Кіраўнік беларускага МЗС выступіў супраць «лічбавага каланіялізму». Змагацца дапаможа ШІ
Беларусь разглядае ШІ як інструмент тэхналагічнага суверэнітэту. Такую заяву зрабіў міністр замежных спраў краіны Максім Рыжанкоў на сустрэчы прадстаўнікоў БРІКС у бразільскім Рыа-дэ-Жанэйра 6 ліпеня.
«Разглядаем штучны інтэлект як неад’емную частку тэхналагічнага суверэнітэту, выступаем супраць тэхналагічнай манапалізацыі і лічбавага каланіялізму», — адзначыў ён.
Паводле словаў Рыжанкова, БРІКС аб’ядноўвае «тэхналагічных лідэраў з вялізным навуковым патэнцыялам» і «павінен заняць актыўную пазіцыю ў фармаванні глабальных правілаў распрацоўкі і выкарыстання ШІ».
Чыноўнік таксама адзначыў, што ва ўмовах глабальнай эканамічнай турбулентнасці краіны БРІКС узялі курс на пабудову фінансавай архітэктуры, заснаванай на суверэнітэце і тэхналагічнай незалежнасці. Краіны аб’яднання гатовыя паглыбляць супрацоўніцтва ў плацежнай сферы ў розных напрамках, уключаючы пашырэнне разлікаў у нацыянальных валютах і забеспячэнне кібербяспекі плацежных сістэм. Ён дадаў, што такія ініцыятывы ўжо пераходзяць у практычную плоскасць, і Беларусь гатова зрабіць унёсак у іх развіццё.
«Мы падтрымліваем намаганні па стварэнні шматузроўневай разліковай сістэмы, якая спалучае інавацыйныя плацежныя інструменты з надзейнымі механізмамі забеспячэння. У мэтах удасканалення фінансавай інфраструктуры краін-удзельніц БРІКС, Беларусь прапануе разгледзець магчымасць інтэграцыі платформаў лічбавых валют цэнтральных банкаў па меры іх прававой і тэхнічнай гатоўнасці да інтэграцыі», — сказаў Рыжанкоў.
Таксама Беларусь хоча стаць платформай для стварэння сучасных лагістычных хабаў з выкарыстаннем перадавых тэхналогій, уключаючы блокчэйн і інтэрнэт рэчаў, для пабудовы празрыстых і эфектыўных ланцужкоў паставак.
Читать на dev.by