«Малюнак сабакі прыйшлося ўзгадніць у Мінкульце». Што адпраўляюць поштай дадому і з дому. Ёсць лайфхакі
Праверылі змесціва паштовых адпраўленняў. Знайшлі салодкае, мяккае, цёплае і сапраўднае.
Напярэдадні Новага года хочацца дасылаць пасылкі родным людзям. Асабліва тым, з кім складана абняцца ўжывую. У нашы дні паштовыя адпраўленні здаюцца амаль дзівацтвам, бо купіць можна прыкладна ўсё прыкладна ўсюды.
Але пасылка з дома/дадому валодае асаблівай магіяй: у ёй не проста салодкасці і (без)карысныя рэчы — у ёй любоў і клопат, адчувальнае сведчанне жыцця па другі бок мяжы.
Спыталі ў чытачоў, як, што і па колькі яны шлюць сваім блізкім дадому і за мяжу.
Са спосабамі дастаўкі ў цэлым усё проста: большасць карыстаюцца звычайнай поштай. Паводле слоў чытачоў пасылкі з Беларусі ў Польшчу даходзяць прыкладна за два тыдні, з Еўропы ў Беларусь — за месяц. У зносінах з ЕС тарыфы прыкладна аднолькавыя па абодва бакі мяжы: за 3-кілаграмовую пасылку Пошце польскай трэба заплаціць каля 100 злотых, Белпошце — 76-78 рублёў. Нятанна і не вельмі хутка, але даволі надзейна. А яшчэ, здаецца, гэта спосаб перадаць родным у ЕС «забароненыя» прысмакі кшталту згушчонкі (пра гэта ніжэй).
«Пасылка 1,5 кг дайшла ў Беларусь за 2 тыдні, кошт адпраўлення — каля 80 злотых».
«Кожны снежань шлю пасылкі з Гданьска ў Мінск і Магілёў. Даходзяць за 2,5-3,5 тыдні. Заўсёды выбіраю прыярытэтную дастаўку: яна ўсяго на пару злотых даражэй, а шанец, што прыйдзе хутчэй, ёсць. Адзін раз вялікая скрыня на 6-7 кг прыйшла за 5 дзён, але больш такога не паўтаралася».
Праўда трэба быць гатовым да таго, што пасылкі з Беларусі прыйдуць адкрытымі (і зноў заклеенымі): паводле слоў чытачоў, гэта робяць на Белпошце ў прысутнасці кліента — каб прагледзець і перапісаць змесціва. Пасылкі ў Беларусь прыходзяць цэлымі.
«Абедзве былі раскрытыя, упакоўка (нават святочная) разрэзаная. Бабуля казала, што гэта рабілі пры ёй на пошце. Потым яны пераклейваюць скрынкі сінім скотчам з лагатыпам Белпошты».
Мы зазірнулі ў калькулятар Белпошты і параўналі бягучыя цэны з леташнімі — тарыфы ў розныя краіны выраслі нераўнамерна. Напрыклад, непрыярытэтная 5-кілаграмовая пасылка ў Польшчу падаражэла на 3%, у Партугалію — на 4%, у Літву — на 5%, у Германію — на 6%, у Латвію — на 13%.
Цэны па Еўропе плюс-мінус падобныя — 90-115 рублёў за 5-кілаграмовую непрыярытэтную пасылку. Такая ж у ЗША абыдзецца ў 221 рубель, 3-кілаграмовая будзе заўважна танней — 148 рублёў.
Між іншым, з Беларусі па-ранейшаму можна адправіць пасылку ў Чэхію (95 рублёў за 5 кг), адкуль нядаўна перасталі дастаўляць пошту ў Беларусь. Вось актуальны спіс краін, куды даходзяць паштовыя адпраўленні з Беларусі. У некаторыя, напрыклад, Ліхтэнштэйн і КНДР, даходзіць толькі пісьмовая карэспандэнцыя.
Чытач з Літвы, між тым, паведамляе, што ў яго не прынялі пасылку ў Беларусь.
«З Вільні на працягу 2 гадоў адправіў некалькі пасылак. Было окей. Але ў жніўні на пошце мне сказалі, што пасылкі ў РБ больш не дастаўляюць. Лісты можна — пасылкі не».
З Беларусі ў Вільню пасылкі ходзяць: 3 кг за 69 рублёў, 5 кг за 82 рублі, калі верыць паштоваму тарыфікатару.
Вось тут можна пагуляцца з калькулятарам Пошты польскай. Чытачы раяць звярнуць увагу на Usługi listowe: т. зв. «ліст» можа важыць да 2 кілаграмаў, каштуе 60 злотых. У Белпошты такое адпраўленне называецца «малы пакет».
«Да 2 кг можна не пасылку, а лістом па пошце адпраўляць. Будзе наогул 65.20 зл».
Канечне, акрамя пошты, беларусы карыстаюцца паслугамі знаёмых, кіроўцаў аўтобусаў і прыватнікаў, для якіх такія дастаўкі — бізнес. Вось тут мы апісвалі даступныя опцыі.
«Шкарпэткі з футрам, бабуля вырашыла ў нас у паўночным Гданьску вельмі халодна»
Дык што і навошта шлюць адзін аднаму беларусы? У асноўным усялякую мілату, кнігі і прысмакі. Але не толькі! Сустракайце падборку ад нашых чытачоў.
«На мінулым тыдні адправіла з Польшчы 3 кг за 100 злотых. У асноўным туды-сюды адпраўляюцца салодкасці. Згушчонку мне кожны раз адпраўляюць банкамі. Атрымлівала таксама сушанае мяса і рыбу. У гэты раз я адправіла ў РБ паштэт у шкляной тары — спадзяюся, дойдзе».
«Жыву ў Польшчы, рэгулярна шлю-атрымліваю пасылкі. Так мы з сваякамі і сябрамі віншуем адзін аднаго са святамі.
З Беларусі пачкі стабільна даходзяць хутчэй, калі прыярытэтам, то за пару тыдняў. З Польшчы ідзе каля месяца. Але ў Польшчы я прыношу на пошту ўжо заклееную скрыню, а ў Беларусі перабіраюць і перапісваюць кожны прадмет. Пару тыдняў таму, мне расказвалі, аглядалі з асаблівай стараннасцю: забралі скрыню на свой бок і мацалі кожную вафлю.
Аднойчы сябар вырашыў паслаць мне малюнак з выявай маёй сабакі. Малюнак дакладна не цягнуў на твор мастацтва, але яму адмовілі, спаслаўшыся на тое, што гэта можа быць гісторыка-культурная каштоўнасць. Аднак сябру хапіла ўпартасці схадзіць у Міністэрства культуры і аддаць малюнак на экспертызу. Атрымаўшы пісьмовае пацверджанне з пячаткамі, ён змог адправіць гэты шэдэўр (прыкладаецца!).
«Пасылкі з РБ даходзяць, адпраўлялі з Белпошты, але налепкі на пачцы — Europochta. Гэта, наколькі памятаю, паскораны экспрэс-тарыф. Даходзіць за некалькі тыдняў — праз 10-12 дзён звычайна у РП на сартоўні, а потым як мытня выпусціць. Мне дасылаюць розныя дробязі, шакалад, цукеркі. Я праз знаёмых магу перадаць, калі што-небудзь замовяць. Маім падабаецца ptasie mleko».
«Часцей за ўсё кладу ў скрынку навагодні дэкор, свечкі, пернікі, цукеркі і г. д. Яшчэ посуд, вазы, касметыку, абутак. У апошнюю пасылку паклала варэнне — нармальна дайшло, нічога не правяралі і не выкідалі. Адзін раз прысылала сухую гліну ў парашку — адмысловых затрымак не было, але я хвалявалася, што менавіта з-за парашку могуць не прапусціць.
Вох, яшчэ! Два гады таму я адпраўляла камеру — яна таксама нармальна дайшла, дэкларацыі не прасілі. І кнігу пра архітэктуру Кіева: вось з-за яе я вельмі хвалявалася, таму абматала ўсялякімі чорнымі скотчамі, каб не прасвечвалася назва. Але, мяркуючы па маім досведзе, пасылкі з Польшчы ў РБ не раскрываюць — толькі ў адваротны бок. Пасля ўскрыцця яны пераклейваюць скрынкі сінім скотчам з лагатыпам Белпошты.
Мне пасылкі прысылалі двойчы. Адзін раз гэта былі кнігі (не магла замовіць іх тут праз сайты), другі раз — шкарпэткі. Чаму шкарпэткі? Яны былі з футрам, бабуля вырашыла што тут, у паўночным Гданьску, вельмі холадна.
Яшчэ прашу часам у мамы напісаць паштоўку ад рукі, каб убачыць почырк.
З ежы я нічога не заказваю, хоць іншы раз хочацца паесці цукерку «Вожык». Але ўсё ж адны толькі цукеркі не вартыя таго, каб адпраўляць пасылку».
«Учора за 80 злотых 1,5 кг прыярытэтнай пасылкай адправiла. Нічога асаблівага: першы раз для тэсту падаруначкі для блізкіх, цукерачкі, смаколікі, калядныя ўпрыгожванні, касметыкі дробныя.
Пра перадачы з кіроўцам: толькі нядаўна з Беларусі нам прывозілі наш перфаратар за 25 еўра. Дакумент аўтобусам аднойчы перадавалі — 20€. Як па мне дык занадта».
«Рэгулярна шлю пасылкі бацькам з Варшавы ў Беларусь. Часцей за ўсё ў невялікай/сярэдняй пудэльцы. Бацькам я звычайна адпраўляю каву, шакалад і ўсякае такое. Усё ў парадку: часам ідзе вельмі доўга, але даходзіць. Мне ж бацькі адпраўлялі зефір, печыва, спецыі ад Maggy і згушчонку ў тубах (думаю, дзякуючы тубам і пракаціла). Клалі ў пасылку таксама мае замовы на Wildberries: чахлы для тэлефона, торбу і г. д.
Акрамя гэтага, мне пару разоў слалі нашу беларускую вопратку — у асноўным, Mark Formelle: ніжнюю бялізну, шкарпэткі, кофты, штаны. Вельмі падабаецца якасць (у Польшчы, як па мне, шкарпэткі і бялізна жахлівай якасці, a SKIMS заказваць дорага). Ну і прынты MF мне падабаюцца — вельмі класныя на шкарпэтках і майках, ёсць беларуская сімволіка.
Прасіла бацькоў пазрываць на вопратцы біркі, каб не выглядала новым, але можа, і лішнія перасцярогі. За 2-3 тыдні ўсё без праблем даходзіла».
«Мы жывём у польскім прыгранічным горадзе, ад сваякоў у Беларусі нас аддзяляе ўсяго 40 км. Таму адпраўляць пасылкі поштай я не бачу сэнсу. Шукаю знаёмых, якія рэгулярна ездзяць праз мяжу, або кіроўцаў, якія гэтым зарабляюць (акрамя перавозчыкаў, шмат такіх, хто па буднях працуе ў Польшчы, а на выходныя едзе дадому). Спакойна перадаю ўсё, што трэба. Акрамя таго, у нас штодзённа ходзяць тры рэйсавыя аўтобусы якія ходзяць штодзённа і праз якія можна перадаць, што заўгодна за 50 злотых.
У Беларусь звычайна перадаем пральны парашок (мама кажа, пасля мыцця рэчы шарэюць — ці то ад вады, ці то ад мясцовага парашку), каву, шакалад і розныя цукеркі. Яшчэ вітаміны і таблеткі, якіх няма ў Беларусі. Часам вопратку: такая ж, як на WB, на SHEIN каштуе ў разы танней.
З Беларусі мне прывозяць селядзец звычайны «Матыяс». Каўбасу я не ем, а вось згушчонку і тушонку правозяць: проста змяняюць этыкетку і вязуць. Часам так у Польшчу нават сыр і каўбасы перадаюць. Людзі ў чатах ведаюць, як перавезці, і свядома за гэта бяруцца. Проста трэба мэтанакіравана шукаць перавозчыкаў, якія гэтым займаюцца.
А калі пасылка не «санкцыйная», то і няма сэнсу плаціць за перавозку: людзі проста так бяруць».
Bittersweet. Што там, у «шкарпэтках» і «піжамах»
Што ўнутры пасылкі, разабраліся. А вось што ўнутры гэтага «унутры»? Невыказнае. Спыталі чытачоў пра эмоцыі.
«Шчыра, заўсёды плачу. Мама яшчэ часта кладзе ў пасылку цыдулкі, лісты. Гэта заўсёды mixed feelings — і радасць і смутак. Нават калі ў моманце ўсё дрэнна, то вось прыходзіць табе пасылка, і настрой падымаецца. Такое пачуццё, што часцінка дома — са мной».
«Адчуваю ўдзячнасць — не столькі за самі пасылкі, колькі за час, затрачаны на падрыхтоўку, на стаянне ў чэргах на пошце. І — цёплае адчуванне ўнутры, калі разглядаеш упакоўку і бачыш нейкія знакі на рэчах, надпісы на мове ці нават значок госту. Згушчонку я і тут магу знайсці, а вось такія дробныя дэталі, што адрозніваюць нашы рэчы, зробленыя не на імпарт, толькі ў пасылцы.
На паштальёна з пасылкай (якая з шкарпэткамі) я накінулася каля дома і пачала запэўніваць, што гэта маё. Проста ўбачыла блакітны скотч Белпошты.
Для родных у Беларусі мае пасылкі таксама радасць, асабліва для тых, з кім я не магу пазваніцца з-за адсутнасці ў іх інтэрнэту. Мама кажа што, гэта адначасова і смутак, і радасць. Такі bittersweet.
Думаю, што сезон, у які я адпраўляю, таксама мае значэнне. Зімой, перад Новым годам і Калядамі, больш за ўсё хочацца быць побач».
«Для мяне пасылкі з дома — гэта праява клопату з боку блізкіх. Мы з мужам вельмі добра адаптаваліся ў Польшчы, нейкай патрэбы ў чымсьці ў нас няма, але клопат заўсёды прыемны. Для родных жа пасылкі з Польшчы, напэўна, магчымасць дакрануцца да якасці і пашырыць магчымасці».
Читать на dev.by