Экс-інжынер Google краў АІ-сакрэты кампаніі, а потым запусціў свой стартап у Кітаі
Мінюст ЗША абвінаваціў былога супрацоўніка Google па імені Ліньвэй Дзінг у крадзяжы канфідэнцыйнай інфармацыі пра АІ. Атрыманыя даныя ён перадаваў дзвюм кітайскім кампаніям, на якія працаваў без ведама Google.
Супрацоўніку выстаўленыя абвінавачванні ў чатырох выпадках крадзяжу камерцыйнай таямніцы. Яго арыштавалі ўчора ў Ньюарку прыкладна за 20 км ад штаб-кватэры Google у Крэмніевай даліне.
38-гадовы супрацоўнік займеў больш як 500 дакументаў, у якіх утрымліваліся звесткі аб апаратнай інфраструктуры і праграмнай платформе для навучання АІ-мадэляў у дата-цэнтрах Google.
Дзінг з’яўляецца грамадзянінам Кітая. У Google ён уладкаваўся ў 2019 годзе на пазіцыю праграмнага інжынера. У яго задачы ўваходзіла распрацоўка софту для дата-цэнтраў Google, у сувязі з чым у яго быў доступ да канфідэнцыйнай інфармацыі.
У маі 2022 года Дзінг выгрузіў яе праз асабісты акаўнт на Google Cloud. У чэрвені таго ж года гендырэктар адной кітайскай кампаніі прапанаваў яму ролю СТО з заробкам у $14,8 тысячы на месяц. Ад кастрычніка 2022-га да сакавіка 2023-га Дзінг займаўся прыцягненнем фінансавання для той кампаніі.
А ў маі 2023-га запусціў у Кітаі свой АІ-стартап, у якім займаў пасаду гендырэктара. Расказваючы пра яго перад інвестарамі ў лістападзе, Дзінг хваліўся веданнем вылічальнай платформы Google, якую прапаноўваў скапіяваць, палепшыць і падвесці пад кітайскія рэаліі.
Каб схаваць працу ў Кітаі ад Google, Дзінг прасіў аднаго з калег чэкініцца за сябе ў амерыканскіх офісах кампаніі. Яго выкрылі падчас расследавання пры ўдзеле ФБР. Прадстаўнік Google падкрэсліў, што ў справе быў замяшаны толькі адзін малодшы інжынер і што праблема не носіць масавага характару.
Цяпер яму пагражае да 10 гадоў турмы і штраф да $250 тысяч па кожным з чатырох пунктаў абвінавачвання.
Читать на dev.by