Godel — у Польшчы, EPAM — у Індыі і Калумбіі. Дзе адкрылі новыя офісы ІТ-кампаніі з топ-50
ІТ-кампаніі з беларускімі каранямі працягваюць адкрываць новыя офісы за мяжой. Паглядзелі, дзе за апошнія паўгода адкрылі новыя падраздзяленні кампаніі з топ-50.
EPAM — Індыя і Калумбія
У красавіку ў EPAM з’явіўся новы офіс у Індыі — у горадзе Гургаан. Усяго ў кампаніі на дадзены момант адкрыта пяць падраздзяленняў у гэтай краіне.
EPAM разглядае Індыю як адную з перспектыўных лакацый для развіцця кампаніі. Тут знаходзіцца трэцяя паводле колькасці каманда пасля Украіны і Польшчы. За мінулы год штат індыйскага офіса вырас на 35 працэнтаў. Цяпер тут працуе каля 6 тысяч спецыялістаў. Найбліжэйшымі гадамі EPAM, паводле слоў кіраўніка кампаніі Аркадзя Добкіна, плануе павялічыць каманду ў Індыі ў два разы.
На сайце кампаніі цяпер адкрыта каля 100 вакансій для працы ў Індыі. Напрыклад, для працы ў Польшчы адкрытых вакансій менш (73).
Таксама ў красавіку EPAM абвясціў пра адкрыццё першых офісаў у Калумбіі адразу ў двух гарадах — Багаце і Медэльіне.
У 2021 годзе EPAM купіў калумбійскую S4N, якая распрацоўвае софт для найбуйнейшых у свеце рознічных сетак, страхавых і авіякампаній. У кампаніі растлумачылі, што ўгода звязаная з планамі пашырыць сваю прысутнасць у Паўночнай і Паўднёвай Амерыцы.
— Лацінская Амерыка хутка ператвараецца ў адзін з найцікавейшых у свеце тэхналагічных цэнтраў і месцаў для тэхнічных талентаў, якія растуць. Дзякуючы прысутнасці кампаніі ў Мексіцы, пераезд EPAM у Калумбію ўмацуе яе пазіцыі ў якасці тэхналагічнага лідара, — адзначылі ў кампаніі.
На сайце кампаніі адкрытыя 40+ вакансій для працы ў Калумбіі.
iSsoft — Грузія
Увосень мінулага года iSsoft адкрыла два офісы ў Грузіі — у Тбілісі і Батумі. Паводле інфармацыі кампаніі, грузінская каманда пачала фармавацца яшчэ на пачатку вясны 2022. На працягу паўгода кампанія арандавала для супрацоўнікаў месцы ў каворкінгах.
Адзначым, што за месяц да афіцыйнага адкрыцця новых офісаў Coherent Solutions (мацярынская кампанія) прыняла рашэнне на паўгода замарозіць перагляд заробкаў. Пра гэта супрацоўнікам паведаміў CEO і заснавальнік Ігар Эпштэйн. Рашэнне закранула ўсе падраздзяленні ўнутры кампаніі, а таксама ўсе лакацыі.
Andersen — Венгрыя, Азербайджан, Вялікабрытанія
За апошнія паўгода кампанія Andersen пашырыла геаграфію сваёй прысутнасці. Пры канцы 2022 года ў кампаніі з’явіўся першы офіс у Венгрыі (у Будапешце), а сёлета ў Азербайджане (у Баку).
Таксама Andersen адкрыла офіс у Лондане. «Адкрыццё новага офіса ў Вялікабрытаніі — гэта выдатная магчымасць быць яшчэ бліжэйшымі да сусветных цэнтраў прыняцця рашэнняў. Акрамя таго, гэта вялікі крок для нашай кампаніі, які дапаможа ўмацаваць пазіцыі Andersen на сусветным рынку і пашырыць сваю глабальную прысутнасць», — пракаментавалі ў кампаніі адкрыццё офіса.
Godel — Польшча
Сёлета ў Godel з’явіўся офіс у Беластоку. На дадзены момант у камандзе каля 170 спецыялістаў.
Гэта ўжо чацвёрты офіс, які кампанія адкрыла за апошнія два гады ў Польшчы. Першы офіс быў адкрыты ў Лодзі ў красавіку 2021 года, таксама ў кампаніі ёсць падраздзяленні ў Гданьску і Уроцлаве.
Godel разглядае Польшчу як асноўную лакацыю для развіцця кампаніі. Таму цяпер тут, а не ў Беларусі, працуе асноўная каманда — каля 1400 супрацоўнікаў (з 2000 ва ўсіх лакацыях). Многія рэлакаваліся з РБ. «У Беларусі засталіся тыя, хто даўно працуе ў кампаніі і не плануе пераезду», — расказваюць супрацоўнікі кампаніі.
Зрэшты, нягледзячы на планы развіцця і пашырэння каманды Godel Technologies найбліжэйшымі двума месяцамі скароціць свой штат, у прыватнасці ў Польшчы. Паводле слоў супрацоўнікаў, праз дэфіцыт праектаў і вялікага бэнчу Godel нясе страты і вымушаная рэагаваць на сітуацыю.
Sam Solutoins — Польшча
У снежні мінулага года Sam Solutoins заявіла пра пашырэнне сваёй прысутнасці ў Еўропе і адкрыццё цэнтра распрацоўкі ў Польшчы — у Варшаве.
— Гэта важны крок на шляху да ўкаранення размеркаванай мадэлі распрацоўкі і павышэння незалежнасці нашых рэгіянальных падраздзяленняў. Мы ствараем камфортныя ўмовы працы для кліентаў з розных рэгіёнаў, забяспечваем гнуткае рэагаванне на разнастайныя выклікі і пашыраем стратэгію падбору персаналу, — пракаментавалі ў кампаніі адкрыццё офіса.
Пры канцы года ў польскім офісе Sam Solutoins працавала каля 40 супрацоўнікаў.
SOFTSWISS — Польшча
Кампанія SOFTSWISS адкрыла сёлета другі офіс у Польшчы — у Варшаве (першы з’явіўся два гады таму ў Познані).
Цяпер у Польшчы працуе каля 400 спецыялістаў (з 1400 ва ўсіх лакацыях), з іх каля 100 — у варшаўскім офісе. У кампаніі заявілі, што Польшча працягвае заставацца прыярытэтным рынкам для наймання новых супрацоўнікаў.
Калі вам вядома пра іншыя офісы беларускіх кампаній, якія адкрыліся за апошнія паўгода — пішыце нам у бот.
dev.by, як і іншым сумленным медыя, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе па-за межамі краіны, а нашыя рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў.
Але мы даем рады — з вашай дапамогай. Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, думкамі, досведам, часам і ўвагай. А 170 чытачоў падтрымліваюць нас данатамі. У 2023 годзе мы хочам сабраць 1000 чытачоў-падпісчыкаў.
Дапамагчы нам можна праз Patreon.
І яшчэ крыптой, тут гаманцы.
Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.
Читать на dev.by