Fibery падняла $5,2 млн. Дубакоў расказвае пра справы

Міхаіл Дубакоў расказаў dev.by, як знайшлі грошы, на колькі іх хопіць і што думае пра крызіс у ІТ.  Пра каманду, вядома, таксама расказаў.

11 каментарыяў

Платформа для кіравання кампаніямі Fibery абвясціла пра прыцягненне $5,2 млн у рамках раўнда A. Лід-інвестарам угоды стала ізраільская венчурная кампанія Tal Venture пры дадатковым фінансаванні з боку Altair Capital. 

Гэта другі раўнд інвеставання: летам 2021 года Fibery прыцягнула $3,1 млн ад Altair Capital на сід-раўндзе. Усяго інвестыцыі ў Fibery склалі $8,3 млн. 

Атрыманыя падчас А-раўнда сродкі Fibery накіроўвае на маркетынг і павелічэнне продажаў. 

Fibery — платформа для кіравання працоўнымі працэсамі ў невялікіх і сярэдняга памеру камандах. Заснаваная ў 2017 годзе ў Беларусі. Рэзідэнт ПВТ да сярэдзіны 2021 года. CEO і кафаўндар — Міхаіл Дубакоў, сузаснавальнік распрацоўшчыка рашэнняў для кіравання аджайл-праектамі Targetprocess (прададзеная амерыканскай Apptio ў лютым 2021 года). «Fibery — гэта выпраўленне некаторых фундаментальных памылак Targetprocess», — казаў Дубакоў у 2019-м.

У 2021 годзе Дубакоў пераехаў на Кіпр, каманда таксама пакінула Беларусь, кампанія выйшла з ПВТ і пачала працэс ліквідацыі юрыдычнай асобы. Штаб-кватэра Fibery цяпер на Кіпры.

Цяпер Fibery выкарыстоўваюць 500+ кампаній, уключна з Lemonade, Pinterest, NZX, Grundfos, Optiv і Plex. У 2022 годзе паказала двухкратны рост MRR.

Задалі Міхаілу Дубакову колькі пытанняў з нагоды добрых навін.

Ці лёгка знайшліся інвестыцыі ў крызіс?

Шчыра кажучы, было лёгка. Гэта пачалося вясной мінулага года: мы яшчэ не шукалі раўнда, але адзін наш кліент з Ізраіля пазнаёміў нас з фондам TAL Ventures. Мы адно аднаму спадабаліся, яны зрабілі добрую прапанову, і мы яе прынялі, каб не губляць часу.

Як выявілася, гэта было выдатным рашэннем. Потым доўга афармлялі ўсе дакументы і ў другой палове 2022 года закрылі раўнд. Паводле чутак, цяпер усё значна складаней. Інвестары стаіліся і чакаюць нейкіх добрых навін, але самі кажуць, што найбліжэйшыя пару гадоў іх не будзе. 

Раскажы пра дасягненні прадукту за апошні год. Наколькі задаволеныя імі?

У нас усе вынікі, планы і ўся статыстыка адкрытыя. Свайго плана на год мы не выканалі. Па росце мы хацелі $1M ARR, а атрымалася толькі $0.5M. Гэта сярэдненька, але прымальна, улічваючы стагнацыю і турбулентнасць рынкаў. Сёлета мы гераічна вырашылі фінансавыя планы не мяняць і пастарацца дабрацца да $1M. Сітуацыя ў свеце складаная, планы прыдумляць лёгка, а выконваць іх ужо не так лёгка.  

Чатыры гады таму ты дапускаў, што Fibery — гісторыя на мільярд. А як выявілася? 

Тут нічога не памянялася, і патэнцыял застаецца. Да мільярда нам яшчэ, вядома, як да Месяца, але мы рухаемся. Мільярд не з’яўляецца нашай мэтай, гэта проста можа здарыцца, а можа і не здарыцца. Нашая мэта — дапамагчы стартапам ды іншым кампаніям працаваць разумней і прыемней.  

Ты неяк называў адную з памылак Targetprocess — позна пачалі шукаць інвестыцыі. Гэтым разам своечасова? Калі выйдзеце на самаакупнасць? 

Ну, тут мы дакладна не спазніліся. Цяпер стартапы пачынаюць мяняць стратэгію. Калі раней гэта быў хуткі рост і капіталізацыя, бо раўнды было лёгка падымаць, то цяпер гэта прыбытковасць, бо раўнды падымаць цяжка. Я асабіста ніколі не разумеў і не ўмеў рабіць мадэль хуткага росту, так што мы як арыентаваліся на прыбытковасць, так і працягваем гэта рабіць. Пасля гэтага раўнда ў нас ёсць грошы на 3-4 гады, але хацелася б выйсці на самаакупнасць праз два гады.

Раскажы пра каманду: колькі чалавек і дзе яны? Як міграцыя і аддалены рэжым паўплывалі на працу? 

Цяпер у нас працуе 30 чалавек. Палова ў Польшчы, пяць чалавека на Кіпры, астатнія раскіданыя па іншых краінах. Вядома, гэта таксама паўплывала на нашую прадукцыйнасць і агульны эмацыйны фон. Стараемся жартаваць, дапамагаць Украіне і жыць, а не чакаць чагосьці. 

Аддалены рэжым працы робіць кампанію менш згуртаванай, сацыяльныя сувязі складаней фармаваць. Так што мы вырашылі два разы на год ладзіць рэтрыты на адзін тыдзень.

Першы пройдзе ўвесну на Кіпры. З іншага боку, стала прасцей шукаць людзей, бо ты абмежаваны толькі часавай зонай і англійскай мовай. Мы не асабліва задумваліся пра перабудову працэсаў пасля пераключэння ў аддалены рэжым, але цяпер сталі надаваць гэтаму больш часу.

Ці адчувае кампанія набліжэнне/ўплыў глабальнага крызісу ў ІТ?

Шчыра кажучы, пакуль не адчуваем. Але я ўпэўнены, што адчуем у другой палове гэтага года. Я думаю, частка нашых кліентаў закрыецца або скароціцца, складаней будзе знаходзіць новых, складаней будзе расці з прыстойнай хуткасцю. Ну, паглядзім, пакуль усё няблага. 

Як думаеш, што чакае глабальную ІТ-галіну ў кантэксце крызісу/рэцэсіі?

Я не бачу ніякіх фундаментальных праблем у ІТ. Пакуль гэта выглядае як невялікі крызіс на пару гадоў. Інфармацыйныя тэхналогіі ўсё яшчэ з’яўляюцца рухавіком прагрэсу, і я ўпэўнены, што нас чакаюць новыя прарывы і рост усеагульнай прадукцыйнасці найбліжэйшымі дзесяцігоддзямі. Падобна да таго, што AI-тэхналогіі нарэшце дасягаюць парога, калі іх можна выкарыстоўваць для працы ў шырокім сэнсе, а не толькі для афарбоўкі валасоў на фотках. Як гэта зменіць прадукцыйнасць людзей? Магчыма, у разы. І ўжо цяпер вельмі цікава думаць і эксперыментаваць у гэтым кірунку.

«Есть шанс превратить Fibery в компанию на миллиард долларов». Михаил Дубаков о новом продукте, «сожжённом» $1 млн и выгорании
По теме
«Есть шанс превратить Fibery в компанию на миллиард долларов». Михаил Дубаков о новом продукте, «сожжённом» $1 млн и выгорании

Читать на dev.by