Джун вярнуўся пасля года ў войску, а кампаніі ўжо няма. «Як быццам свет абваліўся»
Спойлер: свет, хай і з цяжкасцю, удалося перасабраць.
Не так даўно джун, які вельмі пераймаецца праз тое, што яго забяруць у войска і ён пагубляе там прафскілы, папрасіў падзяліцца досведам тых айцішнікаў, хто ўжо вярнуўся са службы. Адгукнуўся наш чытач, які сышоў у войска з размеркавання. У яго простая і драматычная гісторыя: пакуль хлопец служыў, кампанія ліквідавалася.
— Я пачаў працаваць у аўтсорс-кампаніі пры канцы лета 2021 года, перад чацвёртым курсам. Пасля ВНУ застаўся там на размеркаванні. Усё было добра: кар’ера ішла ў гару, зарплата расла як на дражджах, мне ўжо прапаноўвалі выконваць некаторыя функцыі па наборы людзей і праверцы тэставых (праца для мідлоў/сеньёраў). Але ў кастрычніку 2022-га мяне забралі ў войска.
У кампаніі да майго прызыву паставіліся з разуменнем. СЕО нават намякаў, што «калі што», я магу працаваць і з войска, не вельмі афіцыйна. Аднак такіх спосабаў я не знайшоў.
За год службы ў войску да праграмавання я не дакранаўся, але, па адчуваннях, нічога асабліва не памянялася.
Навыкаў я не пагубляў, што праўда, і новых не набыў. Магчыма, веды сінтаксісу мовы ледзь саслаблі, але рашэнне задач усё вяртае на месца.
Але пакуль я быў у войску, мая кампанія пачала міграцыю з рынку Беларусі. І калі я вярнуўся ў лістападзе 2023-га, філіял ужо ліквідавалі. У мяне як быццам свет абваліўся, я наогул не разумеў, што буду рабіць, ці застануся ў ІТ.
Па размеркаванні да войска я паспеў адпрацаваць толькі 3-4 месяцы, потым адпрацоўку паставілі на паўзу. Але тут праблемы не ўзнікла.
Я проста звярнуўся ва ўніверсітэт па даведку аб самастойным працаўладкаванні, і мне без лішніх пытанняў яе далі, бо я адслужыў.
Толькі нагадалі, што трэба паведаміць кампаніі, у якой я праходзіў размеркаванне. Але тут я адказаў, што апавяшчаць няма каго, бо кампаніі ўжо няма. (Забягаючы наперад: даведка мне дагэтуль не спатрэбілася, я працую на ППД).
Насамрэч у маёй ранейшай кампаніі супрацоўнікаў, якія засталіся ў краіне, не выкінулі, проста перавялі на ППД. І, вядома, мой першы імэйл пасля войска быў да іх. Але мне адказалі, што найманне замарожанае — нават у дачыненні да «такіх крутых», якім яны мяне памяталі, папрасілі напісаць пазней. Я напісаў яшчэ раз у лютым 2024-га.
Адказалі, што маглі б узяць, але стэк тэхналогій у іх пашырыўся — яны, як і большасць кампаній, хочуць ключык ад усіх дзвярэй.
Увогуле, ім патрэбны быў PHP. Я спрабаваў на старце (яшчэ калі не было асаблівых ведаў, нават франтэнду), і мне не асабліва палюбілася калупацца з ім. Кампанія тады з разуменнем ставілася да гэтага, таму я да канца заставаўся ў франтэнд-частцы. Думаю, калі б не войска, то так працягвалася б і далей: я б займаўся па большай меры франтэндам і мяне не звольнілі б.
Да войска я, вядома, не думаў, што за час маёй адсутнасці ў айцішцы адбудзецца такі «бум». Знайсці новую працу аказалася складана, і войска не палегчыла задачы.
Першае пытанне ад большасці працадаўцаў: «А што гэта за перапынак у вас у год?» Другое: «А ці не страцілі вы нешта за гэты час?» Тыя, хто акцэнтаваў на гэтым увагу, звычайна не вярталіся.
Працу шукаў чатыры месяцы. Калі б не ўдача, думаю, шукаў бы і далей. Проста неймаверная выпадковасць: мой водгук выбралі з 660-і!
Гэта маленькі стартап беларусаў, якія знаходзяцца не ў краіне. Праект накіраваны на еўрапейскі рынак. Супрацоўнікі ў Беларусі — на ППД. Мне падабаецца тое, што я раблю (задачы куды больш комплексныя, чым тыя, што былі ў першай кампаніі), але не падабаецца, што за гэта я атрымліваю куды менш грошай. У параўнанні з працай да войска мая зп упала амаль у два разы (у стартапа няма вялікіх грошай), а абавязкаў стала куды больш.
Вядома, служба прыпсавала мне рэзюмэ, знікненне на год уплывае на ўспрыманне эйчарамі тваёй кандыдатуры. Але, азіраючыся назад, я разумею, што ў маёй сітуацыі ідэальнага рашэння і не было. З войскам ці без, мяне ў любым выпадку чакалі б праблемы.
Дапусцім, мяне б не прызвалі — кампанія б усё роўна ліквідавалася і мне спатрэбілася б новае месца для адпрацоўкі. У вас была гісторыя пра хлопца, якога скарацілі, хоць яму заставалася яшчэ 6 месяцаў на размеркаванні. Пераезд за мяжу з працягам працы на сваю кампанію тады таксама не быў варыянтам. Як ні круці, я апынуўся б у вельмі непрыемнай для дупы сітуацыі.
Апошнія пару гадоў я наогул не магу будаваць планы. Таму пакуль проста працую, папаўняючы свае «залатыя запасы». Часам адгукаюся на вакансіі і праходжу сумоўі, але часу цяпер на гэта менш, чым было да працы. Я не супраць кудысьці пераехаць, але на гэта мае быць прычына (офер). Пакуль такога не знайшоў.
Читать на dev.by