Nvidia перанесла найбуйнейшае дзённае падзенне ў гісторыі ЗША праз кітайскі стартап. Вытворцы абсталявання, энергетычныя кампаніі, біткойн абваліліся
Акцыі Nvidia у панядзелак 27 студзеня патаннелі на 17%, а рынкавая капіталізацыя кампаніі абвалілася амаль на $600 млрд — гэта найбуйнейшае дзённае падзенне ў гісторыі фондавага рынку ЗША, паведамляе CNBC. Прычынай стаў кітайскі АІ-стартап DeepSeek, які стварыў больш эканамічныя і танныя LLM. Яны выклікалі на рынку асцярогі за далейшы попыт на прасунутыя графічныя працэсары Nvidia, якія забяспечваюць распрацоўшчыкаў вылічальнымі магутнасцямі для патрэб мадэляў.
Індэкс Nasdaq у панядзелак упаў на 3,1%. Яшчэ адзін буйны амерыканскі чыпмэйкер Broadcom упаў на 17%, страціўшы $200 млрд капіталізацыі.
Уніз пацягнуліся і іншыя кампаніі, звязаныя з Nvidia: Dell, HPE і Super Micro Computer патаннелі мінімум на 5,8%. Oracle, якая ўдзельнічае ў новым амерыканскім АІ-мегапраекце, абвалілася на 14%.
Энергетычныя кампаніі таксама адрэагавалі на перапалох. У амерыканскага вытворцы электраэнергіі Vistra Corp. падзенне склала 23%, у Constellation Energy — 19%, у вытворцы абсталявання для энэргетыкі GE VERNOVA — 23%. Распрацоўшчык рэактараў ядзернага раздзялення Oklo Inc. падаў на 25%. У Еўропе акцыі Siemens Energy абваліліся на 22%, нівеляваўшы прырост гэтага года. Шведскі пастаўшчык тэхналогій ахаладжэння сервераў Munters Group упаў на 14%.
Пераацэнка становішча амерыканскіх кампаній у сферы АІ і магчымая перабудова ланцужкоў паставак справакавалі нават падзенне біткойна. Найбуйнейшая крыптавалюта свету ў панядзелак апускалася на 6%, ніжэй за $99 тысяч — да мінімуму за апошнія 11 дзён.
DeepSeek выпусціў бясплатныя оўпэнсорсныя LLM, на стварэнне якіх выдаткаваў пару месяцаў і $5,6 млн грошай, выкарыстоўваючы абмежаваныя чыпы Nvidia H800. Тэхнагіганты накшталт Alphabet, Meta і Amazon укладваюць мільярды долараў у GPU для трэніроўкі і эксплуатацыі сваіх АІ-мадэляў.
Між тым аналітыкі лічаць, што рэліз, хутчэй, наадварот прывядзе да абвастрэння АІ-гонкі і росту попыту на вылічальныя магутнасці. Яны рэкамендуюць скупляць акцыі Nvidia. Сама кампанія на фоне падзення сваіх каціровак таксама заявіла, што поспех DeepSeek толькі пацвярджае запатрабаванасць яе прадукцыі.
Читать на dev.by