«Для Flo ўсё толькі пачынаецца». Юрый Гурскі паразважаў пра новыя інвестыцыі ў аднарога
Патэнцыйны рост кампаніі фаўндар ацэньвае «ў дзясяткі разоў».
Аднарог беларускага паходжання Flo Health можа выйсці на новы раўнд інвестыцый ужо сёлета. Пра гэта распавёў у інтэрв’ю Лізавеце Асяцінскай фаўндар кампаніі Юрый Гурскі.
Разважаючы пра інвестыцыі, Гурскі згадаў самых ранніх інвестараў з Flint Capital, якія далі грошы яшчэ ў 2016 годзе па ацэнцы «мільёны два».
«Адпаведна, калі сёлета раўнд Flo будзе мільярдаў пад два, то яны зробяць тысячу іксоў», — сказаў фаундар.
На ўдакладняючае пытанне «а сёлета будзе раўнд?» Гурскі адказаў: «Калі будзе».
Ён нагадаў, што папярэдні раўнд быў па ацэнцы «крыху вышэй за юнікорна».
«Калі будзем ладзіць наступны, ён будзе ў дыяпазоне ад 2 да 3 млрд. Альбо мы яго не будзем рабіць», — дадаў Гурскі.
На пытанне, навошта яшчэ грошы, калі кампанія і так прыбытковая, ён адказаў, што «калі ў кампаніі шмат супрацоўнікаў, у яе павінна быць дастаткова сур’ёзная заначка».
Улетку 2024 года Flo Health прыцягнула $200 млн у раўндзе серыі C ад глабальнага фонду прамых інвестыцый General Atlantic. Ацэнка кампаніі пасля раўнду перавысіла $1 млрд, што, на думку самой Flo, зрабіла яе першым «чыста лічбавай» фемтэк-аплікацыяй, што стала аднарогам.
Пры гэтым фаўндар лічыць, што пры цяперашняй ацэнцы Flo знаходзіцца толькі ў пачатку сваёй гісторыі, патэнцыйна кошт кампаніі «можа быць у дзясяткі разоў большы».
«Для Flo як для кампаніі ўсё толькі пачынаецца, мы яшчэ нават не заходзілі ў глыбіню рынку», — выказаў ён упэўненасць.
Нарошчваць абароты кампанія мае намер, ахопліваючы жанчын у перыяд прэменапаўзы і менапаўзы, а таксама пашыраючы дамен у бок індустрый, звязаных з нараджэннем дзяцей. Для гэтага яна, магчыма, будзе будаваць партнёрствы (альбо купляць кампаніі, альбо ствараць уласныя) з сумежнымі бізнесамі. У якасці прыкладу Гурскі прывёў вітаміны і клінікі ЭКА.
«Калі ў цябе вялікі паток карыстальніц, ім можна прапанаваць розныя сэрвісы, — кажа ён. — Патэнцыйна мы будзем купляць нейкія кампаніі / самі іх запускаць / рабіць партнёрствы.
Найбольш відавочнае — вітаміны. Кожная другая наша амерыканская карыстальніца хоча зацяжарыць. Для гэтага патрэбныя вітаміны. Пакуль мы да гэтага не дайшлі, але гэта выглядае лагічна.
Або калі не атрымліваецца зацяжарыць — у якую клініку IVF ты пойдзеш для апладнення? І такіх мадэляў можа быць мноства. У нас шмат цяжарных у ЗША і некаторых іншых краінах. А цяжарныя і тыя, хто нарадзіў, — гэта велізарны рынак, які мы пакуль асабліва не распрацоўваем».
Гурскі таксама не выключыў набыццё канкурэнтаў — «не на позняй стадыі, калі дамовімся».
Ён таксама назваў суму чаканай выручкі ў 2025 годзе — «прыкладна 300 млн, трэба будзе ўдакладніць».
Читать на dev.by