EPAM ліквідуе адную з расійскіх кампаній
EPAM ліквідуе адную з расійскіх «дачок» — кампанію «Эпам Рашэнні». Такая інфармацыя з’явілася на партале «Федрэсурс».
Рашэнне пра ліквідацыю кампаніі было прынятае 30 верасня. Мяркуючы з інфармацыі на сайце Адзінага дзяржрэестра юрыдычных асоб РФ, цалкам ліквідаваць кампанію плануецца да канца верасня 2023 года.
EPAM валодае ў Расіі яшчэ дзвюма юрыдычнымі асобамі: ТАА «ЭПАМ Сістэмз» і ТАА «Коўдвэб». Пра планы наконт іх ліквідацыі пакуль нічога не вядома.
На пачатку сакавіка EPAM заявіў пра прыпыненне абслугоўвання расійскіх кліентаў.
На пачатку лістапада стала вядома, што EPAM падпісаў пагадненне пра продаж сваіх актываў у Расіі трэцяй старане. Кампанія не назвала пакупніка актываў і меркаваную суму ўгоды. «Тэрміны завяршэння продажу залежаць ад звычайных умоў закрыцця ўгоды, уключна з адабрэннем угоды расійскім урадам», — заявіла кампанія ў сваёй фінансавай справаздачы.
Пры канцы трэцяга квартала актывы EPAM у Расіі ацэньваліся амаль у 43 мільёны долараў.
На рахунках кампаніі знаходзілася 33,1 мільёна долараў, дэбіторская запазычанасць складала 8,8 мільёна долараў, сума забавязанняў расійскіх падраздзяленняў — амаль 11 мільёнаў долараў.
Читать на dev.by