Google прэзентавала смартфоны Pixel 10

Кампанія паказала юбілейную лінейку смартфонаў Pixel 10 і некалькі аплікацый да экасістэмы. Акрамя трох класічных мадэляў Google прэзентавала абноўлены складаны смартфон, а таксама разумны гадзіннік Pixel Watch 4 і навушнікі Pixel Buds 2a.

Пакінуць каментарый

Pixel 10

Смартфон захаваў пазнавальны дызайн мінулагодніх мадэляў, але атрымаў прыкметнае абнаўленне камер. Цяпер у базавай версіі ёсць трайны модуль: 48-мегапіксельная шырокавугольная камера, звышшырокавугольная на 13 МП і 10,8-мегапіксельны тэлеаб’ектыў з аптычнай стабілізацыяй выявы і пяцікратным аптычным зумам. Франтальная камера — 10,5 МП.

Экран стаў ярчэйшым, а гук больш насычаным дзякуючы перапрацаванаму верхняму дынаміку. Працу прылады забяспечвае новы чып Tensor G5, які робіць смартфон хутчэйшым і ўзмацняе ўбудаваныя функцыі штучнага інтэлекту. У базавай мадэлі 12 ГБ аператыўнай памяці і 128 ГБ ці 256 ГБ сховішча. Кошт мадэлі складзе $799.

Pixel 10 Pro і Pixel 10 Pro XL

Мадэлі вонкава мала адрозніваюцца ад папярэднікаў, але ўнутры ёсць сур’ёзныя апгрэйды. Галоўнае новаўвядзенне — сістэма Pro Res Zoom, якая дазваляе здымаць фота са 100-кратным павелічэннем. Для гэтага выкарыстоўваецца не толькі шматкадравая апрацоўка, але і генератыўны ШІ, які запаўняе дэталі выявы, якіх не хапае. Гэтыя мадэлі таксама сталі першымі Pixel са здымкай відэа ў фармаце 8K, дапоўненай воблачнай апрацоўкай Video Boost.

Pro-версіі атрымалі больш яскравыя экраны з дынамічнай частатой ад 1 да 120 Гц і палепшаныя стэрэадынамікі. Асобна стаіць Pixel 10 Pro XL: ён падтрымлівае звышхуткую бесправадную зарадку Qi2 магутнасцю 25 Вт і здольны аднавіць 70% энергіі ўсяго за паўгадзіны.  Pro мае 16 ГБ аператыўнай памяці і сховішча на 128 ГБ, 256 ГБ, 512 ГБ ці 1 ТБ. Pro XL атрымаў 16 ГБ аператыўнай памяці і 256 ГБ, 512 ГБ і 1 ТБ убудаванай. Мадэль Pro стартуе з $999 за версію са 128 ГБ убудаванай памяці. Кошт Pro XL пачынаецца ад $1 199 за версію з 256 ГБ памяці.

Pixel 10 Pro Fold

Яшчэ адна навінка — складаны смартфон з вонкавым 6,4-цалевым Actua-экранам і унутраным дысплеем Super Actua з дыяганаллю 8 цаляў. Вонкавы экран стаў кампактнейшым за кошт зменшаных рамак, а вялікі ўнутраны дысплей падтрымлівае новыя магчымасці шматзадачнасці: вокны праграм можна змяняць па памеры, хаваць іх збоку ці перацягваць выявы. У адрозненне ад мінулагодніх мадэляў, смартфон атрымаў абарону стандарту IP68 ад вады і пылу, а таксама новы шарнір без шасцярэнак, разлічаны на больш чым дзесяцігоддзе актыўнага выкарыстання. Пры гэтым камеры Fold саступаюць Pro-мадэлям: тут няма 8K-здымкі і фірмовага Pro Res Zoom. Кошт прылады складзе $1799.

Pixel Watch 4

Калі раннія мадэлі гадзінніка немагчыма было рамантаваць, то цяпер карыстальнікі змогуць самастойна замяніць экран ці акумулятар, замовіўшы дэталі праз iFixit. Прылада прадстаўлена ў двух памерах — 41 і 45 мм. Гадзіннік атрымаў больш яскравыя экраны і новы працэсар, які павялічвае час аўтаномнай працы. Зарадка стала істотна хутчэйшай: да 50% за 15 хвілін. Акрамя таго, цяпер для зносін з галасавым асістэнтам Gemini не патрабуецца вымаўляць ключавую фразу — дастаткова падняць запясце. Гадзіннік з экранам 41 мм каштуе ад $349, з 45 мм — ад $399.

Pixel Buds 2a

Гэта самыя кампактныя і лёгкія навушнікі Google. Яны атрымалі сістэму стабілізацыі, якая забяспечвае надзейнае мацаванне ў вуху, і актыўнае шумападаўленне. Час працы складае 7 гадзін пры ўключаным ANC і да 20 гадзін разам з кейсам. Важнае новаўвядзенне: батарэя ў кейсе цяпер замяняльная, што робіць прыладу больш даўгавечнай. Падтрымка Bluetooth multipoint дазваляе падключацца адразу да некалькіх прылад, а функцыя Find Hub дапамагае знайсці згубленыя навушнікі. Кошт навінкі — $129.

Магнітная зарадка

Яшчэ адзін ключавы апгрэйд — падтрымка Qi2 магнітнай бесправадной зарадкі. У корпус навінак убудаваны магніты, што робіць смартфоны сумяшчальнымі з аксесуарамі MagSafe ад Apple. Pixel 10 Pro XL стаў першым Android-смартфонам з падтрымкай паскоранага Qi2-зараду магутнасцю 25 Вт. Разам з тэлефонамі Google прэзентавала ўласную лінейку аксесуараў пад брэндам PixelSnap — чахлы, зарадкі і падстаўкі.

Google разработала специальный шрифт для программистов
Па тэме
Google разработала специальный шрифт для программистов
Google запустила ИИ-конструктор приложений
Па тэме
Google запустила ИИ-конструктор приложений
Google прэзентавала бясплатнага ШІ-агента для кодэраў
Па тэме
Google прэзентавала бясплатнага ШІ-агента для кодэраў

Читать на dev.by