«Трэба вельмі правільна ўбудавацца ў гэты мэйнстрым». Кіраўнік Нацбанка хоча «прарыўных вынікаў» ад крыпты
Нацбанк падрыхтаваў праекты нарматыўных актаў па развіцці рынка крыптавалют. Пра гэта старшыня праўлення рэгулятара Раман Галоўчанка заявіў журналістам пасля даклада Аляксандру Лукашэнку аб працы банкаўскай сістэмы.
Падчас даклада абмяркоўвалася выкарыстанне крыптавалют у разліках і ў цэлым развіццё сферы. Галоўчанка нагадаў, што гэты рынак ужо функцыянуе ў краіне праз крыптаабменнікі і крыптабіржы кампаній-рэзідэнтаў ПВТ.
«Абароты па гэтых пляцоўках растуць дастаткова ўпэўнена, дэманструюць салідныя лічбы. Зразумела, што ўжо ад крыптавалют мы нікуды не сыдзем, таму нам трэба вельмі правільна і своечасова ўбудавацца ў гэты мэйнстрым», — цытуе чыноўніка sb.by.
Галоўчанка далажыў палітыку аб асноўных падыходах у рэгуляванні рынку лічбавых фінансавых актываў і адзначыў, што дэкрэт «Аб развіцці лічбавай эканомікі» час мадэрнізаваць:
«Мы бачым перспектыву не толькі непасрэдна ў рэгуляванні, для таго каб не дапусціць эканамічнай шкоды, але ў нас ёсць пэўная прапанова, якім чынам дасягнуць, так скажам, некаторых прарыўных вынікаў з пункту гледжання задзейнічання крыптавалют і лічбавых фінансавых актываў у нашай фінансавай палітыцы», — сказаў кіраўнік Нацбанка. Ён дадаў, што Лукашэнка ў цэлым падтрымаў гэтыя падыходы і што дэталі абмяркуюць у бліжэйшы час на спецыяльнай нарадзе. Галоўчанка таксама адзначыў, што ў рэгулятара гатовыя канкрэтныя праекты нарматыўных актаў па дадзеным пытанні.
Читать на dev.by