Без штампа ў пашпарт. Як будзе працаваць новая сістэма памежнага кантролю EES у Еўрасаюзе

10 лістапада ў ЕС мае запрацаваць сістэма памежнага кантролю EES (але тэрмін могуць зноў перанесці).

Дакладныя дэталі таго, як яна будзе працаваць, яшчэ дапрацоўваюцца. Але сістэма запатрабуе ад падарожнікаў рэгістраваць свае пашпартныя даныя і біяметрычную інфармацыю на еўрапейскіх межах у выглядзе лічбавага запісу перад уездам.

Выданне The Times падрыхтавала разбор, што гэта, як і навошта, заўважыў канал Dzik Pic.

3 каментарыя

Што такое сістэма ўезду/выезду (EES)

EES — гэта аўтаматызаваная сістэма рэгістрацыі грамадзян краін, якія не ўваходзяць у Еўрасаюз. EES будзе адсочваць уезд і выезд «грамадзян трэціх краін» у Шэнгенскую зону і з яе, замяніўшы неабходнасць штампаў у пашпарце.

Сістэма таксама будзе аўтаматычна выяўляць тых, хто перавысіў ліміт дапушчальнага кароткатэрміновага знаходжання ў Шэнгене (больш за 90/180 дзён).

Чакаецца, што сістэму ўвядуць 10 лістапада. На практыцы гэта азначае, што калі падарожнікі ўпершыню наведаюць краіну з дзейнай EES, ім трэба будзе зарэгістраваць свае пашпартныя і біяметрычныя даныя, уключаючы адбіткі пальцаў і фота.

Як правіла, гэтая інфармацыя будзе захоўвацца ў файле на працягу трох гадоў. Калі падарожнік адмовіцца яе падаць, то яму/ёй будзе адмоўлена ва ўездзе. 

Пры наступных візітах інфармацыя пра падарожнікаў будзе правярацца ў пункце ўезду і выезду. Прычым праверка стане ўключаць адзін элемент біяметрычных даных, верагодна, сканаванне твару або адбіткі пальцаў. Толькі ў рэдкіх выпадках, як заяўляе ЕС, даныя будуць збірацца зноў.

Дзе будзе дзейнічаць EES?

У 25 з 27 краін ЕС, а таксама ў Ісландыі, Нарвегіі, Ліхтэнштэйне і Швейцарыі.

Важна: EES не будзе выкарыстоўвацца ў Ірландыі або на Кіпры, дзе працягнуць праверкі «ўручную».

Як гэта наогул адбываецца?

Працэс збору даных будзе адбывацца на межах ЕС. То-бок падарожніку трэба будзе прасканаваць пашпарт у спецыяльным электронным тэрмінале самаабслугоўвання (магчыма, вы ўжо бачылі такія ў аэрапортах),

The Times піша, што Еўрапейская служба памежнай і берагавой аховы таксама працуе над спецыяльнай праграмай, якая дазволіць падарожнікам рэгістраваць свае даныя перад адпраўленнем, хоць адбіткі пальцаў па-ранейшаму прыйдзецца здымаць на межах ЕС. Але праграма, хутчэй за ўсё, не з’явіцца да запуску EES.

Ці дапаможа гэта скараціць чэргі?

Тэарэтычна гэта мае ў выніку паскорыць працэс перасячэння межаў і значна спрасціць уезд і выезд з краін ЕС. 

Таксама гэта дапаможа зэканоміць месца ў пашпарце, так як у яго не будуць ставіць штамп пры кожным перасячэнні мяжы. 

Аднак першапачаткова могуць узнікнуць дадатковыя затрымкі, паколькі пасажырам, якія ўпершыню карыстаюцца EES, прыйдзецца здаць адбіткі пальцаў і сфатаграфавацца.

І яшчэ, верагодна, падарожнікі будуць падаваць свае даныя ў спецыяльных кабінках па прыбыцці ў еўрапейскія аэрапорты, перш чым працягнуць іміграцыйны кантроль. Тэарэтычна гэта мае быць плаўнейшы працэс, паколькі тэхналогія апрацоўкі біяметрычных даных ужо ўкаранёная ў многіх буйных тэрміналах. Аднак не ўсе аэрапорты (асабліва невялікія еўрапейскія хабы) змогуць справіцца з даўжэйшымі чэргамі. Так што рыхтуйцеся па першым часе да чэргаў і паўзаў.

EES будзе працаваць сумесна з бязвізавым уездам у рамках Еўрапейскай сістэмы інфармацыі і аўтарызацыі падарожжаў (ETIAS), якая мае ўступіць у сілу ў маі 2025 года.

Неўзабаве — новыя правілы ўвозу жывёл з Беларусі ў ЕС 
Па тэме
Неўзабаве — новыя правілы ўвозу жывёл з Беларусі ў ЕС

Читать на dev.by