«Гэта вар'яцтва»: ШІ дапамог пабудаваць бізнес на $1,8 млрд з двума супрацоўнікамі
Амерыканскі прадпрымальнік Мэцью Галахер пабудаваў кампанію практычна ў адзіночку, актыўна выкарыстоўваючы інструменты штучнага інтэлекту.
Амерыканскі прадпрымальнік Мэцью Галахер пабудаваў кампанію практычна ў адзіночку, актыўна выкарыстоўваючы інструменты штучнага інтэлекту.
Амерыканскі прадпрымальнік Мэцью Галахер пабудаваў кампанію практычна ў адзіночку, актыўна выкарыстоўваючы інструменты штучнага інтэлекту.
Стартап Medvi, які працуе ў сферы тэлемедыцыны і продажу прэпаратаў для пахудзення, стаў адным з найбольш яркіх прыкладаў новай мадэлі бізнесу — з мінімальнай колькасцю супрацоўнікаў і максімальнай аўтаматызацыяй.
41-гадовы Галахер запусціў кампанію са свайго дома ў Лос-Анджэлесе, выдаткаваўшы ўсяго два месяцы і каля $20 тысяч. На старце ён выкарыстоўваў больш за дзясятак ШІ-інструментаў для распрацоўкі кода, стварэння сайта, генерацыі рэкламы, апрацоўкі кліенцкіх запытаў і аналізу бізнес-паказнікаў. Астатнія працэсы ён перадаў на аўтсорс. «Гэта не ШІ-кампанія, але я зрабіў яе з дапамогай ШІ», — сказаў Галахер.
Стартап працуе па мадэлі тэлемедыцыны: ён выкарыстоўвае платформы партнёраў, якія забяспечваюць доступ да дактароў, рэцэптаў і дастаўкі лекаў, тады як Medvi адказвае за маркетынг, інтэрфейс і прыцягненне кліентаў. Асноўны ўпор быў зроблены на прэпараты класа GLP-1, попыт на якія рэзка вырас.
ШІ адыграў ключавую ролю ў маштабаванні. Галахер выкарыстоўваў мадэлі кшталту ChatGPT, Claude і Grok для распрацоўкі і аўтаматызацыі працэсаў, а таксама Midjourney і Runway для стварэння візуальнага кантэнту. Ён таксама ўкараніў уласных ШІ-агентаў для каардынацыі сістэм.
Medvi хутка паказала рост: ужо ў першы месяц сервіс прыцягнуў каля 300 кліентаў, у другі — яшчэ 1000. Па выніках 2025 года выручка кампаніі склала $401 мільён, а ў 2026 годзе яна можа дасягнуць $1,8 мільярда. Пры гэтым у штаце ўсяго два чалавекі — сам Галахер і ягоны брат Эліёт, якога ён наняў пазней. Мэцью прызнае, што тое, што адбываецца, выглядае незвычайна: «Гэта вар’яцтва, праўда? Гэта проста вар’яцтва».
Фактычна Medvi стала прыкладам сцэнарыя, які раней апісваў кіраўнік OpenAI Сэм Альтман. Ён меркаваў, што дзякуючы ШІ з’явяцца кампаніі з мільярднай выручкай і мінімальным штатам. «Кампанія з аднаго чалавека з ацэнкай у мільярд долараў раней была немагчымай, але цяпер гэта адбудзецца», — казаў ён.
Нягледзячы на поспех, выкарыстанне ШІ суправаджалася збоямі. Напрыклад, чат-бот падтрымкі часам прыдумляў цэны або даваў некарэктныя адказы. У некаторых выпадках ён нават перанакіроўваў кліентаў наўпрост на асабісты тэлефон Галахера, што прывяло да больш чым тысячы званкоў.
Тым не менш прадпрымальнік свядома пазбягае пашырэння штату. «Калі ў мяне было 60 супрацоўнікаў, гэта толькі павялічвала выдаткі і запавольвала прыняцце рашэнняў», — адзначыў ён, успамінаючы папярэдні бізнес. Цяпер кампанія застаецца прыбытковай: у 2025 годзе чысты прыбытак склаў каля $65 мільёнаў пры маржы 16,2%. Для параўнання, у канкурэнта Hims паказнік каля 5,5%.
Галахер працягвае маштабаваць бізнес — у 2026 годзе Medvi ужо выйшла ў сегмент мужчынскага здароўя, а таксама тэстуе дастаўку здаровага харчавання і рыхтуецца да запуску прадуктаў для жаночага здароўя. Нягледзячы на эфектыўнасць мадэлі, прадпрымальнік прызнае і яе адваротны бок. «Шчыра кажучы, цяпер я хачу наняць людзей проста таму, што мне самотна», — сказаў ён.



Релоцировались? Теперь вы можете комментировать без верификации аккаунта.