Прэзідэнт Францыі абвінаваціў Маска ва ўмяшанні ў выбары ў Германіі. Бізнэсоўца крытыкуюць у розных краінах
Эманюэль Макрон абвінаваціў Ілана Маска ва ўмяшанні ў еўрапейскую палітыку, паведамляе Politico. У прамове прзідэнта Францыі перад замежнымі амбасадарамі ў панядзелак у Парыжы амерыканскі бізнэсовец прама не згадваўся, але апісанне дакладна паказвае на яго.
«Хто б мог уявіць дзесяць гадоў таму, што ўладальнік адной з найбуйнейшых сацыяльных сетак свету будзе падтрымліваць новы міжнародны рэакцыйны рух і непасрэдна ўмешвацца ў выбары, у тым ліку ў Германіі», — адзначыў Макрон.
Акрамя яго наконт Маска таксама выказваўся прэм’ер-міністр Нарвегіі Ёнас Гар Сторэ. Ён «занепакоены» тым, што Маск, маючы такі шырокі доступ да сацсетак, так «цесна залучаны» ў палітыку іншых краін. Кіраўнік МЗС Францыі Жан-Наэль Баро сёння заклікаў Еўракамісію ўвесці жорсткія меры супраць Маска.
Маска крытыкуюць за ўмяшанне ў справы Германіі і Вялікабрытаніі. Нядаўна ён падтрымаў ультраправую партыю «Альтэрнатыва для Германіі», што некаторыя палітыкі палічылі ўмяшаннем у парламенцкія выбары, якія адбудуцца тут у лютым. Таксама Маск абвінаваціў прэм’ера Вялікабрытаніі Кіра Стармера ва «ўтойванні» сэксуальных злачынстваў у краіне і назваў яго тыранам, ад якога ЗША маюць вызваліць брытанцаў, а таксама заклікаў кіраўніка партыі Reform UK Найджэла Фараджа сысці ў адстаўку.
Акрамя Еўропы, мільярдэр залазіць у справы Канады. Учора Дональд Трамп прапанаваў суседняй краіне ўвайсці ў склад ЗША ў якасці 51 штата. Прэм’ер-міністр Канады Джасцін Трудо, які нядаўна абвясціў аб адстаўцы, заявіў, што на гэта няма ніводнага шанцу. На гэта Маск адказаў, што Трудо «больш не губернатар Канады», і ягонае меркаванне нікога не цікавіць.
Читать на dev.by