EPAM ацэньвае банкаўскі сектар Беларусі як нестабільны. Але сродкі на рахунках кампаніі растуць
EPAM расказаў пра актывы Беларусі і рызыкі для бізнэсу. Інфармацыя з’явілася ў справаздачы кампаніі для камісіі па каштоўных паперах і біржах ЗША.
Грошы ў банках
За другі квартал EPAM павялічыў аб’ём сродкаў на рахунках у беларускіх банках, вынікае з даных справаздачы. На канец першага паўгоддзя на рахунках кампаніі было 38,2 мільёнаў долараў у эквіваленце. За другі квартал аб’ём сродкаў вырас на 7 мільёнаў долараў.
У справаздачы EPAM адзначаецца, што банкаўскі сектар у Беларусі характарызуецца нестабільнасцю. Пры гэтым грошы патрэбныя кампаніі для фінансавання працы беларускага офіса. Кампанія кантралюе грашовыя сродкі ў банках і пры неабходнасці «размяркоўвае залішнія сродкі на рынкі з больш развітым банкаўскім сектарам па меры магчымасці».
Рызыкі для кампаніі
Між тым EPAM згадвае складанасці з размеркаваннем дывідэндаў па-за межамі Беларусі. Гэта звязана з уведзенымі беларускімі ўладамі абмежаваннямі ў красавіку 2024 года.
У справаздачы адзначаецца, што абмежаванні першапачаткова меліся дзейнічаць да канца 2025 года «і могуць перашкодзіць EPAM размяркоўваць залішнія сродкі, калі такія ёсць, па-за межамі Беларусі».
Абмежаванні па выплатах дывідэндаў
У красавіку ўрад Беларусі прыдумаў новыя абмежаванні для ўласнікаў беларускіх кампаній «з недружалюбных краін». Пастановай № 299 ад 19 красавіка замежным уласнікам з такіх краін абмежавалі магчымасць размяркоўваць прыбытак і дывідэнды. У спіс недружалюбных краін уключылі ЗША, дзе размешчаны галаўны офіс EPAM.
Як сказана ў пастанове ўрада, абмежаванне ўжываецца ў выпадку, калі сума выплачаных на працягу каляндарнага года прыбытку або дывідэндаў перавышае сукупна на ўсіх замежных уласнікаў маёмасці рэзідэнта 80 тысяч базавых велічынь. Цяпер гэта 3,2 мільёна рублёў, або каля 985 тысяч долараў.
Каб выплаціць прыбытак або дывідэнды, замежнаму ўласніку беларускай кампаніі неабходна атрымаць дазвол у мясцовых органах улады. А каб атрымаць такі дазвол, трэба выканаць шэраг патрабаванняў.
Напрыклад, у кампаніі не павінна быць страт, пратэрмінаванай запазычанасці па крэдытах, падатках і зборах.
А колькасць работнікаў у справаздачным перыядзе мае складаць не менш за 70% да ўзроўню аналагічнага перыяду мінулага года.
Таксама EPAM паказаў на іншыя рызыкі, якія ўплываюць на развіццё бізнэсу.
У прыватнасці, на дзейнасць кампаніі працягвае ўплываць вайна ва Украіне. «Працяглыя ваенныя дзеянні, шырокамаштабныя санкцыі і контрсанкцыі, эскалацыя вайны могуць аказаць істотны негатыўны ўплыў на нашую дзейнасць і фінансавае становішча», — адзначаецца ў справаздачы
Акрамя таго, у першым паўгоддзі 2024 года на дзейнасць і аперацыйныя вынікі негатыўна паўплываў нераўнамерны попыт на паслугі, заявілі ў кампаніі.
За першыя шэсць месяцаў 2024 года выручка EPAM склала 2,3 мільярда долараў, скараціўшыся на 2,9% у параўнанні з аналагічным перыядам 2023 года. Пры гэтым выручка кампаніі за другі квартал (1,14 мільярда долараў) выявілася мінімальнай для EPAM за апошнія 2,5 гады.
Як вынікае са справаздачы, асноўную выручку (57,5%) EPAM атрымлівае ў ЗША. Таксама ў топ-3 — Вялікабрытанія і Швейцарыя. На іншыя краіны, уключаючы Беларусь, прыпадае каля 12% усёй выручкі.
Кампанія не раскрывае інфармацыі па выручцы ва ўсіх краінах. За мінулы год выручка беларускага офіса кампаніі ад рэалізацыі склала 550,4 мільёна рублёў (больш за 180 мільёнаў долараў). Гэта на 42% менш, чым у 2022 годзе і на 56% менш, чым у 2021 годзе.
Актыў
На канец чэрвеня 2024 года агульны кошт актываў EPAM склаў 210,4 мільёна долараў. Ад пачатку года актывы скараціліся на больш чым 10%.
Актывы EPAM у Беларусі на канец чэрвеня 2024 года ацэньваліся ў 47,4 мільёна долараў. Ад пачатку года іх кошт знізіўся на 2,5 мільёна долараў (або на 5%).
Па кошце актываў Беларусь пакуль займае другое месца сярод асноўных лакацый.
Між тым актывы EPAM у Беларусі скарачаюцца апошнія тры гады. Максімальны кошт актываў за гэты перыяд быў у чэрвені 2021 года — 78 мільёнаў долараў. Усяго за тры гады кошт актываў кампаніі ў Беларусі знізіўся 30,6 мільёна долараў (-40%).
Читать на dev.by