Дарагія падарункі і вячэра з сям'ёй: як стартапы палююць на спецыялістаў па ШІ
У Крамянёвай даліне пачалося сапраўднае паляванне на інжынераў: стартапы замаўляюць рэкламу, дораць дарагія падарункі і вячэраюць з сем’ямі кандыдатаў, толькі б пераманіць рэдкіх спецыялістаў па штучным інтэлекце.
У Сан-Францыска на пагорку Ноб-Хіл нядаўна з’явіўся загадкавы білборд. На белым фоне толькі «https://» і радок лічбаў без лагатыпа і без тлумачэнняў. Так стартап Listen Labs вырашыў знайсці новых супрацоўнікаў. Яго заснавальнік Альфрэд Вальфорс паабяцаў, што той, хто расшыфруе код і выканае анлайн-чэлендж, атрымае паездку ў Берлін і ўваход у легендарны клуб Berghain. Ідэя спрацавала: білборд сабраў мільёны праглядаў, прывёў 10 тысяч заявак і каля шасцідзесяці сумоўяў.
Па словах Вальфорса, нават пры падтрымцы інвестараў кшталту Sequoia наняць моцных інжынераў стала амаль немагчыма. «Мы трацім кучу грошай не на рэкламу прадукту, а каб проста прыцягнуць увагу распрацоўшчыкаў, — кажа ён. — У мяне ёсць сябар без дыплома, які працуе ў OpenAI і зарабляе два мільёны ў год».
У барацьбе за таленты кампаніі ладзяць сапраўдныя шоу: аднаму кандыдату-велааматару сузаснавальнік Listen Labs асабіста прывёз дарагі шашэйны ровар, каб пераканаць яго прыняць офер. Іншыя прадпрымальнікі прызнаюцца, што прыходзіцца ісці яшчэ далей — замаўляць персанальныя падарункі, наладжваць вячэры з інвестарамі і нават сустракацца з сем’ямі патэнцыйных супрацоўнікаў.
Тым не менш часцей за ўсё пераможцам застаюцца гіганты кшталту OpenAI, Anthropic або Google. Генеральны дырэктар Unify Осцін Хьюз расказаў, што аднойчы замовіў карціну для кандыдата мары — але той усё роўна сышоў у OpenAI, дзе яму прапанавалі ўтрая больш. Кіраўнік Decagon Джэсі Чжан прызнае, што «нават з мільярдамі на рахунках канкураваць цяжка».
Кампаніі шукаюць рэдкі тып спецыялістаў — AI-product engineers, якія адначасова валодаюць найноўшымі ШІ-інструментамі і здольныя хутка ператвараць ідэі ў гатовыя прадукты. Па ацэнцы Вальфорса, такіх людзей усяго некалькі тысяч, і ў кожнага — «па дзесяць прапаноў адначасова». Стартапы спрабуюць прыцягнуць іх абяцаннем самастойнасці: стаць «міні-фаўндарам» і будаваць прадукт ад пачатку да канца.
Нягледзячы на рэкордныя інвестыцыі ў сектар, усё больш заснавальнікаў кажуць пра прыкметы перагрэву. «Зашмат капіталу, зашмат ШІ-стартапаў. У нейкі момант бурбалка лопне, — лічыць Чжан. — Проста ніхто не ведае калі».
Читать на dev.by