Фатограф захацеў выдаліць свае фота з трэніровачных баз АІ — і атрымаў штраф
Нямецкі фатограф Роберт Кнешке знайшоў свае працы ў датасэце LAION, узятыя без ягонага дазволу, і запатрабаваў іх выдаліць. У адказ юрысты распрацоўшчыкаў выставілі яму рахунак за беспадстаўныя прэтэнзіі, расказвае Vice.
LAION распрацоўвае мадэлі машыннага навучання для генерацыі карцінак і збірае базы даных для іх трэніроўкі. Кнешке праз сайт Have I Been Trained? даведаўся, што мноства здымкаў з ягонага партфоліа патрапілі ў датасэты, і папрасіў выдаліць іх. Але атрымаў ад юрыстаў ліст з нечаканым адказам, які таксама быў накіраваны іншым фатографам.
У ім гаварылася, што LAION — некамерцыйная арганізацыя, якая распрацоўвае АІ-алгарытмы для простых карыстальнікаў і што яна не парушае аўтарскіх правоў або заканадаўства пра абарону даных. Акрамя таго, ейная база захоўвае не самі выявы, а толькі спасылкі на файлы, якія свабодна даступныя ў інтэрнэце. Таму, сцвярджаюць юрысты, Кнешке не меў права патрабаваць выдалення сваіх фота — распрацоўшчыкам папросту няма чаго выдаляць.
Таксама яны жадаюць атрымаць з фатографа каля $1000 у якасці кампенсацыі юрыдычных выдаткаў, панесеных іх кліентам у сувязі з неабгрунтаванай прэтэнзіяй. Пры гэтым распрацоўшчыкі працягваюць і будуць працягваць выкарыстоўваць ягоныя працы. Таксама Кнешке не мае права на інфармацыю пра тое, якія ягоныя выявы выкарыстоўваліся для навучання алгарытмаў LAION.
На выплату сумы Кнешке давалася 14 дзён, у адваротным выпадку юрысты пагражалі падаць у суд. Кнешке між тым сам падаў пазоў у рэгіянальны суд Гамбурга ў Германіі. Як адзначае Vice, прэцэдэнтаў у такой справе пакуль не было, і як вырашыцца сітуацыя, незразумела.
Читать на dev.by