Генератыўны АІ на 14% павышае прадукцыйнасць супрацоўнікаў
Спецыялісты са Стэнфардскага ўніверсітэта і Масачусецкага тэхналагічнага інстытута правялі сумеснае даследаванне, у рамках якога вывучалі ўплыў інструментаў на базе генератыўнага штучнага інтэлекту накшталт ChatGPT на эфектыўнасць супрацоўнікаў софтвернай кампаніі са спісу Fortune 500 (яе назва не ўдакладняецца). Даследаванне было апублікаванае Нацыянальным бюро эканамічных даследаванняў ЗША.
За аснову былі ўзятыя даныя па 5179 спецыялістах тэхпадтрымкі. Тыя з іх, якія карысталіся дыялогавым АІ-асістэнтам, выявіліся на 13,8% прадукцыйнейшымі за тых, у каго памочніка не было. Прадукцыйнасць вымяралася колькасцю зваротаў, апрацаваных супрацоўнікамі за гадзіну.
Навукоўцы адзначаюць, што АІ дазваляе палепшыць адразу тры параметры: час на апрацоўку аднаго звароту, колькасць апрацаваных зваротаў на гадзіну, а таксама долю паспяхова апрацаваных зваротаў.
Пры гэтым больш за ўсё АІ павысіў прадукцыйнасць новых супрацоўнікаў і супрацоўнікаў з нізкімі навыкамі — яны працавалі на 35% хутчэй, ніж без АІ. У выпадку дасведчаных і высокакваліфікаваных кадраў эфект быў мінімальным.
Аўтары даследавання таксама прыйшлі да высновы, што праца супрацоўнікаў у пары з АІ павышае задаволенасць кліентаў, зніжае неабходнасць уцягвання менеджараў і павялічвае паказчыкі ўтрымання супрацоўнікаў.
Читать на dev.by