«Гадамі дзёўб оўпэнсорс». Як стаць Microsoft MVP? Спыталі ў чатырохразовага ўладальніка

Microsoft MVP — гэта глабальная праграма Microsoft, якая адзначае топавых ІТ-спецыялістаў (Most Valuable Professional), якія робяць унёсак у развіццё прадуктаў кампаніі. Сярод іх ёсць і беларусы.

11 каментарыяў

Наш чытач — чатырохразовы ўладальнік звання Microsoft MVP у катэгорыі Developer Technologies. На просьбу dev.by ён расказаў, што гэта за праграма, навошта ў ёй удзельнічаць, як атрымаць статус MVP і што ён дае.

Microsoft MVP (Most Valuable Professional) — гэта праграма для тэхнароў і айцішнікаў, якія актыўна дзеляцца сваімі ведамі і дапамагаюць іншым. Калі ты займаешся open source, вядзеш блогі, праводзіш вэбінары або проста любіш дапамагаць людзям вырашаць праблемы з прадуктамі Microsoft, сардэчна запрашаем у праграму. 

Што дае ўдзел

1. Павагу і рэспект.

Атрымаць статус MVP — гэта як атрымаць знак якасці ад самога Microsoft. Усе будуць ведаць, што ты рэальна шарыш у гэтай тэме ©.

2. Кучу магчымасцяў:

— Сакрэтныя фішкі. MVP атрымліваюць доступ да закрытых бэтаў і інсайдарскіх фічаў. Ты заўсёды будзеш ведаць, што новага і крутога рыхтуе Microsoft.

— Крутыя сувязі. Пагутарыш з іншымі MVP і супрацоўнікамі Microsoft. З’явяцца класныя кантакты і новыя магчымасці для кар’еры і праектаў.

3. Навучанне і развіццё.

— Трэнінгі і вэбінары. Эксклюзіўныя трэнінгі, дзе вучаць, як быць яшчэ круцейшым у сваёй вобласці.

— Ранні доступ. Заўсёды першым даведаешся пра навінкі і зможаш іх пратэсціраваць.

4. Бонусы:

— Мерапрыемствы і тусоўкі. Можна ездзіць на сусветныя івэнты накшталт Microsoft Ignite і MVP Summit, дзе сустракаюцца найлепшыя з найлепшых. Што праўда, апошнія гады яны праходзяць у анлайн-фармаце.

— Падарункі і зніжкі. MVP атрымліваюць розныя падарункі і льготы, уключаючы ліцэнзіі на софт і зніжкі. Вось спіс ліцэнзій.

У якіх катэгорыях можна ўдзельнічаць

Іх 11:

— Developer Technologies,

— M365,

— Business Applications,

— Data Platform,

— AI Platform,

— Microsoft Azure,

— Internet of Things,

— Windows and Devices,

— Security,

— Cloud and Datacenter Management,

— Windows Development.

Як патрапіць у гэтую тусу

1. Быць актыўным. Робіш унёсак у майкрасофтаўскі open source, часта пішаш у блогу, удзельнічаеш у форумах, праводзіш вэбінары або арганізоўваеш сустрэчы? Добра, гэта тое што трэба. Сутнасць палягае ў прасоўванні Microsoft і яго прадуктаў.

2. Патрэбныя рэкамендацыі. Цябе могуць рэкамендаваць іншыя MVP або супрацоўнікі Microsoft.

Колькі беларусаў у праграме

Раней у Беларусі было, здаецца, чацвёра Microsoft MVP, а цяпер — нуль. Беларусі ў спісе краін пражывання статусных ІТ-спецыялістаў наогул не значыцца. Зрэшты, як і Расія. Мабыць, усе з’ехалі. Альбо намінаваліся ад іншых краін. Гэта ніяк не правяраецца.

Асабісты досвед

Калі коратка, то я гадамі дзёўб оўпэнсорс для Microsoft, шмат оўпэнсорсу. Вольны час я бавіў на гэта — мне проста падабалася. Наогул люблю рабіць нешта, што дапамагае іншым. Думаю, няма распрацоўшчыкаў, якія не карыстаюцца оўпэнсорсам, тыя ж React або Flutter — гэта оўпэнсорс. Прымаючы нешта ад іншых, мне хацелася чымсьці падзяліцца. Да таго ж так я знаёміўся з цікавымі людзьмі.

У праграму я трапіў у 2021 годзе з другой намінацыі. Пасля першай атрымаў фідбэк, што, нягледзячы на тое, што я шмат кантрыб’юціў у оўпэнсорс, я быў недастаткова «публічны». То-бок мала выступаў і пісаў.

Да другой намінацыі я падрыхтаваўся лепш і трапіў у праграму. Мяне запрасілі ў якасці ўдзельніка каманды ў адзін з оўпэнсорс-праектаў Microsoft. Папрацаваў у ім год ці крыху больш. Тэхналогія была той жа, што я выкарыстоўваў на працы (Xamarin), але з працай гэта ніяк не было звязана.  

Агулам я стварыў і падтрымліваю больш за 10 уласных оўпэнсорс-праектаў — у асноўным невялікіх плагінаў і UI-кантролаў. У маіх пакетаў на nuget.org больш за 2,6 млн спамповак. Акрамя таго, адзін з праектаў (ToolKit, мы рабілі яго з сябрам) стаў першай бясплатнай версіяй Hot-Reload для Xamarin. Мы зрабілі гэта раней, чым Microsoft.

Прайшло чатыры гады, і я працягваю дзяўбці оўпэнсорс, але, калі шчыра, ужо не так інтэнсіўна.

Microsoft MVP Award: уручэнне і бенефіты

MVP Award — гэта ўсё ж не «Оскар», узнагароду ад Microsoft атрымліваюць каля 4-6 тысяч чалавек на год, таму чырвонай дывановай дарожкі лаўрэатам ніхто не сцеле. Проста на імэйл прыходзіць ліст з рашэннем MVP Award Team аб тым, ці даюць вам узнагароду, ці не. Пазней матэрыяльныя падарункі прыходзяць поштай. Першы раз дасылаюць статуэтку і пярсцёнак, наступныя разы — толькі пярсцёнак, які сімвалізуе год удзелу ў праграме. Апошні раз мне прысвоілі ўзнагароду два месяцы таму, пярсцёнак прыйшоў днямі (статус выдаецца на год і пасля гэтага падаўжаецца, калі выконваюцца крытэры).

Статуэтка — шкляная і даволі важкая. «Гадавыя кольцы» — гэта насамрэч шайбы з выразамі.

Акрамя гэтага, дасылаюць сертыфікат (хоць апошнімі гадамі яны сталі электроннымі), картку MVP і розныя дробязі. Мне дарылі брэндзіраваны заплечнік, талстоўку, значкі і налепкі. Плюс адкрываецца доступ да MVP-партала і розных бенефітаў.

Але галоўнае, што дае ўзнагарода, — знаёмства з вялікай колькасцю прафесіяналаў і проста добрых людзей. 

І мой цяперашні працадаўца, па сутнасці, знайшоў мяне праз рэферэнс чалавека, які актыўна карыстаўся маімі NuGet-пакетамі.

Не ведаю, ці дапамагае статус MVP у працаўладкаванні. Напэўна, гэтак жа, як залатая медаль дапамагае паступіць ва ўніверсітэт. Гэта своеасаблівы кручок, каб завастрыць увагу. У рэзюмэ ён, вядома, не перашкодзіць.

Хутчэй статус MVP добры сваімі сайд-эфектамі:

— новыя знаёмствы;

— прапампоўка персанальнага брэнда;

— прапампоўка гітхаба.

Зрэшты, усё гэта можна атрымаць і без статусу. То-бок узнагарода MVP гэта не штосьці такое, што дае прывілеі самое па сабе. Гэта проста спосаб Microsoft сказаць «Дзякуй».

Три компании — 0 офферов. История программиста, который уволился ради FAANG
По теме
Три компании — 0 офферов. История программиста, который уволился ради FAANG

Читать на dev.by