EPAM і Wargaming зноў сталі найбуйнейшымі ІТ-бізнэсамі Літвы па падатках (х2 да мінулага года)
EPAM і Wargaming сталі найбуйнейшымі падаткаплацельшчыкамі ў літоўскім ІТ па выніках мінулага года. Ізноў. І сёлета яны прынеслі ў літоўскі бюджэт у два разы больш падаткаў, ніж у папярэднім, вынікае са звестак Дзяржаўнай падатковай інспекцыі пры літоўскім Мінфіне. Разабраліся, колькі гэта ў грошах і хто яшчэ з беларускіх кампаній уваходзіць у топ падаткаплацельшчыкаў Літвы.
EPAM
EPAM Sistemos, як і ў 2022 годзе, заняла першае месца ў рэйтынгу падаткаплацельшчыкаў сярод літоўскіх ІТ-бізнэсаў. За год кампанія заплаціла 20,6 мільёна еўра падаткаў — у два разы больш, ніж у 2022 годзе. Самым выніковым для EPAM стаў другі квартал — за красавік-чэрвень кампанія прынесла літоўскаму бюджэту амаль 7 мільёнаў еўра падаткаў.
Усяго ў літоўскім EPAM зарэгістравана каля 1,4 тысячы спецыялістаў, або на 10% менш, ніж на пачатку студзеня 2023 года.
На працягу большай часткі мінулага года колькасць спецыялістаў у віленскім офісе зніжалася. Калі на пачатку 2023 года ў гэтай лакацыі працавала каля 1440 чалавек, то цяпер толькі 1270 (на момант падрыхтоўкі матэрыялу). Пры гэтым расла каманда падраздзялення ў Коўне. Тут зарэгістравана больш за 120 супрацоўнікаў, або ў два разы больш, ніж у студзені 2023 года.
Цяпер на сайце EPAM адкрыта амаль 90 вакансій для працы ў літоўскай кампаніі. Па колькасці вакансій Літва ўваходзіць у топ-15 лакацый у EPAM.
Нягледзячы на лідарства па падатках, па ўзроўні сярэдняй зарплаты сярод літоўскіх ІТ-кампаній з беларускімі каранямі EPAM знаходзіцца па-за межамі топ-10. Па выніках снежня сярэдні заробак, у прыватнасці ў віленскім офісе, склаў 4690 еўра (брута), медыянны заробак — 4500 еўра (брута).
Wargaming
Літоўская дачка Wargaming, як і летась, стала другой сярод літоўскіх ІТ-кампаній па суме выплачаных падаткаў. За мінулы год кампанія прынесла літоўскаму бюджэту каля 15 мільёнаў еўра — на 6,5 мільёнаў еўра больш, ніж за 2022 год (+75%).
Даход Wargaming Vilnius за мінулы год перавысіў 76 мільёнаў еўра. Гэта ў тры разы больш, ніж у 2022 годзе. Чысты прыбытак кампаніі таксама вырас у тры разы да 6,2 мільёна еўра (паводле звестак rekvizitai.vz.lt).
Wargaming, як і EPAM, скараціў каманду ў Літве. За год літоўскі офіс «страціў» каля 70 чалавек. Цяпер тут зарэгістравана больш за 900 спецыялістаў, хоць на працягу мінулага года штат кампаніі тут даходзіў да 1000+ супрацоўнікаў. Цяпер на сайце кампаніі размешчана каля 30 вакансій для працы ў Літве.
Топ-50
Сумарна за мінулы год Wargaming і EPAM заплацілі ў Літве 35,5 мільёнаў еўра падаткаў, або амаль у два разы больш, ніж у 2022 годзе.
Кампаніі з топ-50 падаткаплацельшчыкаў сектара «інфармацыя і сувязь» у Літве заплацілі за 2023 год 437,7 мільёна еўра падаткаў. Доля EPAM і Wargaming склала 8,0% ад усёй сумы.
У топ-50 падаткаплацельшчыкаў сектара «інфармацыя і сувязь» па выніках мінулага года таксама ўвайшлі яшчэ чатыры кампаніі з беларускімі каранямі: Andersen (6,5 мільёнаў еўра выплачаных падаткаў), Gurtam (5,1 мільёна еўра), Melsoft (4,2 мільёна еўра, Flo (3,3 мільёна еўра).
Сумарна шэсць ІТ-кампаній з беларускімі каранямі прынеслі бюджэту Літвы за мінулы год амаль 55 мільёнаў еўра падаткаў — у два разы больш, ніж па выніках 2022 года.
EPAM і Wargaming таксама па выніках 2023 года ўвайшлі ў топ-100 найбуйнейшых падаткаплацельшчыкаў Літвы. Дачка EPAM заняла 58 месца ў рэйтынгу (128 месца ў 2022 годзе), а дачка Wargaming — 81 месца (165 месца ў 2022 годзе).
У топ-500 найбуйнейшых падаткаплацельшчыкаў увайшлі Andersen (242 месца), Gurtam (329 месца), Melsoft (399 месца).
Колькі ўсяго ў Літве кампаній з беларускімі каранямі
Паводле даных ZPP|Belarus Business Center, усяго ў літоўскім сектары «інфармацыя і камунікацыя» зарэгістравана 62 кампаніі з беларускімі каранямі. Па колькасці дзейных беларускіх бізнэсаў сектар на пятым месцы.
Чытачы, што для вас dev.by?
- Месца сустрэчы з супольнасцю?
- Крыніца навін пра ІТ Беларусі?
- Крыніца любых навін?
- Месца для дыскусіі?
- Пляцоўка для адукацыі і абмену досведам?
- Кар’ерны кансультант?
- Можа, усё пералічанае вышэй? А, можа, нешта іншае?
А хто вы для dev.by?
Супольнасць людзей, якая развівае беларускую ІТ-індустрыю і робіць яе поўнай таленавітых праектаў, цікавых дыскусій і навін. Мы тут, каб трымаць вас у курсе гэтых прыгод. dev.by для нас — гэта ўсё пералічанае вышэй, а яшчэ — праца. Падтрымайце нашую рэдакцыю!
Вашыя грошы даюць нам магчымасць выплачваць заробкі журналістам, менеджарам, распрацоўшчыкам, прадзюсарам — усім тым, хто робіць dev.by. Засапорціць нас можна:
— Праз Patreon
— Праз Donorbox (калі вы ў Беларусі)
— Крыптой, тут гаманцы.
Дзякуй!
Читать на dev.by