NYT: Google просіць дапамогі ў Сяргея Брына і Лары Пэйджа ў барацьбе з ChatGPT
Кіраўніцтва кампаніі зладзіла колькі сустрэч з заснавальнікамі Google Лары Пэйджам і Сяргеем Брынам у снежні 2022 года.
Паводле даных крыніцы The New York Times, на сустрэчах абмяркоўвалі чат-бот ChatGPT ад OpenAI — канкурэнта, які можа стаць пагрозай пошукаваму бізнэсу Google. На сустрэчы Пэйдж і Брын прапанавалі перагледзець стратэгію Google у галіне штучнага інтэлекту і ўкараніць функцыю чат-бота ў пошук. Таксама заснавальнікі кампаніі параілі кіраўнікам падраздзяленняў прыярытызаваць АІ ў сваіх планах.
Выданне адзначае, што Пэйдж і Брын адышлі ад кіраўніцтва Alphabet у 2019 годзе і ад тых часоў не ўмешваліся ў справы кампаніі. Яны дазволілі Сундару Пічаі кіраваць Google, пакуль самі займаліся іншымі праектамі. Раней пры канцы 2022 года Google абвясціла «чырвоны код» унутры кампаніі, бо кіраўнікі занепакоеныя магчымасцямі ChatGPT і пачалі абмяркоўваць стратэгію развіцця АІ-прадуктаў, каб стварыць канкурэнта тэхналогіі ад OpenAI.
Крыніца выдання сцвярджае, што Google збіраецца паказаць у 2023 годзе больш за 20 новых прадуктаў і версію сваёй пошукавай сістэмы з функцыямі чат-бота. Сундар Пічаі спрабаваў запусціць паскораны працэс праверкі прадуктаў з АІ-тэхналогіямі, і кампанія гатовая ісці на рызыку пры выпуску новых тэхналогій у свет.
Читать на dev.by