Google падзеляць на колькі частак? Што вядома пра план Мінюста ЗША
Рэгулятар прапанаваў свой план абмежавання дамінацыі Google на рынку, уключаючы магчымы раздзел кампаніі. Разбіраемся, што прапаноўвае амерыканскі ўрад.
Ведамства паказала федэральнаму суддзі акругі Калумбія Аміду Мехта прапановы аб тым, як прадухіліць злоўжыванні кампаніі сваёй манаполіяй. Усяго Мінюст прапаноўвае чатыры віды сродкаў прававой абароны супраць антыканкурэнтных паводзін Google. Дакумент уключае патрабаванні адмовіцца ад укладання эксклюзіўных кантрактаў з партнёрамі кампаніі, скасаваць правілы, што дыскрымінуюць канкурэнтаў, а таксама змяніць структуру бізнэсу. Апошняе — самае радыкальнае з прапаноў ведамства.
У жніўні суд прызнаў Google манапалістам у індустрыі анлайн-пошуку: кампанія захапіла каля 90% рынку, а таксама кантралюе значную частку рынку інтэрнэт-рэкламы і прыкладае намаганні па захаванні сваёй манаполіі. Пашукавік Google перадусталяваны на многіх смартфонах і з’яўляецца сэрвісам па змаўчанні ў большасці сучасных браўзераў.
Мінюст настойвае, што сур’ёзныя перавагі Google шкодзяць рынку пошуку: кампанія пастаянна ўмацоўвае сваю дамінацыю. Па сутнасці, чым больш запытаў атрымлівае пошукавая сістэма, тым хутчэй яна ўдасканальваецца. Паколькі канкурэнты Google не маюць такога ж доступу да каналаў распаўсюджвання інфармацыі, манапаліст значна ўскладняе развіццё альтэрнатыўных прадуктаў і стварае антыканкурэнтнае асяроддзе на рынку.
Рэгулятар звярнуў увагу на распаўсюджаную практыку Google укладаць эксклюзіўныя пагадненні з іншымі кампаніямі для прасоўвання свайго бізнэсу. У прыватнасці, гаворка ідзе аб шматгадовым пагадненні паміж Google і Apple, якое абавязвае апошнюю падаваць пашукавік па змаўчанні ў сваіх сэрвісах, у тым ліку ў браўзеры Safari. Паводле звестак СМІ, Google штогод плаціць за гэта Apple дзясяткі мільярдаў долараў, летась яна заплаціла $26 мільярдаў.
«Канкурэнты не могуць змагацца за гэтыя каналы распаўсюджвання, паколькі манапольна фінансаваныя выплаты Google пазбаўляюць яе партнёраў стымулу накіроўваць запыты канкурэнтам Google», — адзначылі ў міністэрстве.
Ведамства таксама занепакоенае развіццём генератыўнага АІ. У гэтай галіне, сцвярджае абвінавачванне, большая частка ўлады Google звязаная са зборам даных з сайтаў, якія знаходзяцца ва ўразлівай перамоўнай пазіцыі. Яны вымушаныя супрацоўнічаць з манапалістам, баючыся быць выключанымі з пошукавай выдачы. Мінюст разглядае магчымасць укаранення механізму, які дазваляў бы сайтам адмаўляцца ад збору даных для АІ, застаючыся ў пошуку.
Выхад з гэтай сітуацыі, на думку рэгулятара, — гэта паспрабаваць «кампенсаваць» перавагу Google, прымусіўшы манапаліста зрабіць пэўную інфармацыю і аспекты свайго прадукту даступнымі для канкурэнтаў. Гэта могуць быць даныя алгарытмаў, функцый з выкарыстаннем штучнага інтэлекту, прынцыпаў ранжыравання, якія прымяняе Google у пошукавай сістэме і г. д.
Нарэшце, Міністэрства можа падаць хадайніцтва аб прымусовым падзеле кампаніі. Гэтае рашэнне прадугледжвае продаж самых прыбытковых падраздзяленняў --Google Play, Android і Chrome. Таксама Мінюст прапаноўвае забараніць Google інвеставаць у іншыя пошукавыя сэрвісы і прадукты-канкурэнты, даць рэкламадаўцам больш кантролю над адлюстраваннем рэкламы і магчымасць адмовіцца ад удзелу ў праектах кампаніі, звязаных з АІ. Акрамя таго, чыноўнікі разглядаюць магчымасць прымусовага продажу AdWords: платформы, якую кампанія выкарыстоўвае для продажу тэкставай рэкламы.
«Гэты крок можа стаць першай спробай Вашынгтона пакараць кампанію за незаконную манапалізацыю пасля няўдалых спробаў разваліць Microsoft Corp. два дзесяцігоддзі таму. Менш жорсткія варыянты ўключаюць прымус Google дзяліцца вялікім аб’ёмам даных з канкурэнтамі і меры, якія не дазволяць ёй атрымаць несправядлівую перавагу ў АІ-прадуктах», — расказалі Bloomberg крыніцы ў Міністэрстве на ўмовах ананімнасці.
У кампаніі лічаць, што гэтыя змены «выходзяць далёка за рамкі прававога рашэння суда аб кантрактах на распаўсюд пошуку». «Празмернае ўмяшанне ўрада ў хуткарослую галіну можа мець негатыўныя ненаўмысныя наступствы для амерыканскіх інавацый і спажыўцоў Амерыкі», — сказана ў прэс-рэлізе кампаніі. Юрысты Google ужо рыхтуюць апеляцыю на жнівеньскае рашэнне Мехта аб прызнанні манаполіі.
Для IT-індустрыі патэнцыйны падзел Google можа стаць першай ад 1980-х гадоў і найбуйнейшай ліквідацыяй манапаліста. Апошні раз такое адбывалася 40 гадоў таму, калі была падзеленая манаполія AT&T. 20 гадоў таму амерыканскі ўрад спрабаваў падзяліць Microsoft, але кампаніі ўдалося пазбегнуць гэтага за кошт адмовы ад эксклюзіўных пагадненняў і забавязанняў даць больш свабоды канкурэнтам.
Читать на dev.by