж спатрэбяцца складаныя сістэмы адводу цяпла, дадатковыя матэрыялы і, адпаведна, яшчэ больш высокія выдаткі на запуск.
Таму прыхільнікі канцэпцыі ўсё часцей гавораць не пра гіганцкія «касмічныя будынкі», а пра рой з мноства невялікіх спадарожнікаў з лепшымі адносінамі плошчы да аб’ёму. SpaceX ужо падала заяўку ў Федэральную камісію па сувязі ЗША на запуск «сузор’я з мільёна спадарожнікаў, якія працуюць як арбітальныя дата-цэнтры». Google у межах Project Suncatcher таксама разглядае магчымасць размяшчэння сонечна-сілкаваных дата-цэнтраў на арбіце ўжо да 2027 году.
Тым не менш ідэя выклікае скептыцызм. Генеральны дырэктар OpenAI Сэм Альтман назваў канцэпцыю заўчаснай: «Шчыра кажучы, з улікам цяперашніх умоў ідэя размяшчаць дата-цэнтры ў космасе — гэта проста смешна». Па яго словах, такія праекты «магчыма, калі-небудзь будуць мець сэнс», але «мы пакуль не там». «Арбітальныя дата-цэнтры — гэта не тое, што будзе мець значэнне ў маштабе гэтага дзесяцігоддзя», — дадаў Альтман.
Ілан Маск, наадварот, разглядае касмічныя дата-цэнтры як стратэгічны напрамак. Ён заявіў на ўнутранай сустрэчы xAI, што аб’яднанне SpaceX і xAI дазволіць паскорыць разгортванне арбітальнай інфраструктуры.
Эксперты ўказваюць, што тэхнічна разгарнуць такую групоўку будзе вельмі складана. Нізкая калязямная арбіта ўжо перагружана: каля 10 тысяч актыўных спадарожнікаў і супастаўная колькасць касмічнага смецця ствараюць рызыку сутыкненняў. Даданне соцень тысяч ці мільёнаў новых аб’ектаў павялічыць нагрузку на арбітальнае асяроддзе.
Рэлацыраваліся? Цяпер вы можаце каментаваць без верыфікацыі акаўнта.