Італія, Тайланд, Турцыя. Якія краіны ўвялі візы «лічбавага качэўніка» ў 2024 годзе
Паглядзелі, якія краіны ўвялі візы Digital Nomad і іх аналагі ад студзеня гэтага года. Забірайце сабе — можа, спатрэбіцца.
Італія
У красавіку ўрад Італіі, нарэшце, прыняў указ пра правілы для атрымання італьянскай Digital Nomad Visa, які распрацоўваўся два гады (і чакаўся таксама доўга).
Каб падаць заяву на атрыманне візы для ўезду ў Італію, трэба звярнуцца ў італьянскую консульскую ўстанову. Што неабходна падаць:
- заяву і пашпарт (заяўніку павінна споўніцца 18 гадоў);
- дакументы, якія пацвярджаюць, што за апошнія пяць гадоў чалавек не быў судзімы;
- выпіскі, якія сведчаць, што гадавы даход заяўніка роўны як мінімум 28 000 еўра брута (закон не патрабуе даказваць, што даход атрыманы за кошт працы, яго крыніца можа быць любой — напрыклад, ад здачы маёмасці ў арэнду);
- паказаць працоўны кантракт або дамову аб супрацоўніцтве з кампаніяй, якая рэгулярна будзе плаціць заяўніку;
- комплексную медыцынскую страхоўку, якая дзейнічае на ўсёй тэрыторыі краіны на ўвесь перыяд знаходжання ў Італіі;
- доказ таго, што ў чалавека ёсць досвед працы не меншы за 6 месяцаў у той сферы, у якой ён будзе працаваць як «лічбавы качэўнік» у Італіі;
- копію дамовы арэнды/куплі жытла на тэрыторыі Італіі.
Па прыездзе ў краіну чалавеку, які атрымаў візу, неабходна на працягу васьмі працоўных дзён запытаць дазвол на жыхарства ў мясцовым упраўленні паліцыі. У дакуменце будзе пазнака «лічбавы качэўнік». ДНЖ будзе сапраўдны на працягу аднаго года з магчымасцю падаўжэння, калі ўмовы і патрабаванні, якія дазволілі яго выдаць, захаваюцца.
Чалавек, які атрымаў такую візу «лічбавага качэўніка» можа ўз’яднацца з сям’ёй, — яго жонцы/мужу і дзецям таксама выдадуць ДНЖ па сямейных абставінах.
Што яшчэ важна: у законе пра візу Digital Nomad прапісана, што яе ўладальнікі мусяць плаціць падаткі ў Італіі. Разам з ДНЖ чалавек атрымлівае падатковы код і мусіць адкрыць у Італіі нумар плацельшчыка ПДВ. Калі «лічбавы качэўнік» зарабляе да 28 тысяч еўра на год, то падатак ён будзе плаціць па стаўцы 23%. Для тых, чый даход даходзіць да 50 тысяч еўра на год, стаўка складае 35%, а далей — 43%.
Тайланд
Destination Thailand Visa, якую ўрад Тайланда ўвёў у ліпені, таксама пазіцыянуецца як віза «лічбавага качэўніка». Аднак яе, хутчэй, можна назваць «візай для зімоўкі».
DTV — гэта шматразовая віза, якая дазваляе ўладальнікам заставацца ў Тайландзе да 180 дзён у годзе (ёсць інфармацыя, што знаходжанне можна падоўжыць яшчэ на 180 дзён, не выязджаючы з краіны, — але не часцей, чым адзін раз за ўезд). Яна сапраўдная на працягу 5 гадоў.
Візу прэзентуюць як выгадную для фрылансераў і аддаленых працаўнікоў, якія шукаюць «просты спосаб папрацаваць з трапічнага раю».
Каб падацца на візу трэба:
- пашпарт (павінен быць сапраўдны як мінімум яшчэ на працягу 6 месяцаў);
- фатаграфія, зробленая на працягу паўгода;
- дакумент, які пацвярджае бягучае месца знаходжання чалавека;
- выпіскі з рахунку ў банку (павінна быць сума не меншая за 500 000 бат — то-бок каля $14 400) або спонсарскі ліст;
- працоўная дамова або іншы дакумент, які сведчыць пра прыём на працу ў сваёй краіне, альбо прафесійнае партфоліа, якое пацвярджае статус лічбавага качэўніка або фрылансера;
- калі мэта — удзел у мерапрыемствах «мяккай сілы» або лячэнне, неабходны ліст ад арганізацыі (напрыклад, ад курсаў) або з медклінікі.
Калі чалавек падаецца з сям’ёй, патрэбныя таксама копіі пасведчанняў аб шлюбе і аб нараджэнні дзяцей (або аб іх усынаўленні).
Важнае абмежаванне: DTV — гэта падвід турыстычнай візы, таму яе ўладальнікам забаронена атрымліваць тайскі дазвол на працу і працаваць у кампаніях у Тайландзе.
На візу DTV могуць прэтэндаваць не толькі «лічбавыя качэўнікі», але і той, хто хацеў бы ўдзельнічаць у мерапрыемствах так званай «мяккай сілы» Тайланда:
- то-бок калі вы збіраецеся на месцы браць урокі тайскага бокса;
- або ўрокі кулінарыі;
- маеце намер трэніравацца як спартсмен;
- або хочаце навучацца на кароткіх курсах;
- плануеце браць удзел у мастацкіх або музычных фестывалях;
- DTV можна запытаць, каб прайсці курс лячэння.
Візу DTV можна атрымаць у амбасадзе/консульстве Каралеўства Тайланд або анлайн. Варта адзначыць, што мінімальны ўзрост, у якім можна падавацца самастойна, без прывязкі да бацькоў — 20 гадоў.
Турцыя
Падавацца на Digital Nomad Visa ў Турцыі замежнікам дазволілі ад сярэдзіны верасня. Гэтая віза разлічаная на фрылансераў і аддаленых работнікаў, якія хочуць пражываць у краіне.
Каб атрымаць візу, трэба адпавядаць наступным параметрах:
- быць грамадзянінам адной з 36 краін з пераліку (Беларусь, Украіна, Расія, краіны Еўропы, Канада і ЗША ўваходзяць у іх лік);
- быць ва ўзросце ад 21 да 55 гадоў;
- мець вышэйшую адукацыю;
- быць у стане даказаць, што зарабляеш не менш за $36 000 на год;
- мець праязны дакумент або пашпарт, сапраўдны не менш за 6 месяцаў ад даты прыбыцця ў Турцыю;
- пацвердзіць статус «лічбавага качэўніка» дакументам — напрыклад, кантрактам з кампаніяй;
- таксама яшчэ адная абавязковая ўмова — наяўнасць у кандыдата медыцынскай страхоўкі, якая дзейнічае на тэрыторыі Турцыі.
Адзначаецца, што затым заяўнік можа падацца на ДНЖ, каб падоўжыць сваё знаходжанне ў Турцыі.
Падаць заяўку на візу лічбавага качэўніка можна анлайн, але пасля гэтага трэба будзе асабіста падысці ў турэцкае консульства.
Казахстан
Казахстан анансаваў увядзенне візы Neo Nomad зусім нядаўна — на пачатку лістапада. Яна таксама прызначаная замежным турыстам, якія сумяшчаюць працу і адпачынак.
Для атрымання візы замежнаму грамадзяніну неабходна:
- прадэманстраваць наяўнасць стабільнага даходу ў памеры не меншым за $3000 на месяц па-за межамі Казахстана;
- таксама, акрамя асноўных патрабаванняў па даходзе, замежным заяўнікам спатрэбіцца наяўнасць медыцынскай страхоўкі і даведкі аб несудзімасці;
- віза арыентаваная на турыстаў, якія працуюць аддалена (па-за межамі Казахстана) у розных сферах, ад праграмавання, маркетынгу і фінансаў да кансалтынгу, дызайну і электроннай камерцыі, — таму патрэбная працоўная дамова або кантракт.
Уладальнікі візы змогуць знаходзіцца ў Казахстане да аднаго года, застаючыся пры гэтым працаўладкаванымі ў сваіх кампаніях.
Мясцовыя СМІ паведамлялі, што чаканы эканамічны эфект ад увядзення візы складзе каля больш за $7 млн, калі візу атрымаюць 500 чалавек.
Абноўленыя правілы выдачы віз у Казахстане ўступілі ў сілу 18 лістапада — то-бок сама магчымасць атрымаць візу з’явілася толькі на мінулым тыдні. Інфармацыі, як гэта зрабіць, пакуль мала. Паведамлялася, што на візу можна падацца анлайн.
Беларусы могуць знаходзіцца ў Казахстане без візы да 90 дзён на працягу кожнага паўгода. Раней можна было абнуліць знаходжанне, выехаўшы з краіны, цяпер жа, каб законна знаходзіцца ў краіне, трэба аформіць дазвол на часовае пражыванне або ДНЖ. Уладальнікам візы «лічбавага качэўніка» гэта, верагодна, не спатрэбіцца рабіць.
Грэцыя
Грэцыя запусціла праграму «лічбавага качэўніцтва» яшчэ ў 2021 годзе — і цяпер гэтая краіна з’яўляецца адной з самых папулярных для аддаленых працаўнікоў.
Але ад пачатку гэтага года ўрад увёў шэраг змен:
- заяўкі на атрыманне візы «лічбавага качэўніка» можна падаваць толькі ў грэчаскіх консульствах на тэрыторыях замежных дзяржаў. То-бок суіскальнікі павінны афармляць дакументы альбо ў роднай краіне, альбо ў любой іншай дзяржаве, у якой яны маюць другое грамадзянства або права на пражыванне;
- краіна спыніла прыём заяў на тэрыторыі Грэцыі ад замежнікаў, якія прыбылі па бізнэс- і турыстычных візах;
- дакументы можна падаваць анлайн — на сайце міністэрства міграцыі. У якасці пацверджання прыёму заяўкі ў распрацоўку кандыдат на візу атрымлівае электронны сертыфікат.
У астатнім усё гэтак жа сама. Віза «лічбавага качэўніка» дазваляе яе ўладальніку жыць у Грэцыі на працягу 12 месяцаў. Каб падацца, трэба:
- заява;
- дзейны пашпарт;
- дзве фатаграфіі;
- пацвердзіць сваю занятасць дакументамі;
- а фінансавыя сродкі — выпіскамі з рахункаў у банку і даведкамі аб зарплаце (яна павінна складаць не менш за 3500 еўра на месяц);
- дакументы, якія пацвярджаюць месца пражывання;
- дзейная медыцынская страхоўка;
- медыцынская даведка;
- сапраўдны зваротны квіток;
- даведка аб адсутнасці судзімасці.
І, вядома, патрэбныя доказы, што вы сапраўды «лічбавы качэўнік», то-бок працуеце аддалена, і не на грэчаскую кампанію (і ў тым ліку не ведзяце ў Грэцыі бізнэсу).
Уладальнік візы можа ўзяць з сабой у Грэцыю мужа/жонку і дзяцей, але тады яго штомесячны даход павінен быць вышэйшым (+20% для мужа/жонкі і +15% для кожнага з дзяцей). Візу можна падоўжыць па заканчэнні тэрміну яе дзеяння.
Читать на dev.by