EPAM асцерагаецца за дывідэнды праз пастановы беларускіх уладаў

EPAM асцерагаецца, што не зможа размяркоўваць дывідэнды па-за межамі Беларусі. Усё праз уведзеныя беларускімі ўладамі абмежаванні ў красавіку 2024.

Пра гэта гаворыцца ў справаздачы кампаніі для камісіі па каштоўных паперах і біржах ЗША.

6 каментарыяў

У красавіку ўрад Беларусі прыдумаў новы спосаб насаліць уласнікам беларускіх кампаній «з недружалюбных краін». Пастановай № 299 ад 19 красавіка замежным уласнікам з такіх краін абмежавалі магчымасць размяркоўваць прыбытак і дывідэнды. У спіс недружалюбных краін уключылі ЗША, дзе размешчаны галаўны офіс EPAM.

Як сказана ў пастанове ўрада, абмежаванне ўжываецца ў выпадку, калі сума выплачаных на працягу каляндарнага года прыбытку або дывідэндаў перавышае ў сукупнасці на ўсіх замежных уласнікаў маёмасці рэзідэнта 80 тысяч базавых велічынь. Цяпер гэта 3,2 мільёна рублёў або амаль мільён долараў.

Каб выплаціць прыбытак або дывідэнды, замежнаму ўласніку беларускай кампаніі неабходна атрымаць дазвол у мясцовых органах улады. А каб атрымаць такі дазвол, трэба выканаць шэраг патрабаванняў.

Напрыклад, у кампаніі не павінна быць страт, пратэрмінаванай запазычанасці па крэдытах, падатках і зборах.

А колькасць работнікаў у справаздачным перыядзе мае складаць не менш за 70% да ўзроўню аналагічнага перыяду мінулага года.

EPAM не раскрывае асобна фінансавай інфармацыі беларускай кампаніі. Але, верагодна, кампанія працуе з прыбыткам і не мае запазычанасці перад падатковай і ФСАН.

Пры канцы 2023 у кампаніі працавала 3,5 тысячы вытворчых супрацоўнікаў — 77% да колькасці супрацоўнікаў пры канцы 2022 года. Але гэта не ўсе спецыялісты, якія працуюць у Беларусі. Памер усёй каманды ў РБ нам не вядомы.

У лік «вытворчых» спецыялістаў EPAM уключае не толькі інжынераў: гэта BA, PM, дызайнеры і іншыя пазіцыі на ІТ-праектах. Паводле інфармацыі dev.by, усяго ў беларускім EPAM пры канцы 2023 года — з улікам усіх спецыялістаў — засталося менш за 5 тысяч чалавек з 10+ тысяч. 

EPAM у справаздачнасці не называе сумы дывідэндаў для магчымага размеркавання па-за межамі Беларусі. Пры гэтым кампанія паказвае на рызыкі іх размеркавання.

«Абмежаванні першапачаткова маюць дзейнічаць да канца 2025 года і могуць перашкодзіць EPAM размяркоўваць залішнія сродкі, калі такія ёсць, па-за межамі Беларусі».

Пры гэтым кампанія не чакае, «што новыя абмежаванні істотны паўплываюць на яе здольнасць выконваць грашовыя забавязанні ва ўсім свеце на працягу гэтага перыяду».

Атака на ўласнікаў з недружалюбных краін

Беларускія ўлады ўжо два гады спрабуюць ускладніць жыццё ўласнікам беларускіх кампаній з недружалюбных краін.

Успомнілі як гэта было:

  • У ліпені 2022 года ўрад пастановай № 436 зацвердзіў спіс беларускіх юрыдычных асоб з акцыянерамі з «недружалюбных» краін. Ім забаранілі адчужаць належныя ім долі (акцыі) у статутных фондах такіх юрыдычных асоб без спецыяльнага дазволу Мінфіна. У спіс уключылі 190 кампаній, у тым ліку з ІТ-сектара: «ЭПАМ Сістэмз», «Гейм Стрым», IBA Gomel Park, ТАА «АйЦіСапортМі».
  • Увосень 2022 года новым указам Лукашэнкі № 386 ад 31 кастрычніка акцыянерам «з недружалюбных дзяржаў» забаранілі рэарганізацыю юрыдычных асоб і выхад з іх. 
  • У студзені 2023 года ўрад пастановай № 54 пашырыў спіс юрыдычных асоб з акцыянерамі з «недружалюбных краін» у 10 разоў — да амаль 1900 кампаній. У ім апынуліся больш за 100 ІТ-кампаній.
  • У верасні 2023 года ўказам № 285 улады абмежавалі фінансавыя аперацыі ўласнікам з «недружалюбных» краін. Указ абавязвае кампаніі, якія трапілі пад абмежаванне, і іх замежных удзельнікаў (у выпадку ўвядзення такіх абмежаванняў) адкрываць спецрахункі ў беларускіх рублях у беларускіх банках. На гэтыя рахункі беларускія юрыдычныя асобы абавязаныя пераводзіць дывідэнды і прыбытак для замежных уласнікаў, а замежныя акцыянеры змогуць толькі праз гэтыя спецрахункі атрымліваць сродкі.
  • У кастрычніку 2023 года ўказам № 326 былі змененыя ўмовы адчужэння ўласнасці для кампаній з капіталам з «недружалюбных краін». З прыняццем указа пералік юрыдычных асоб з акцыянерамі з «недружалюбных краін» больш не фармуецца. Новыя ўмовы выхаду з бізнэсу тычацца ўсіх асоб з «недружалюбных краін», а таксама беларускіх юрыдычных асоб, у якіх доля замежнай уласнасці з «недружалюбных краін» перавышае 25%. Згодна з указам, уласнікі з «недружалюбных краін» могуць прадаць свой бізнэс, калі атрымаюць неабходны дазвол урада і выплацяць у мясцовы бюджэт збор у памеры не меншым за 25% кошту адчужанай долі, акцый і нерухомай маёмасці.
  • У студзені 2024 года ўрад прыняў пастанову № 27 у развіццё ўказа № 326. Дакументам быў зацверджаны парадак выдачы дазволаў замежным грамадзянам на продаж нерухомай маёмасці і доляў у беларускіх кампаніях.
  • У сакавіку 2024 года ўрад пастановай № 164 павялічыў падаткі для «недружалюбнага» бізнэсу. Улады вызначылі новую стаўку падатку на дывідэнды для замежных арганізацый, у якіх няма пастаяннага прадстаўніцтва ў Беларусі і чые офісы знаходзяцца ў «недружалюбных дзяржавах» — 25%. Стаўка пачала дзейнічаць ад 1 красавіка 2024 года. Да таго для многіх арганізацый яна была 15%.


Іншыя фактары ўплыву на фінансы EPAM

EPAM працягвае разглядаць у якасці аднаго з асноўных фактараў уплыву на бізнэс у Беларусі і фінансавыя аперацыі вайну ва Украіне.

Кампанія адзначае ў справаздачы, што не можа «прадказаць ход вайны ва Украіне». Пры гэтым працяглыя ваенныя дзеянні, шырокамаштабныя санкцыі і контрсанкцыі, эскалацыя вайны могуць «аказаць істотны негатыўны ўплыў на нашую дзейнасць і фінансавае становішча».

Паглядзелі, колькі грошай у кампаніі на рахунках у беларускіх банках і як змяніўся кошт актываў. 

Пры канцы мінулага года на рахунках EPAM у беларускіх банках было 38+ мільёнаў долараў у эквіваленце. Пры канцы першага квартала грошай стала менш адразу на 7 мільёнаў долараў у эквіваленце — 31 мільён долараў. Грошы патрэбныя кампаніі для фінансавання працы беларускага офіса. 

Актывы EPAM у Беларусі пры канцы мінулага года ацэньваліся ў 49,9 мільёна долараў. За першы квартал кошт актываў знізіўся амаль на 1,5 мільёна долараў да 48,5 мільёна долараў. 

Актывы EPAM у Беларусі плаўна скарачаюцца апошнія амаль тры гады. Максімальны кошт актываў за гэты перыяд быў у ліпені 2021 года — 78 мільёнаў долараў. Усяго за амаль тры гады кошт актываў знізіўся амаль 30 мільёнаў долараў (-38%).

Па кошце актываў Беларусь займае другое месца сярод асноўных лакацый.

EPAM зноў скараціў штат і чакае меншую выручку. «Складаная сітуацыя з попытам»
Па тэме
EPAM зноў скараціў штат і чакае меншую выручку. «Складаная сітуацыя з попытам»
Акцыі EPAM абваліліся пасля выхаду справаздачы
Па тэме
Акцыі EPAM абваліліся пасля выхаду справаздачы
«Веру ў кампанію, працую тут». Купілі акцыі EPAM — колькі зарабілі і страцілі
Па тэме
«Веру ў кампанію, працую тут». Купілі акцыі EPAM — колькі зарабілі і страцілі
Даведаліся, як маюцца епамаўцы ў Беларусі, Польшчы, Грузіі, Вялікабрытаніі ды іншых краінах
Па тэме
Даведаліся, як маюцца епамаўцы ў Беларусі, Польшчы, Грузіі, Вялікабрытаніі ды іншых краінах

Читать на dev.by