Расійскія айцішнікі раскрытыкавалі расійскі софт
Расійскія ІТ-спецыялісты, якія працуюць з інфраструктурным софтам мясцовага паходжання, лічаць, што ён падыходзіць для вырашэння базавых працоўных задач, але дрэнна сумяшчальны з іншымі рашэннямі — расійскімі і замежнымі. На гэты недахоп паказваюць 63% айцішнікаў, апытаных на просьбу Forbes распрацоўшчыкам софту для бізнэсу Orion soft.
У апытанні ўзялі ўдзел 1225 мідлоў і сеньёраў з кампаній са штатам 250+ чалавек і выручкай $20+ млн на год. Ва ўсіх апытаных ёсць досвед працы з расійскім інфраструктурным софтам (аперацыйныя сістэмы, рашэнні для віртуалізацыі і кантейнерызацыі, сістэмы рэзервовага капіявання, аддаленага доступу, білінгу, кіравання воблачнай віртуальнай інфраструктурай, СКБД). Каля 52% пачалі працаваць з ім у 2022–2024 гадах, 48% — да 2022 года.
Расійскі інфраструктурны софт выявіўся ніжэйшым за чаканні больш як паловы апытаных — 54%, хоць і закрыў іх асноўныя працоўныя патрэбы. 42% рэспандэнтаў расказалі, што расійскі софт адпавядае іхнім чаканням і цалкам задавальняе працоўныя запыты. Па 2% рэспандэнтаў выказалі палярныя пункты гледжання: для адных расійскі софт перасягнуў чаканні, а іншыя не рэкамендуюць ім карыстацца.
На думку 41% удзельнікаў даследавання, расійскія аналагі саступаюць замежным рашэнням у прадукцыйнасці. Амаль столькі ж (39%) адзначае недастатковую функцыянальнасць. Каля траціны ІТ-спецыялістаў кажа, што расійскія вендары не надаюць дастатковай увагі навучанню заказчыкаў працы са сваімі прадуктамі. 22% адзначаюць недахоп якаснай дакументацыі, 18% не задаволеныя тэхпадтрымкай.
Сярод пераваг расійскіх рашэнняў рэспандэнты адзначаюць зручны інтэрфейс, падобны да заходніх аналагаў (46%), і наяўнасць неабходнага функцыяналу (44%). Для 39% важным плюсам стала наяўнасць зразумелай тэхнічнай дакументацыі і гайдаў па працы з прадуктам.
І кіраўнікі ІТ-напрамкаў прадпрыемстваў, і тыя, хто непасрэдна працуе з софтам, падкрэсліваюць праблему пры забеспячэнні сумяшчальнасці сфоту. Таму значным фокусам развіцця для вендараў у 2025 годзе ў Orion soft называюць тэхналагічныя партнёрствы. Там лічаць, што распрацоўка глыбокіх прадуктовых інтэграцый сумесна з лідарамі розных сегментаў ІТ-рынку дапаможа хутчэй дасягнуць планкі, якую задалі замежныя рашэнні.
Паводле ацэнак Strategy Partners, сегмент інфраструктурнага софту ў Расіі ў 2023 годзе вырас амаль на траціну да 101 млрд RUB ($1 млрд) — +31% пасля абвалу па выніках 2022-га. Але па-ранейшаму не дасягнуў узроўню 2021 года, калі ён склаў 132 млрд RUB. Паводле прагнозаў аналітыкаў, да 2029 года ён можа вырасці да 246 млрд RUB.
Читать на dev.by