Экс-топ Google і Microsoft распавяла, як аварыя перавярнула яе падыход да кіравання людзьмі
54-гадовая Нісім Рашэт, акаўнт-дырэктар Databricks і былы топ-менеджар у Google і Microsoft, распавяла, як асабістая трагедыя змяніла яе кар’еру і стыль кіравання.
У 2018 годзе Нісім трапіла ў аўтакатастрофу і атрымала чэрапна-мазгавую траўму. Пасля аднаўлення страціла здольнасць працаваць у рэжыме пастаяннай шматзадачнасці, але лічыць, што гэта зрабіла яе больш эфектыўным лідарам. «Я стала больш уразлівай, навучылася дзяліцца сваёй гісторыяй і па-новаму супрацоўнічаць з людзьмі — гэта дало фундамент для вырашэння больш складаных задач», — сказала Рашэт.
Па словах аошэт, вяртанне да працы праз некалькі месяцаў пасля аварыі аказалася заўчасным, аднак з цягам часу яна перабудавала падыход: замест дзясяткаў дробных задач засяроджваецца на некалькіх буйных. У Google яна ўвяла «user guide» пра сябе — памятку для калег з апісаннем зменаў у стылі працы «да і пасля». Сярод ключавых пунктаў — адмова ад тэлефонных званкоў і галасавой пошты, адсутнасць шматзадачнасці, пазбяганне вялікіх канферэнцый і позніх нетворкінгаў.
Гэтыя змены паўплывалі на яе кіраванне сустрэчамі. Калі раней яна заклікала ўдзельнікаў «укліньвацца з пытаннямі», то цяпер прадстаўляе некалькі каналаў удзелу — ад паведамленняў падчас сустрэчы да наступных нататак. «У пачатку я тлумачу, што больш не камунікую і не працую як раней. Гэта дапамагае іншым расказваць пра свае асаблівасці, каб мы падабралі найлепшы фармат узаемадзеяння», — адзначыла яна.
Рашэт кажа, што важна прызнаць уласныя абмежаванні і расказваць пра гэта камандзе і кліентам. На некаторых унутраных сустрэчах у Google гучная музыка для «разагрэву» аўдыторыі выклікала ў яе дыскамфорт — яна стала падключацца на некалькі хвілін пазней, загадзя папярэджваючы арганізатараў.
У 2025 годзе Рашэт перайшла ў Databricks на пазіцыю акаўнт-дырэктара і ўпэўнена, што лепшае веданне сваіх межаў дапамагае паспяховей уваходзіць у новыя ролі. «Даводзіцца наўмысна выбудоўваць камунікацыю і быць дабрэйшай да сябе. Прыкідвацца, што можаш тое, чаго не можаш, — дрэнна для ўсіх. Уразлівасць — вялікая частка добрага лідарства», — падсумавала яна.
Читать на dev.by