ФБР узламала тэлефон падазраванага ў замаху на Трампа
ФБР заявіла, што «атрымала доступ» да тэлефона стралка. Паводле звестак ведамства, замах здзейсніў 20-гадовы Томас Мэцью Крукс, яго застрэліў супрацоўнік Сакрэтнай службы ЗША ў часе мітынгу Дональда Трампа ў Пенсільваніі 13 ліпеня.
Паводле даных The Verge, палявыя агенты бюро паспрабавалі, але не змаглі ўзламаць тэлефон у Пенсільваніі. Затым прыладу адправілі ў лабараторыю ФБР у Квантыка, штат Вірджынія. Бюро не раскрывае, як менавіта быў узламаны тэлефон і што на ім было знойдзена. Узлом тэлефона адбыўся ўсяго праз два дні пасля замаху. Эксперты па кібербяспецы адзначаюць, што гэта паказвае на ўсё большую эфектыўнасць інструментаў для ўзлому, якімі валодаюць спецслужбы.
Даследчык кібербяспекі і супрацоўнік Electronic Frontier Foundation Купер Квінцін расказаў, што праваахоўныя органы ЗША маюць у сваім распараджэнні некалькі інструментаў для здабывання звестак з тэлефонаў. «Амаль у кожным паліцэйскім упраўленні ёсць прылада пад назвай Cellebrite, якая здабывае даныя з мабільных прылад (MDTF). Таксама ў яе ёсць магчымасці разблакаваць тэлефоны», — паведаміў эксперт.
Cellebrite — ізраільская кампанія, якая дае спецслужбам падобныя інструменты для ўзлому прылад. Таксама ФБР, верагодна, мае ўласныя ўнутраныя распрацоўкі. У 2020 годзе некамерцыйная арганізацыя Uptum правяла расследаванне, у выніку якога высветліла, што больш за 2 тысячы праваахоўных органаў у ЗША могуць атрымліваць доступ да MDTF. GrayKey — адзін з самых дарагіх і прасунутых інструментаў, ён каштуе ад $15 тысяч да $30 тысяч. Яго вытворца Grayshift заявіў, што ягоная прылада Magnet GrayKey мае «поўную падтрымку» для Apple iOS 17, прылад Samsung Galaxy S24 і Pixel 6 і 7.
ФБР неаднаразова звярталася да Apple з патрабаваннем падаць звесткі з тэлефонаў падазраваных. У 2015 годзе кампанія адмовілася дапамагчы праваахоўным органам абысці шыфраванне на iPhone стралка з Сан-Бернардзіна. У 2016 годзе Apple адхіліла пастанову Федэральнага суда аб дапамозе ФБР у доступе да тэлефона стралка. Кампанія заявіла, што гэта фактычна запатрабавала б стварэнне бэкдору для iPhone. ФБР спыніла справу супраць Apple, паколькі атрымала доступ да тэлефона ад «вонкавай крыніцы». Паводле даных The Washington Post, гэта была кампанія Azimuth Security.
Читать на dev.by