Экс-СЕО Google купіў супер'яхту расійскага алігарха
Мільярдэр і былы гендырэктар Google Эрык Шміт мінулай пятніцы купіў на аўкцыёне 80-метровую яхту Alfa Nero, піша Bloomberg са спасылкай на амбасадара Антыгуа і Барбуда ў ЗША Рональда Сандэрса. Паводле яго слоў, працэс быў «цалкам празрыстым». Лот сышоў з малатка за $67,6 млн.
Яхта з басейнам, які ператвараецца ў верталётную пляцоўку, знаходзілася ў адным з партоў астраўной дзяржавы ад сакавіка 2022 года. Яе звязваюць з расійскім бізнэсоўцам Андрэем Гурыевым — саўладальнікам прадпрыемства «ФосАгра», які патрапіў пад заходнія санкцыі пасля нападу Расіі на Украіну.
Прадстаўнікі Гурыева адмаўляюць, што яхта належала яму. Паводле іх слоў, ён толькі арандаваў судна. У працэс аўкцыёну паспрабавала ўмяшацца дачка Гурыева, назваўшы сябе ўладальніцай яхты.
Улады Антыгуа сцвярджаюць, што Гурыеў купіў яхту за $120 млн у 2014 годзе і што яна была кінутая ля берагоў краіны пасля ўвядзення супраць алігарха амерыканскіх санкцый. Яны імкнуліся пазбавіцца ад супер’яхты, бо яе ўтрыманне абыходзілася занадта дорага — $112 тысяч на месяц.
Шміт узначальваў Google ад 2001 да 2011 года. Bloomberg ацэньвае яго багацце ў $25 млрд — у рэйтынгу мільярдэраў ён займае 60 месца.
Читать на dev.by