Duolingo адпраўляе супрацоўнікаў у святочны адпачынак на 2 тыдні кожны год. CEO сцвярджае, што гэта таго варта
Кожную зіму Duolingo адпраўляе сваіх супрацоўнікаў у двухтыднёвы адпачынак. Па словах сузаснавальніка і гендырэктара Луіса фон Ана, гэтая традыцыя існуе з самага пачатку кампаніі і апраўдвае сябе.
«Для публічнай кампаніі гэта нетыпова», — напісаў фон Ан у LinkedIn. Тым больш для кампаніі, якая нядрэнна расце — за гэты год штат Duolingo павялічыўся на 14%, зараз гэта каля 950 чалавек.
Як тлумачыць прадпрымальнік, звычайна, калі супрацоўнікі сыходзяць у адпачынак, іх праца ідзе сваім ходам: паведамленні ў працоўных чатах і емэйлы працягваюць збірацца, у людзях жыве напружанне з-за таго, што можна прапусціць нешта важнае, а потым яшчэ нейкі час прыйдзецца ўваходзіць у курс бягучых спраў. У зімовы адпачынак у Duolingo ўсё не так, таму што практычна ўсе прыпыняюць працу сінхронна — акрамя ключавой каманды, якая адказвае за функцыянаванне аплікацыі.
«Калі вы вяртаецеся, няма кучы [працы], якую трэба разграбаць», — кажа фон Ан. Па яго словах, гэта вельмі важна, каб супрацоўнікі маглі па-сапраўднаму адмежавацца ад працы і сканцэнтравацца на жыцці і сям'і.
Традыцыя асабліва важная для замежных супрацоўнікаў, якія жывуць і працуюць далёка ад дому — няма сэнсу марнаваць уікэнд, калі палёт займае 10 гадзін у адзін бок. За два тыдні яны паспяваюць спакойна дабрацца і добра правесці час з сям’ёй.
Акрамя таго, зімовы перапынак дае супрацоўнікам магчымасць парэфлексаваць наконт таго, як узгадняюцца іх асабістыя мэты з працай і астатнім жыццём — складана глыбока пагрузіцца ў сябе за звычайныя выходныя ці кароткія перыядычныя адпачынкі. Зімовыя канікулы ім аплачвае кампанія, але фон Ан упэўнены, што такія выдаткі акупляюць сябе: «Каб пабудаваць устойлівую кампанію, трэба клапаціцца пра важнае», — напісаў гендырэктар.
Читать на dev.by