Гендырэктар Lyft: продажу не плануем, але для прапаноў адкрытыя
Таксі-сэрвіс Lyft не ставіць за мэту продаж бізнэсу, але гатовы разглядаць варыянты. Пра гэта ў інтэрв’ю Bloomberg заявіў кіраўнік кампаніі Дэвід Рышэр.
У адказ на пытанне пра тое, ці гатовы Lyft да магчымага паглынання, гендырэктар даў зразумець, што такое развіццё падзей для публічнай кампаніі выключаць нельга.
Рышэр дадаў, што цяпер Lyft «не прадаецца», але «адкрыты для прапаноў». Ці ёсць да ўгоды цікавасць збоку, ён не ўдакладніў.
Як адзначае Bloomberg, раней у сакавіку, калі было анансаванае прызначэнне Рышэра на пасаду СЕО, ягоная рыторыка была іншай. Тады ён абвяргаў падобныя здагадкі.
Да Lyft Рышэр працаваў у Amazon і сваю новую пасаду заняў 17 красавіка, змяніўшы сузаснавальніка Логана Грына. Нядаўна кампанія скараціла 1072 супрацоўнікаў — 26% свайго штату, спадзяваючыся выйсці ў прыбытак і палепшыць пазіцыі ў барацьбе з Uber. Таксама супрацоўнікам загадалі зноў працаваць з офіса мінімум тры дні на тыдзень, хоць летась Lyft дазволіў ім перайсці цалкам на аддаленую працу.
Читать на dev.by