ЕС выдаткаваў €387 тысяч на вечарыну ў метасусвеце. На яе амаль ніхто не прыйшоў, а потым яшчэ і раскрытыкавалі

Дэпартамент Еўрапейскай камісіі па міжнародным супрацоўніцтве распрацаваў метаверс за €387 тысяч. Платформа спатрэбілася для прасоўвання яго інвестыцыйнага плана Global Gateway, піша Devex.

3 каментарыя

Пляцоўку паказалі ў сярэдзіне кастрычніка. Яна мела прыцягнуць увагу апалітычнай моладзі 18-35 гадоў у TikTok і Instagram і дапамагчы расказаць пра тое, што ЕС робіць на міжнароднай арэне. Задумвалася, што лічбавая платформа стане месцам, дзе людзі маглі б сустракацца, разважаць пра глабальныя праблемы і як зрабіць свет лепшым. Паводле слоў прадстаўніка камісіі, яна дазваляе расказаць пра Global Gateway з дапамогай серыі гісторый у віртуальнай прасторы. Яшчэ падчас прэзентацыі супрацоўнікі падраздзялення раскрытыкавалі прамаролік і жахнуліся цане.

На праект Global Gateway, які быў запушчаны ў снежні 2021 года, будзе выдаткаваная львіная доля бюджэту на замежную дапамогу да 2027 года. У рамках яго за гэты час плануецца размеркаваць €300 млрд.

Пасля ўваходу ў метасусвет карыстальнік атрымлівае лічбавага аватара ў выглядзе рознакаляровай сашчэпкі і трапляе на трапічны востраў. Гісторыі пра дзейнасць ЕС прайграюцца на экранах у некалькіх лакацыях. Ёсць кругласутачная пляжная дыскатэка, вычварныя статуі, дэльфіны, які скачуць у паветра, дроны, якія лятаюць, з дысплеямі з мігатлівымі надпісамі «адукацыя» і «ахова здароўя», інсталяцыі з кнігамі як сімвалам ведаў, дзе можна хадзіць па вадзе, і іншыя дзівацтвы.

Сам па сабе досвед на смартфонах і на ПК выявіўся даволі некамфортным, камунікаваць з іншымі аватарамі было праблематычна. Але выпрабавалі яго нямногія: на адную з дзей 29 лістапада акрамя журналіста прыйшло прыкладна пяць чалавек.

У камісіі сказалі, што распрацоўка вялася не за кошт сродкаў, прызначаных на міжнародную дапамогу. Тым не менш інтэрнэт-карыстальнікі адзначылі, што пакуль людзі ў свеце пакутуюць ад засухі і голаду, марнаваць грошы на нешта падобнае — не зусім разумна.

Кампанія яшчэ працягваецца. Арганізатары лічаць, што судзіць пра яе паспяховасць пакуль рана.


Читать на dev.by