Дураў: расследаванні супраць Telegram — гэта хлусня і правакацыя
Бізнесмен заявіў, што крытычныя публікацыі ў СМІ пра месэнджар могуць быць часткай мэтанакіраванай кампаніі па яго дыскрэдытацыі. Паводле Дурава, Telegram рэгулярна сутыкаецца з «медыаціскам» за сваю пазіцыю.
Бізнесмен заявіў, што крытычныя публікацыі ў СМІ пра месэнджар могуць быць часткай мэтанакіраванай кампаніі па яго дыскрэдытацыі. Паводле Дурава, Telegram рэгулярна сутыкаецца з «медыаціскам» за сваю пазіцыю.
У якасці прыкладаў Дураў прывёў некалькі выпадкаў, якія ён лічыць праявамі такой кампаніі. Сярод іх — паведамленні пра быццам палітычна матываваную блакіроўку OSINT-каналаў. Як сцвярджае Дураў, гаворка ішла пра кароткачасовае аўтаматычнае прыпыненне працы асобных каналаў з-за публікацыі персанальных даных, а не пра цэнзуру.
Таксама ён назваў «тэхнічна непісьменным» расследаванне пра IP-адрасы Telegram, у якім сцвярджалася, што месэнджар можа ўяўляць пагрозу для сваіх карыстальнікаў. Паводле Дурава, гэтыя абвінавачванні былі абвергнутыя незалежнымі спецыялістамі, аднак іх абвяржэнні не атрымалі шырокага распаўсюджвання ў медыа.
Апроч таго, заснавальнік Telegram указаў на распаўсюджванне фэйкавай навіны пра быццам сыход месэнджара з Расіі, якая з’явілася ў сатырычным выданні «Панарама». Па яго словах, Telegram прыйшлося дадаваць абвяржэнні пад такімі пастамі ўнутры самога месэнджара.
У адказ на асцярогі наконт магчымага доступу расійскіх спецслужбаў да даных Telegram кампанія зноў падкрэсліла, што ніколі не раскрывала прыватныя паведамленні трэцім асобам і яе сістэма шыфравання не была ўзламаная. У Telegram дадалі, што ні адзін з іх тэхнічных падрадчыкаў, уключаючы Global Network Management (GNM), не мае доступу да зместу паведамленняў, ключоў шыфравання ці ўнутранай інфраструктуры платформы.
«Telegram больш за 12 гадоў адстойвае права людзей на прыватнае жыццё і вольны доступ да інфармацыі, з-за чаго мы часта робімся прадметам медыаціску з розных бакоў. Магчыма, што мы маем справу не з бяскрыўднымі памылкамі журналістаў, а з мэтанакіраванай кампаніяй па дыскрэдытацыі Telegram. Будзьце ўважлівыя!» — напісаў Дураў у сваім канале.
Раней у чэрвені «Важныя гісторыі» апублікавалі расследаванне, у якім гаварылася, што частку сервернай інфраструктуры Telegram абслугоўвае кампанія, уладальнік якой, Уладзімір Ведзянееў, ускосна звязаны з ФСБ. Гэта выклікала ў карыстальнікаў асцярогі наконт уразлівасці месэнджара. У адказ на гэта Telegram заявіў, што застаецца незалежнай глабальнай кампаніяй і не супрацоўнічае з дзяржаўнымі структурамі ў пытаннях доступу да карыстальніцкіх даных.
Рэлацыраваліся? Цяпер вы можаце каментаваць без верыфікацыі акаўнта.