Айцішнікі-беларусы згадваюць, як сустрэлі вайну ва Украіне (і адзін з іх на яе пайшоў)
Знайшлі трох беларускіх айцішнікаў, якія сустрэлі 24 лютага 2022 года ва Украіне. Адзін з’ехаў таго ж дня, другі — праз амаль год, трэці прыняў рашэнне браць удзел у баявых дзеяннях, а цяпер вярнуўся да працы ў ІТ і спрабуе прызвычаіцца да «мірнага» жыцця ў Кіеве.
А тут і тут можна пачытаць, як беларусы выбіраліся з Ірпеня.
«Кампанія прапаноўвае ў Польшчу, але душой і сэрцам мы ўсё яшчэ ва Украіне»
— Мы з’ехалі з Беларусі ва Украіну ўвосень 2020 года, калі стала зразумела, што кампанія, у якой я працаваў, закрые беларускі офіс. У суме з’ехала каля 20 чалавек, але мала хто разглядаў Украіну як краіну для новага жыцця — большая частка калег зрабіла PBH-візу і яшчэ да вайны пераехала ў Польшчу.
Мы ж асталяваліся ў Адэсе: мора, сонца, неблагія бары, смачная ежа, тона морапрадуктаў за гуманныя цэны, нуль намаганняў на моўную адаптацыю. Пасля атрымання ПМЖ па квоце здавалася: аджа жыццё наладжваецца. Мы пачалі прыглядаць кватэру або дом у Адэсе/вобласці, але ўсе планы на спакойнае жыццё паламала расійскае ўварванне ў лютым 2022 года.
Першыя суткі дзеяўся хаос: банкаматы стаялі пустыя, у крамах людзі зграбалі абсалютна ўсё. Службы таксі працавалі выключна за гатоўку з нацэнкай у 70%. А мяне не пакідала адчуванне: гэта ўсё нерэальна, я выпадкова трапіў у нейкі паралельны сусвет.
У тэлеграм-каналах хадзілі чуткі, што расійскі дэсант ужо высадзіўся ў Адэсе. Калегі, што аселі ва Украіне, аператыўна рушылі ў бок Малдовы і Польшчы.
Мы таксама спакавалі валізы, але потым, добра ўзважыўшы «за» і «супраць», вырашылі не мітусіцца і застацца на месцы: на памежных пераходах на той момант ужо былі тысячы людзей, і, як паведамілі сябры, якія ехалі з Кіева ў Польшчу, да беларусаў было «асобнае» стаўленне — асабіста іх 12 гадзін прамарынавалі на пашпартным кантролі.
Праз 2 дні здавалася, што горад вымер — а 12:00 дня на маёй вуліцы з даволі інтэнсіўным рухам не было ніводнай машыны. У акрузе ўсё было закрытае, нават аптэкі і кавярні на набярэжнай. Працавала толькі пара харчовых крамаў.
Неўзабаве прыйшло ўсведамленне: калі Украіна падзе, прыйдзецца ўсё пачынаць спачатку, але ўжо на павышаным узроўні складанасці, — таму мы хутка ўключыліся, пачалі данаціць.
Паступова ў горад вярнуліся людзі, зноў запрацавалі бізнэсы, жыццё ўвайшло ў новае рэчышча — з каменданцкай гадзінай і паветранымі трывогамі начамі.
Памятаю першае «паветра»: ты хапаеш «трывожныя» заплечнікі (з ноўтам, дакументамі, вадой і кансервамі) — і бегма на падземную паркоўку пад домам. Праз тыдзень — проста спускаешся ў двор, праз месяц — калі не чуваць прылёты або СПА (а адрозніваць прылёт ад СПА навучаешся даволі хутка), то нават не выходзіш з кватэры. Толькі калі пачынае бахаць, падрываешся і ідзеш, але ўжо без панікі.
Калі пачаліся блэкаўты, адразу стала зразумела, колькі айцішнікаў жыве на раёне, бо яны збіваюцца ля тых устаноў, дзе ёсць генератары. Калі бачыш на вуліцы групу людзей з адкрытымі ноўтамі, значыць побач ёсць вайфай і разеткі. Але працаваць у атмасферы, калі на плошчы ў 1,5 квадратных метраў сядзяць 5 чалавек, мне асабіста вельмі цяжка. Плюс побач пастаянны рух — ноўт не пакінеш без нагляду і гэтак далей.
Але, вядома, без электрычнасці ў цябе няма не толькі ноўта, але яшчэ халадзільніка, пральнай машынкі, гарачай вады, калі ў кватэры бойлер, а то і любой вады — калі адключылі падстанцыю. Хутка разумееш, што жыць у такім стане — пекла для сучаснага чалавека.
Так, мы выжывалі, як маглі: запасаліся свечкамі, вадой, кансервамі і ежай, якую можна захоўваць без халадзільніка. З мясам, малаком, свежай рыбай, замарозкамі была бяда, бо святло ў крамах было толькі днём: суткі-двое — і ўвесь непрададзены тавар ішоў у сметніцу. Балазе ў крокавай даступнасці былі тры ўстановы з генератарамі, дзе можна было штосьці купіць і адразу з’есці.
Дома мы елі яйкі, бывала, і сырыя — а-ля гогаль-могаль з соллю, цвёрды сыр на хлебе — без масла, хамон, бо ён добра захоўваецца нават пры пакаёвай тэмпературы, пілі каву, калі ўдавалася паставіць імбрык у аховы ў фае параднай.
Па-сапраўднаму страшна бывала, пэўна, у часе першых прылётаў рана ранкам. Ты мозгам разумееш, што пачалося, але не разумееш, што рабіць, калі і чым гэта скончыцца. Пасля таго, як патапілі «Маскву», стала спакайней — Адэса пацярпела мінімальна, у адрозненне ад таго ж Мікалаева і нават Кіева. Таму ўжо ўвесну ўсе неяк былі на расслабоне ў плане нападаў на горад. Ну і СПА працуе без перабольшання суперова.
І тым не менш блэкаўты паўтараліся. Пасля чарговага працадаўца настойліва папрасіў куды-небудзь пераехаць. У якасці часовай лакацыі мы выбралі Грузію. Прыляцелі ў Тбілісі, і першае пытанне: ну добра, ва Украіне — вайна, але ж у вас тут што адбылося, што кожны трэці дом як пасля бамбёжкі?
Цэннік на арэнду кватэр у снежні 2022, мякка кажучы, шакаваў: мы знялі еўрадвушку за «штуку» з шыкоўным відам на дом насупраць — вокны ў вокны.
Што рабіць далей — пакуль не ведаем. Заставацца ў Грузіі надоўга мы не хочам. Кампанія прапануе рэлакацыю ў Польшчу, і, магчыма, мы скарыстаемся з гэтай опцыі, але душой і сэрцам мы ўсё яшчэ ва Украіне. Ці ўдасца туды вярнуцца — пытанне адкрытае.
«Думаў, што браць з сабой, з разліку, што ніколі не вярнуся»
— Я жыў у Львове, пераехаў туды ўвосень 2021 года. 24 лютага прачнуўся ад грукату — суседзi спешна збiралi рэчы.
Што я адчуў, калi дазнаўся прычын? Адрэналiн, але ж шоку не было, бо вайна лунала ў паветры. Страху, што зараз мой дом разбамбяць, не было, бо я яшчэ не ведаў, як гэта. Проста ўключыўся рэжым поўнай мабілізацыі арганізма.
Я адразу ж сабраў асноўныя рэчы — думаў, што браць з сабой, з разліку, што ніколі не вярнуся: мэблю, посуд, частку вопраткi так i пакiнуў там. А дзясятай гадзiне ўжо паехаў на мяжу на машыне. На шчасце, я загадзя залiў поўны бак — адчуваючы перадваеннае напружанне.
З’ехаў на працягу пары гадзін праз найбліжэйшы польскі пераход — кіеўскія да таго часу не паспелі даехаць. Ад людзей негатыўнага стаўлення наконт сваіх беларускіх нумароў не заўважаў. А вось памежнікі крыху паздзекавалiся, але прапусцілі.
У Польшчы я паехаў да сяброў. Праз нейкi час знайшоў жытло — па першасцi з iм дапамаглі знаёмыя, а потым шукаў па стандартнай схеме праз сайты, напрыклад, Otodom. Быў конкурс у дзясяткі чалавек на месца, i я гэты кастынг прайшоў разу з пятага.
«Цi прызвычаiўся я да так званага мiрнага жыцця? Не, гэта пакуль не пра мяне»
— Я прыехаў ва Украiну больш за 1,5 года таму, на пачатку жнiўня 2021 — бо была вялiкая рызыка затрымання. Пасялiўся ў Кiеве. Да таго, як Расiя ўварвалася ва Украiну, працаваў у сваёй жа кампанii — аддалена.
24 лютага пачалося з размовы — зранку патэлефанавала хатняя гаспадыня, сказала, што пачалася вайна i яна з’язджае з краiны. Пажадала: «Трымайцеся, хлопцы!» — бо я здымаў кватэру разам з сябрам, ён таксама айцiшнiк з Беларусi.
Мы з сябрам параiлiся i вырашылi пайсцi запiсацца ў тэрабарону. Адчуўшы сябе свабодным чалавекам, я больш не хацеў уцякаць — нi ад кога. Я сказаў сабе, што гэта дакладна i мая вайна — i я зраблю ўсё, каб яна скончылася нашай перамогай.
Мы правялi ў пункце збору ўвесь дзень, але нас не ўзялi — бо мы беларусы: «Як вам даць зброю?».
Увечары я патэлефанаваў аднаму знаёмаму, ён сказаў: «Ведаеш, а беларусы збiраюцца асобна». Я сабраў рэчы i наступнага ранку паехаў на тую базу.
Самае страшнае на вайне — пайсцi на яе. Усё астатняе ўжо не так пужае, як здаецца звонку, далей — гэта як звычайная праца.
Я ехаў на метро i бачыў людзей, што правялi ноч пад зямлёю — яны сядзелi на падлозе, ix дзецi спалi на матрацах.
…Мяне ўзялi — бо бралi ўсiх. Не ведаю, цi была якая верыфiкацыя, хто я такi, — можа яе ўжо потым праводзiлi. Першы час мы вучылiся. Дзесьцi праз месяц адбыўся першы выезд — у Бучу.
Ведаеце, самае цяжкае — бачыць не забiтых нават, а жывых. Тых, хто столькi дзён жыў у пекле, — iх позiркі як у сабакi, якога бiлi ўсё яго жыццё, i ён не ведае, цi верыць табе, ён наогул не можа нiкому больш верыць.
Тады ж у Бучы я ўсвядомiў: шкадаваць мёртвых не трэба, ты iм не дапаможаш, шкадаваць трэба толькi жывых — гэта формула iснавання на вайне.
Страцiць жыццё — не, для мяне гэта не самае страшнае. Ты iдзеш ваяваць за свае прынцыпы, свае iдэалы — i разумееш, што можаш загiнуць. Але ж калi нават i так, ты адчуваеш, што робiш усё правiльна, i ты не адзiн — за табой потым прыйдуць iншыя людзi. Я бачыў штодня тых, хто iдзе на смерць, — яны не баялiся, бо свабода вартая гэтага. Для мяне палон быў страшнейшы за смерць.
Самае-самае страшнае, што я бачыў на вайне, — як людзi губляюць свае дамы, а дзецi — бацькоў. Мне страшна глядзець у вочы тых, хто страцiў сваiх блiзкiх.
А самае цудоўнае — бачыць, як украiнскi народ змагаецца, як усе падтрымлiваюць адно аднаго бы адная вялiкая сям’я. Колькi тут валанцёраў!
Я сышоў на пачатку жнiўня — здароўе больш не дазваляла ваяваць. Яшчэ ў Беларусi я моцна адмарозiў ногi на Акрэсцiна, а на вайне дабiў ix.
Я вырашыў, што буду цяпер дапамагаць сваiм хлопцам так — працуючы. Дзесьцi 30% свайго заробку я аддаю iм, таксама дапамагаю грашыма вайскоўцам, якiя сышлi з прычыны кантузii або ранення.
На жаль, Украiна пакуль не ўмее пераводзiць людзей на мiрныя рэйкі. Iм трэба знайсцi сябе, уладкавацца на працу — а навокал нiкога, хто б мог дапамагчы iм, нават псiхолагаў такiх няма пакуль. Спадзяюся, з цягам часу сiтуацыя выправiцца.
Я павярнуўся на сваю ж працу — толькi ўжо ў польскi офiс. Жыву ў Кіеве.
Я вельмi ўдзячны кампанii за тое, што чакала мяне. Я ж звольнiўся ў адзiн дзень: напiсаў свайму кiраўнiку, выбачыўся, што парушаю працоўныя дамоўленасцi, i зазначыў, што пайсцi на вайну для мяне важна — гэта значыць застацца чалавекам. I ад заўтра я ўжо не працаваў.
Мой кiраўнiк пажадаў берагчы сябе.
Цi прызвычаiўся я да так званага мiрнага жыцця? Не, гэта пакуль не пра мяне. На вайне ты адчуваеш вялiкi ўзровень эмоцый, i яны вельмi чыстыя, — там кожны максiмальна аддае сябе справе. У звычайным жыццi такога няма: тут адзiн жыве для сабе, другi копiць на кватэру, трэцi вандруе…
Я ездзiў у Польшчу, калi ўладкоўваўся на працу, сустракаўся з сябрамi, глядзеў, як жывуць iншыя людзi. Пэўна, гэта нармальна, але ж я так не магу.
Читать на dev.by