Кіраўнікі Nvidia, HP, Cognizant адказалі тым, хто прадказвае ШІ-апакаліпсіс для джуноў і ўвогуле ўсіх

СЕО Anthropic Дарыа Амадэй нядаўна заявіў, што ШІ можа знішчыць палову ўсіх офісных пазіцый пачатковага ўзроўню. Зараз з’яўляецца ўсё больш прагнозаў і страхаў наконт таго, што ШІ можа пакінуць многіх людзей без працы. Адразу некалькі айцішных топаў далі зразумець, што не варта згушчаць фарбы, піша Business Insider.

1 каментарый

Напрыклад, прагнозы Амадэя адкідае гендырэктар Nvidia Джэнсэн Хуанг.

«Я не згодны амаль з усім, што ён кажа», — сказаў Хуанг на канферэнцыі VivaTech 2025 у Парыжы. І дадаў, што кіраўнік Anthropic так палохае ўсіх штучным інтэлектам, але пры гэтым кампанія працягвае распрацоўваць ШІ і быццам толькі яна можа стварыць бяспечны ШІ.

У маі Амадэй казаў, што ШІ можа справакаваць 20%-ны рост беспрацоўя ў бліжэйшыя пяць гадоў і знішчыць працоўныя месцы ў фінансах, юрыспрудэнцыі, ІТ і кансалтынгу. Ён заклікаў урады не змяншаць пагрозу.

Хуанг больш аптымістычны. «Ці зменіць ШІ прафесіі? Усе, уключаючы маю», — сказаў прадпрымальнік. Ён лічыць, што тэхналогія сапраўды прывядзе да скасавання часткі пазіцый, але разам з тым адкрые новыя магчымасці.

Не драматызаваць імкнецца і гендырэктар 350-тысячнай ІТ-кампаніі Cognizant і былы навуковец-ядзершчык Раві Кумар. Ён сцвярджае, што ШІ створыць больш працоўных месцаў для нядаўніх выпускнікоў, а не наадварот, як лічыць Амадэй. Галоўным чынам, за кошт зніжэння парога ўваходу ў абраную прафесію: дзякуючы ШІ навічкам не трэба з самага пачатку валодаць глыбокай экспертызай, а вучыцца і павышаць кваліфікацыю яны будуць хутчэй і прасцей. Кумар кажа, што мог бы «цэлую дысертацыю» напісаць у падтрымку сваёй пазіцыі.

Таксама ён сцвярджае, што ШІ выраўноўвае супрацоўнікаў па эфектыўнасці. Гэта значыць сярод нізкапрадуктыўных ШІ павышае прадуктыўнасць больш, чым сярод высокапрадуктыўных. Напрыклад, у Cognizant прадуктыўнасць паловы найменш прадуктыўных распрацоўшчыкаў падвысілася на 37%, а паловы найбольш прадуктыўных — на 17%.

На яго думку, важнасць экспертызы са з’яўленнем ШІ-інструментаў зніжаецца, таму што яе маюць і імгненна надаюць гэтыя самыя інструменты. А роля міждысцыплінарных скілоў у людзей наадварот расце.

Таксама Кумар кажа, што па меры ўкаранення ШІ-агентаў кампаніямі інжынеры замест напісання кода для кіравання людзьмі будуць ствараць софт для кіравання агентамі. А паколькі з ШІ кампаніі могуць рабіць больш з меншымі выдаткамі, попыт на софт падвысіцца. Патрэбы кампаній зменяцца, але гэта зусім не азначае, што ім будзе патрэбна менш людзей, адзначае гендырэктар. У цэлым ён лічыць, што невядома, як усё павернецца, таму «не трэба параноі».

Таксама наконт ШІ выказаўся прэзідэнт HP Digital Services Файсал Масуд. Ён сцвярджае, што ШІ пазбавіць працы толькі тых, хто не вучыцца ім карыстацца. «Задача ШІ не замяніць вас, а дапамагчы паспяхова дзейнічаць», — адзначае ён, тлумачачы, што тэхналогія вызваляе работнікаў ад рутыны і дазваляе заняцца важным, напрыклад развіццём ідэй, якія прынясуць карысць свету. Таму ён раіць усім разабрацца, якую частку іх працы можна дэлегаваць ШІ, пастаянна вучыцца, а таксама разумець ШІ-стратэгію сваёй кампаніі.

CEO Anthropic: ШІ можа знішчыць да 50% пазіцый джуноў
Па тэме
CEO Anthropic: ШІ можа знішчыць да 50% пазіцый джуноў
Іншае меркаванне: дзякуючы вайб-кодынгу кампаніі будуць наймаць не менш, а наадварот больш
Па тэме
Іншае меркаванне: дзякуючы вайб-кодынгу кампаніі будуць наймаць не менш, а наадварот больш
СЕО Mistral: агульны ШІ — проста маркетынг. А ацэньваць «інтэлект» трэба па вось гэтай метрыцы
Па тэме
СЕО Mistral: агульны ШІ — проста маркетынг. А ацэньваць «інтэлект» трэба па вось гэтай метрыцы
«Без гэтага непрыстойна прыходзіць на рынак». Як у ПВТ укараняюць ШІ
Па тэме
«Без гэтага непрыстойна прыходзіць на рынак». Як у ПВТ укараняюць ШІ

Читать на dev.by